Перайсці да зместу

Заходнепалеская мікрамова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Заходнепале́ская мікрамо́ва — усходнеславянская перыферыйная малая літаратурная мова (мікрамова) згодна з класіфікацыяй, прапанаванай мовазнаўцам Аляксандрам Дулічэнкам[1]. Заходнепалеская мікрамова заснавана на аднайменным дыялекце, які ў генетычных адносінах сінтэзуе ў сабе рысы беларускага і ўкраінскага тыпу[2].

Спроба кадыфікацыі заходнепалескай мікрамовы была прадпрынятая ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў высілкамі філолага Міколы Шэляговіча[1], які, аднак, грунтаваўся на маргінальнай псеўдагістарычнай тэорыі паходжання палешукоў ад балцкага племені яцвягаў і стварыў адарваны ад рэальнасці праект[3]. Праект не атрымаў шырокай грамадскай падтрымкі і спыніў развіццё ў сярэдзіне 1990-х гадоў[1].Перайсці да раздзела «Праект Шэляговіча»

Філолаг А. Дз. Дулічэнка адносіць заходнепалескую малую літаратурную мову (мікрамову у ранейшай класіфікацыі)[1] да перыферыйнага тыпу[2]. Такія мікрамовы функцыянуюць у асяроддзі культурна-моўных груп, якія існуюць у межах перыферыйнага (этнічнага) арэала і вылучаюцца толькі мясцовымі асаблівасцямі культурна-гістарычнага і дыялектнага характару. За большасцю такіх мікрамоў стаяць не асобныя нацыі, а культурна-моўныя групы, якія з’яўляюцца адгалінаваннямі ад буйных славянскіх этнасаў-нацый[2].

Тэарэтычныя перадумовы

[правіць | правіць зыходнік]

Дыялекты Заходняга Палесся ўяўляюць сабой шырокую архаічную зону пераходных гаворак. Яшчэ ў 1928 годзе беларускі мовазнавец П. А. Бузук у працы «Спроба лінгвістычнае геаграфіі Беларусі» сфармуляваў тэорыю, згодна з якой фарміраванне асобнай мовы залежыць ад наяўнасці «цэнтра палітычнай і культурнай арганізацыі». П. Бузук адзначаў:

" Калі б чамусьці цэнтр палітычнай і культурнай арганізацыі з'явіўся б недзе ў Палессі, бясспрэчна, на тэрыторыі пераходных беларуска-ўкраінскіх гутарак утварылася б і новая палеская мова.
"

Аднак, паколькі гістарычна такія цэнтры ўзніклі далёка на поўначы (Мінск, Вільня) і на поўдні (Кіеў), мясцовыя гаворкі апынуліся падзеленымі паміж дзвюма суседнімі літаратурнымі мовамі[4][5].

Гісторыя пісьменства

[правіць | правіць зыходнік]

Рэдкія прыклады нерэгулярнага пісьмовага прымянення мясцовых гаворак адзначаны на Палессі ўжо ў XVI і XVII стагоддзях. Украінска-канадскі гісторык Багдан Струміньскі адзначаў пінскія дыялектныя рысы ў палітычным памфлеце «Прамова Мялешкі» (1610-я гады)[6]. У XIX стагоддзі на палескай гаворцы пісаў вершы Франц Савіч, пазней — Мікола Янчук. Арыгінал фарса-вадэвіля «Пінская шляхта» (аўтарства якога прыпісваецца Вінцэнту Дуніну-Марцінкевіча), таксама напісаны на палескай гаворцы[крыніца?]. У 1901 годзе асобныя палескія словы і фразы выкарыстаў у сваім апавяданні «Срэбны воўк» Аляксандр Купрын. У 1907 годзе з’явіўся першы друкаваны палескі буквар (лемантар) лацінскім шрыфтам — «Rusinski lemantar»[2].

З 1957 года даследаваннем гаворак Заходняга Палесся і зборам фальклору пачаў актыўна займацца беларускі лінгвіст Фёдар Клімчук. Ён пераклаў на заходнепалескую гаворку (з выкарыстаннем стандартнага беларускага алфавіта) творы Гамера, Льва Талстоя, Мікалая Гогаля, а ў 2017 годзе выдаў пераклад Новага Запавету[7].

Праект Шэляговіча

[правіць | правіць зыходнік]

Праект літаратурнай нормы, прапанаваны філолагам Міколам Шэляговічам, грунтаваўся на маргінальнай псеўдагістарычнай тэорыі паходжання палешукоў ад балцкага племені яцвягаў. Створаны моўны канструкт быў перанасычаны неалагізмамі і архаізмамі, моцна адарваны ад жывых народных гаворак, з-за чаго не быў прыняты ні навуковай супольнасцю, ні самімі жыхарамі Палесся[3].

У рамках праекта па кадыфікацыі Шэляговіча выкарыстоўваліся розныя назвы: заходышнополіська лытырацька волода (заходнепалеская літаратурная мова), русыньско-поліська волода (русінска-палеская мова), поліська мова (палеская мова), јітвјежа волода (яцвяжская мова)[2]. Самі мясцовыя жыхары пры ідэнтыфікацыі сваёй гаворкі часцей за ўсё выкарыстоўваюць азначэнні паводле населенага пункта (напрыклад, «мотальская», «моладаўская») або абагульнены варыянт «па-нашаму», «па-свойму»[8].

У 1988 годзе было створана грамадска-культурнае аб’яднанне «Полісьсе» і пачалася распрацоўка пісьмовай нормы. У 1990 годзе прайшла ўстаноўчая канферэнцыя, на якой абмяркоўвалася стварэнне пісьмовай палескай мовы. Апорнымі гаворкамі лічыліся паўднёваянаўскія (паўднёвая частка Іванаўскага і паўднёвы захад Пінскага раёнаў).

Ідэалогія і тэрміналогія

[правіць | правіць зыходнік]

Для абгрунтавання самастойнасці мовы ідэолагі праекта звярнуліся да пошуку ўласнага этнагенетычнага «кораня», адрознага ад беларускага і ўкраінскага. Абапіраючыся на гіпотэзы некаторых даследчыкаў (У. Тапарова, Г. Хабургаева) пра тое, што славянская мова магла ўтварыцца як дыялект старажытнабалцкай, М. Шэляговіч сцвярджаў, што продкамі палешукоў з’яўляецца балцкае племя яцвягаў, якое не знікла, а славянізавалася, захаваўшы сваю моўную аснову («балцкі міф»)[5].

У працэсе пошуку назвы для мовы выкарыстоўваліся розныя штучныя канструкты[5]:

  • «Яцвяжская рэмза» — першапачатковая назва, прапанаваная ў 1982 годзе. Слова «рэмза» (у значэнні «мова») было ўтворана М. Шэляговічам ад палескага дзеяслова рэмзаць (плакаць, румзаць, прасіць), што было яго аўтарскай інтэрпрэтацыяй экспрэсіўнай лексікі[5].
  • «Валода» (ці jітвjежа волода) — тэрмін, які ўзнік у выніку пераасэнсавання дзеяслова валодаць (мовай) пад відавочным уплывам латышскага слова valoda («мова»)[5].
  • «Русінская мова» — выкарыстоўвалася ў 1987 годзе, адсылаючы да гістарычнага палітоніма.

Урэшце ў 1990-я гады замацавалася назва «jітвjeжа лытырацька мова» (заходнепалеская літаратурная мова).

Моўная база і практыка

[правіць | правіць зыходнік]

У аснову літаратурнага стандарту былі пакладзены паўднёваянаўскія гаворкі (паўднёвая частка Іванаўскага і паўднёвы захад Пінскага раёнаў). Алфавіт грунтаваўся на кірыліцы з увядзеннем спецыфічных літар: «ј» (й), «ґ» (выбухны г), «и» (сярэдні гук паміж і/ы)[5].

Шэляговіч сцвярджаў, што ў Вялікім Княстве Літоўскім менавіта «яцвяжская мова» была дзяржаўнай, і канструяваў новую мову шляхам штучнага ўкаранення неалагізмаў і архаізмаў. Паводле яго ўласных слоў, пры наяўнасці сінонімаў у якасці галоўнага слова спецыяльна бралася тое, якое адсутнічала ў суседніх мовах (беларускай і ўкраінскай). У выніку створаны ім варыянт аказаўся адарваным ад рэальнасці і незразумелым нават для мясцовай інтэлігенцыі[3].

Палескі моўны арэал паводле газеты «Балесы Полісься»

На новастворанай мове ў 1988—1990 гадах выходзілі ўкладышы «Балесы Полісся» ў газеце «Чырвоная змена», а ў 1990—1995 гадах — газета «Збудінне». У 1992 годзе выйшла кніга шахматных мініяцюр Сцяпана Давыдзюка «Јітвежа шахова мынятюра».

Найбольшую мастацкую вартасць мелі апублікаваныя паэтычныя творы, якія арганічна адлюстроўвалі ментальнасць палешукоў. Аднак публіцыстычныя і навуковыя тэксты выклікалі цяжкасці ва ўспрыманні[5].

Рух Шэляговіча сутыкнуўся з жорсткай крытыкай з боку навукоўцаў і грамадскасці. Эксперты-філолагі Інстытута мовазнаўства АН БССР адмаўлялі магчымасць і мэтазгоднасць такой кадыфікацыі. Прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі расцанілі дзейнасць Шэляговіча як палітычную аванцюру[8][9].

Беларускі мовазнавец Г. А. Цыхун у сваім аналізе вылучыў шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын, чаму праект не адбыўся як паўнавартасная літаратурная мова[5]:

  • Праблема дыялектнай базы. Паўднёваянаўскія гаворкі, абраныя ў якасці асновы, з’яўляюцца архаічнымі рэшткамі больш шырокай зоны і не маглі выконваць ролю інавацыйнага «ядра», здольнага аб’яднаць вакол сябе іншыя дыялекты. Замест кансалідацыі гэта вяло да «астраўнога» характару мовы[5].
  • Штучная архаізацыя. Імкнучыся максімальна аддаліць сваю мову ад беларускай і ўкраінскай, аўтар праекта аддаваў перавагу архаізмам і дыялектызмам, невядомым шырокаму колу. Напрыклад, навязвалася выкарыстанне рэліктавага злучніка кэ (у значэнні «і»), які захаваўся толькі ў асобных гаворках і не ўтвараў суцэльнага арэала[5].
  • Фанетычныя бар’еры. Штучнае культываванне такіх рыс, як «еканне» (ек замест як, чес замест час, дыржевны), успрымалася носьбітамі суседніх палескіх гаворак з іроніяй і эмацыянальным непрыняццем[5].
  • Жанравы дысбаланс. Праект удала рэалізаваўся як «паэтычная мова», дзе дыялектызмы выглядалі натуральна, але праваліўся як «адміністрацыйна-літаратурная мова». Спроба стварыць на ёй публіцыстыку і навуковую тэрміналогію прывяла да страты камунікатыўнай функцыі[5].

Да суб’ектыўных прычын таксама адносіцца празмерная палітызацыя руху і «балцкі міф», які быў чужым для мясцовага насельніцтва. Згортванне праекта супала з палітычнымі зменамі ў Беларусі пасля 1995 года[5].

Прапанаваны алфавіт Шэляговіча

[правіць | правіць зыходнік]

Алфавіт, прапанаваны Шэляговічам у 1990 годзе, грунтаваўся на кірыліцы з даданнем спецыфічных літар. Літара «ј» выкарыстоўвалася замест «й» і для абазначэння мяккасці зычных перад «е». Літара «и» абазначала гук, сярэдні паміж [і] і [ы], а таксама адлюстроўвала дыфтонгі на месцы гістарычнага «о» (так, слова «ніс» магло чытацца як ныіс, нус, нуос, нэс, н’ис). Выкарыстоўваліся літары «г» (для звонкага фрыкатыўнага [h]) і «ґ» (для выбухнога [g]).

А а Б б В в Г г Ґ ґ Д д Е е Ё ё Ж ж З з И и
І і Ј ј К к Л л М м Н н О о П п Р р С с Т т
У у Ф ф Х х Ц ц Ч ч Ш ш Ы ы Ь ь Э э Ю ю Я я

На практыцы ў тэкстах Шэляговіча сустракалася замена спалучэння «кт» на «хт» (контахт), а таксама «еканне» (чес, дыржевны).

Прыклады тэкстаў

[правіць | правіць зыходнік]

Верш украінскага пісьменніка Аляксандра Ірванца «Дзякуем перабудове» (апублікаваны ў «Збудінне»):

"

Батьку, мамо, свето в нас, свето!
Выйшла на нашијі мовы газэта!
Шэ ны газэта — шэ но бочына,
Алэ зрадніты сыба ны прычына?
Славмо-жэ ріднэньку пырыбудову,
Шо отчынее заганьбляну мову!

"

Урывак з перакладу твора М. Гогаля, выкананага Фёдарам Клімчуком (у стандартнай беларускай арфаграфіі з прастаноўкай націску):

" Ды́вный Дніпр в ты́ху пого́ду, як спокы́йно й пома́лу нысэ́ чырыз лісы́ й го́ры по́вны во́ды свойі́. Ны зворухнэ́; ны захробосты́ть. Ды́высся й ны зна́йіш, йдэ чы ны йдэ ёго́ вэ́лычна шырыня́, і здае́цьця, бы ввэсь вы́лытый вин з шкла і бы сыня́ва люстрана́я доро́га, быз мі́ры в шырыню́, быз конця́ в довжыню́, лыты́ть і в’е́цьця по зылёному сві́ты. "

Пачатак Евангелля паводле Іаана:

На палескай («яцвяжскай») мове[10] На беларускай мове (у перакладзе Васіля Сёмухі)[11] На ўкраінскай мове[12]

1 Најпэроч було Слово, и Слово було в Бога, и за Бога було Слово.

² Воно було в Бога одвіку.

³ Всэ чрыз Ёго стало, а быз Ёго ныц ныбуло з того, шо стало.

4 В Ёму Вік був, а Вік був за выдно людюм.

5 А выдно в поночыні світыть, и поночыне ныогорнула ёго.

6 Була людына, одредяна Богом; јмэнне јіјі Ёган.

7 Вин прыјшов, шоб свідчыты, свідчыты про Выдно, всі шоб віру малы крыз Ёго.

8 Ныбув вин за Выдно, алы був одредяным, шоб свідчыты про Выдно.

9 Було Выдно направдышнэ, якэ просвітюе всеку людыну, шо прыходыть на світа.

10 Було Воно на світовы, и світ крыз Ёго став, и світ Ёго ныпознав.

11 До својіх прыјшло, и својі ныпрыјнялы.

12 А ля тым, шо прыјнялы Ёго, віручым у Ёго, Воно дало сылы дытьмы Божымы статы, оно тым, шо вірать у јмэнне Ёго,

13 тым, шо ны од юхы, ны од хотіння тіла, ны од хотіння спарныка, алы од Бога вродылыс.

14 И Слово тілом стало и сыділо мыз намы, (и бачылы мы славу Ёго, славу, ек сына јідного од Батька), повнэ ласкы и правды.

15 Свідчыть Ёган про Ёго ј голысно кажэ: Сіј е Тој, про Якого је сказав, шо за мною идэ. Тој попэроч мынэ став, бо впэроч мынэ був.

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.

² Яно было на пачатку ў Бога:

³ усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць.

4 У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.

5 І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.

6 Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян;

7 Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго;

8 ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло.

9 Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет.

10 У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў;

11 прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі;

12 а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі,

13 якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся.

14 І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.

15 Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне.

1 На початку було Слово, і Слово було з Богом, і Слово було Бог.

² Воно було на початку з Богом.

³ Усе було створено Ним, і без Нього нічого не було створено, що було створено.

4 У Ньому було життя, і життя було світлом для людей.

5 І світло в темряві світить, і темрява не огорнула Його.

6 Був чоловік, посланий від Бога, ім’я йому Іоан.

7 Він прийшов для свідчення, щоб засвідчити про Світло, щоб усі увірували через нього.

8 Він не був Світлом, але був посланий, щоб засвідчити про Світло.

9 Було істинне Світло, яке освітлює кожну людину, що приходить у світ.

10 У світі Воно було, і світ був створений Ним, і світ Його не пізнав.

11 Прийшов до себе, та свої не прийняли Його.

12 А всім, які прийняли Його, які вірують у Його ім’я, дав владу стати дітьми Божими;

13 які не від крові, не від хотіння плоті, не від хотіння чоловіка, а від Бога народились.

14 І Слово стало плоттю і оселилося серед нас, повне благодаті та істини, і ми бачили Його славу, славу як Єдинородного від Отця.

15 Іоан свідчить про Нього й вигукує: Це Той, про Кого я казав: Той, що йде за мною, є вищий за мене, бо був раніше від мене.

У цяперашні час заходнепалеская мікрамова не функцыянуе як сродак масавай камунікацыі. Асобныя энтузіясты і літаратары працягваюць выкарыстоўваць мясцовыя дыялекты ў творчасці. Значным унёскам у захаванне моўнай спадчыны рэгіёна стала дзейнасць лінгвіста Ф. Д. Клімчука, які, у адрозненне ад Шэляговіча, не займаўся моватворчасцю, а перакладаў класічныя творы (у тым ліку Новы Запавет) на жывую гаворку сваёй вёскі (Сіманавічы), выкарыстоўваючы беларускую кірыліцу[1].

У 2021 годзе Аляксей Дзікавіцкі выдаў у Варшаве зборнік вершаў і эсэ «Оньдэ», напісаны на пінскай гаворцы, адзначыўшы, што носьбіты гэтай гаворкі лічаць сябе выключна беларусамі[8].

Адной з агульных праблем развіцця любых падобных праектаў у Беларусі, як і ў Расіі, трэба прызнаць агульную палітычную і культурную сітуацыю, пры якой магчымасць кансалідацыі падобных моўных або суб-этнічных меншасцей катэгарычна адмаўляецца як бюракратыяй, так і большасцю насельніцтва — сітуацыя, якая ў Заходняй Еўропе ў асноўным перадолена ў сярэдзіне XX стагоддзя[крыніца?]. Менш прыхільна, але значна спрыяльней чым у Беларусі і Расіі, да падобных праектаў ставяцца ў Літве (да жамойцкай мовы) ды Польшчы (да сілезскай)[крыніца?].

  1. а б в г д Дулічэнка 2017.
  2. а б в г д Дулічэнка 2005.
  3. а б в А. Дынько. Новейшая история ятвягов (руск.). Деды (13 красавіка 2011). Праверана 22 лютага 2026.
  4. Бузук 1928.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м Цыхун 2001.
  6. Bohdan A. Struminsky. Pseudo-Meleško: A Ukrainian Apocryphal Parliamentary Speech of 1615—1618 : a Study. Harvard University Press, 1984.
  7. «Арыентаваўся на мову дзеда». Навошта навуковец пераклаў Новы Запавет на заходнепалескі дыялект . Радыё Свабода (7 снежня 2017). Праверана 22 лютага 2026.
  8. а б в Аляксей Дзікавіцкі: У БССР палешукі былі людзьмі трэцяга гатунку . Наша Ніва (11 мая 2022). Праверана 22 лютага 2026.
  9. З. Панкавец. Правакацыя: хто стаіць за «скліканнем» палескага кангрэсу? . Наша Ніва (3 кастрычніка 2017). Праверана 22 лютага 2026.
  10. З ЈІВАНГЫЛЯ ВЭДЛУК ЁГАНА (Дылына І) // Балесы Полісься : газета. — 1989. — Май — № 2 (6). — С. 3.
  11. Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце, 1 глава — Пераклад Васіля Сёмухі.
  12. Іоана 1 | Видання НУП | YouVersion.
  • А. Д. Дуличенко. Малые славянские литературные языки. III. Восточнославянские малые литературные языки. IIIб. Западнополесский // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — 611—612 с. — ISBN 5-87444-216-2.
  • А. Д. Дуличенко. Малые славянские литературные языки (микроязыки) // Языки мира: Славянские языки / РАН, Институт языкознания; ред. колл.: А. М. Молдован, С. С. Скорвид, А. А. Кибрик и др.. — 2-е, испр. и доп.. — СПб.: Нестор-История, 2017. — 680 с.
  • В. Т. Горбачук. О некоторых проблемах формирования полешуцкого литературного языка // Јітвјежа (поліська) штудіјно-прахтыцька конфырэнция: Тэзы проказэј (13-14 априля 1990 р.). — Пынськ, 1990.
  • Ф. Д. Клімчук Некаторыя асаблівасьці этнанацыянальнай самасьвядомасьці заходніх палешукоў // Форум. — 1996. — № 2.
  • Ф. Д. Клімчук. Некаторыя моўныя праблемы Палесся // Јітвјежа (поліська) штудіјно-прахтыцька конфырэнция: Тэзы проказэј (13-14 априля 1990 р.). — Пынськ, 1990.
  • Н. И. Толстой. Новый славянский литературный микроязык? // Избранные труды. Т. II. Славянская литературно-языковая ситуация. — М., 1998.
  • М. Шыляговыч. Прынцыпы зложиння јітвјежијі (поліськијі) лытырацькијі мовы // Јітвјежа (поліська) штудіјно-прахтыцька конфырэнция: Тэзы проказэј (13-14 априля 1990 р.). — Пынськ, 1990.
  • Цыхун Г. А. Пра заходнепалескую літаратурную мікрамову (праект М. Шэляговіча) // Матэрыялы навукова-краязнаўчай канфэрэнцыі "Палесьсе ў ХХ ст." (1-4 чэрвеня, Беласток) / Укл. і аг. рэд. Ф.Клімука, А.Энгелькінг, В.Лабачэўская. — Менск: Тэхналёгія, 2001. — 317 с. — ISBN 978-985-458-034-0.
  • Бузук П. Спроба лінгвістычнае географii Беларусi. Ч. I. — Менск: Інстытут беларускай культуры, 1928.