Францішак Савіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Франц Андрэевіч Савіч)
Францішак Савіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1815
Месца нараджэння
Дата смерці 1845 ці 1846
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці публіцыст, паэт
Мова твораў Заходнепалеская мова
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Францішак Андрэевіч Савіч (1815[1], в. Вяляцічы, Пінскі павет, Мінская губерня — 1845, мястэчка Янушпаль[2][3], Валынская губерня) — беларускі публіцыст, удзельнік вызваленчага руху. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі, папярэднік Кастуся Каліноўскага[4].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска ў сям’і ўніяцкага святара. Рана страціў бацьку. Вучыўся паспяхова, у апошнія гады адначасова з вучобай працаваў хатнім настаўнікам. 9 чэрвеня 1833 года атрымаў за № 91 пахвальнае пасведчанне аб сканчэнні Пінскага павятовага вучылішча. Сёлета ж паступіў у Віленскую медыка-хірургічную акадэмію на казённы кошт. На станаўленне грамадзянскіх поглядаў Ф. Савіча моцны ўплыў аказаў наглядчык Пінскай павятовай вучылішча Францішак Махніцкі[5].

Дэмакратычнае таварыства[правіць | правіць зыходнік]

У акадэміі збліжаецца з украінцам Янам Загорскім. Паступова вакол іх гуртуецца кола аднадумцаў і ў 1836 г. сумесна з сябрамі Ф. Савіч арганізоўвае таемнае студэнцкае «Дэмакратычнае таварыства» (першапачатковая назва — «Крыж і Евангелле»[3]), якое аб’ядноўвала некалькі сот чалавек. Члены таварыства лічылі сябе прадаўжальнікамі справы філаматаў і філарэтаў[6].

Ф. Савіч быў абраны за сакратара і скарбніка. Неўзабаве напісаў для таварыства статут пад назвай «Прынцыпы дэмакратызму» і адозву-праклямацыю «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам». Задачамі таварыства Статут абвяшчаў барацьбу з беззаконнем, аказанне дапамогі абяздоленым, уздзеянне на моладзь з мэтай выхавання сумленных і справядлівых грамадзян[3]. Ф. Савіч адзначаў:

" Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека!.. Сцеражыцеся, браты, пастак. Уводзяць нас у марнатраўства, называючы яго старадаўняй польскай вялікадушнасцю, насаджаюць п'янства і бяздзейнасць пад імем гасціннасці... Хочуць нас падкупіць золатам, кладучы на вагі яго дабрачыннасці, свабоду, асабістую годнасць, хто ж можа з спакойным сэрцам браць шчадроты жыцця за такую дарагую плату... Прыстасоўваючы нас да рабства, дазваляюць і загадваюць нам быць дэспатамі[7] "

Пра ідэі вызвалення роднага края сведчыць і тэкст Савічавае ўлёткі «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам, або Якое наша становішча і што ў цяперашні час трэба рабіць людзям дабрадумным»:

" Будзем загартоўваць дух, працаваць да канца жыцця! Хто ведае, дзе і як суджана нам памерці? Магчыма, не адзін з нас сканае пад рукою ката! Але няхай і смерць яго будзе працягам барацьбы за свабоду! I з вышыні шыбеніцы, як з высокага трона, павінен заклікаць: паўстаньце, народы! Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека![3] "

У гэтым часе Ф. Савіч клапоціцца аб колькасным пашырэнні таварыства: перапісвае шматлікія праклямацыі, разважанні і супрэчкі замежных аўтараў, чытае і прапагандуе вызваленчыя ідэі на таменых сходах. Член Ф. Савіча па акадэміі Мацвей Лавіцкі адзначаў, што «ў гэты час ён ужо быў другім Занам»[8]. Паступова «Дэмакратычнае таварыства» набывае выразную палітычную накіраванасць. Свае аддзяленні арганізацыя мела ў розных гарадох, у тым ліку і ў Пінску. Таварыства стала шматлікай і ўмела заканспіраванай рэвалюцыйнай арганізацыяй: прыём новых прыхільнікаў адбываўся выключна па рэкамендацыі, радавыя ўдзельнікі тайнага таварыства не ведала ўсіх членаў, для перапіскі карысталіся «сімпатычным» чарнілам, прыняты былі ўмоўныя псеўданімы і назвы: Савіч — Адам, Загорскі — Яцэк, арганізацыйнае ядро таварыства — Клевань, Вільня — матка, Ашмяны — піўная, Мінская губерня — стадола, Віленская губерня — халупа і інш[9].

Улетку 1837 Ф. Савіч пазнаёміўся з польскім барацьбітом і ўдзельнікам паўстання 1830—1831 гадоў Шыманам Канарскім. Сустрэча канспіратараў адбылася ў маёнтку Лысава (цяпер Маневіцкі раён Валынскай вобласці)[4]. Неўзабавае віленскае «Дэмакратычнае таварыства» ўступіла ў «Садружнасць польскага народа» ў якасці яго радыкальнага крыла пад назвай «Маладая Польшча».

Увесну 1838 Ф. Савіч спрабаваў арганізаваць уласную друкарню. Каб знайсці чалавека, на імя якога можна было выпісаць з Жэневы друкарскую машыну, у маі 1838 у Вільню прыехаў і Шыман Канарскі, аднак тут на яго след натрапіла паліцыя. З дапамогай Ф. Савіча, Ш. Канарскі тайком выехаў з Вільні, але 27 мая 1838 быў затрыманы паліцыяй па дарозе на Ашмяны, на паштовай станцыі Крыжоўка[10].

Ссылка[правіць | правіць зыходнік]

1 чэрвеня 1838 быў арыштаваны і Ф. Савіч за ўдзел у незаконнай арганізацыі. У зняволенні напісаў на польскай мове «Споведзь». Даследчыкі лічаць, што ў ёй адчуваецца моцны ўплыў «Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства» Адама Міцкевіча[11]. Следства цягнулася больша восем месяцаў. Утрымліваўся ў Віленскім базыльянскім кляштары. Сучаснікі сведчаць, што за ўвесь час следства Ф. Савіч атрымаў 12 тысяч бізуноў, часта сядзеў у карцары[10]. Допыты вёў старышня следчай камісіі князь Трубяцкі, улюбёнымі словамі якога былі: «Врешь, поросёнок!». Ф. Савіч падрабязна апісаў катаванні ў часе зняволення:

" Трубяцкі ў часе допыту рабіўся шалёным і раз'юшаным, тузаў за валасы, біў па твары кулаком, валіў на зямлю, біў і таптаў нагамі, пакуль вязень не абліваўся крывёю. "

У лютым 1839 следства было скончана. 14 лютага 1839 высланы на Каўказ у салдаты без выслугі.

Разам з іншымі арыштантамі пешшу адпраўлены ў Стаўрапаль праз Чарнігаў, дзе захварэў. Там вывучаў горскія мовы, зблізіўся з палонным горцам Алі, якія даў яму рэкамендацыйныя лісты ў Тыфліс. Па выздараўленні канваяваны ў Апшэронскі пяхотны полк у Кізляры, затым у Дэрбент і нарэшце ў Тыфліс. Тут беспаспяхова спрабаваў уцячы. У маі 1840 знаходзіўся ў крэпасці Жыранчы на Каспійскім моры, дзе выконваў таксама і абавязкі лекара. Затым ізноў вярнуўся ў Кізляр. Тут адзін з армянскіх купцоў параіў яму ўцячы за мяжу праз таганрог і даў адрас брата. 22 красавіка 1841 інсцэніраваў самагубства (пакінуў на беразе р. Церак адпаведную запіску і вопратку)[2]. Спачатку дабраўся да Таганрога, але затым накіраваўся на Украіну, каб адтуль трапіць у Румынію. У Балтах (Адэская губерня) захварэў і быў арыштаваны памежнай вартай. Два гады пад чужым імем прасядзеў у турме Ціраспаль. У 1843 адпраўлены санітарам у Чарнігаўскі батальён унутранай варты. З дапамогай фельчара, якому аказаў паслугі сваімі медыцынскымі ведамі, увесну 1844 зноў уцёк, дабраўся да Кіева, адтуль накіраваў у Бярдычаў, аднак па дарозе вывіхнуў нагу і вымушаны быў пад імем доктара Гельгега затрымацца ў мястэчку Янушпаль на Жытоміршчыне. Адкрыў у мястэчку лекарскую практыку і праславіўся як надзвычай умелы лекар. У 1845 заслужыў поўны давер мясцовых уладаў і атрымаў замежны пашпарт. Аднак у часе эпідэміі халеры, выконваючы медыцынскія абавязкі, захварэў. Перад смерцю паспеў напісаць успаміны, якія разам са «Споведдзю» перадаў паэту А. Грозе. Гэтыя творы пазней апублікаваў Э. Геленіюш (Іваноўскі).

Пахаваны ў Астрожку на Чарнігаўшчыне.

Постаць[правіць | правіць зыходнік]

Член Ф. Савіча Мацвей Лавіцкі ўспамінаў асаблівыя рысы характару свайго паплечніка:

" Па складзе думак быў ён вядомы з добрага боку, пры гэтым валодаў шчаслівым дарам не толькі падабацца, але і здабываць павагу кожнага, і таму знаёмыя міжволі адкрываліся перад ім... Быў ён таксама актыўным, стараўся схіліць да свайго складу думак і пераканаць у сваіх поглядах[12]. "

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Творчая спадчына Ф. Савіча невялікая: гэта яго працы, напісаныя для «Дэмакратычнага таварыства»: «Прынцыпы дэмакратызму», «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам», «Споведзь», мемуары і верш «Там блізко Пиньска, на шыроком полю…»[13]. Мемуары ахопліваюць дзяцінства і юнацтва, віленскі перыяд і службу на Каўказе.

Найбольшая літаратурная актыўнасць Ф. Савіча прыпадае на час вучобы ў Вільні. Сам паэт прызнаваўся, што ў час навучання ў акадэміі крыху займаўся літаратурай, пісаў прозу і вершы, нават меркаваў, што было сярод напісанага нешта і таленавітае[11].

Польскія гісторыкі (Б. Ліманоўскі, А. Гілер і іншыя) сведчаць, што беларускія вершы Ф. Савіча распаўсюджваліся рукапісамі па Беларусі і Украіне[14], многія з іх сталі папулярнымі на Піншчыне, дзе яны бытавалі сярод сялянства, перадаваліся вусна і спяваліся як народныя[15]. Э. Паўловіч успамінае, што ён верш Савіча «Там блізко Піньска…» чытаў сваім сябрам, і гэты твор зрабіў на іх моцнае ўражанне:

" Калі скончыў той поўным мужнай сілы і прастаты верш, адным пачуццём прыяцелі паднялі тост у гонар Савіча: «За дружбу і сяброўства!»[16] "

Творы Ф. Савіча былі апублікаваны ў наступных выданнях:

  • Pamiktnik… // Heleniusz E. Wspomnienia lat minionych. — T. 2. — Krakyw, 1876.
  • Tam blizko Pinska // Pawіowicz E. Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. — 3 wyd. — Lwуw, 1895.
  • Дзе ж тое шчасце падзелася?.. // Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. — Мн., 1971.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Францу Савічу ў в. Вяляцічы

У роднай вёсцы паэта яму пастаўлены драўляны помнік. У гонар Францішка Савіча названая адна з вуліц Пінска[17]. Польская пісьменніца Вераніка Трапачынская-Огаркова ўпамінае імя Францішка Савіча ў сваім рамане «Лясныя долы»[15].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 281. — 414 с.
  2. а б Савіч Францішак Андрэевіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  3. а б в г Вацлаў Паспаліты. У палоне свайго жыцця(недаступная спасылка). MyPinsk.com (7 снежня 2011). Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2008. Праверана 29 мая 2014.
  4. а б Кісялёў, Г. В. Савіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 217—220. — 480 с. ISBN 5-85700-168-4
  5. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 60. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  6. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 61. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  7. Лойка А. А. Францішак Савіч // Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд У 2 ч. Ч. 1. — Мн.: Выш. шк., 1977. — С. 84.
  8. Александровіч, С. Францішак Савіч // Старонкі братняй дружбы. — Мн., 1960. — С. 160.
  9. Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 283. — 414 с.
  10. а б Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 286. — 414 с.
  11. а б Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 62. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  12. Александровіч, С. Францішак Савіч // Старонкі братняй дружбы. — Мн., 1960. — С. 159.
  13. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 63. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  14. Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 294. — 414 с.
  15. а б Трапачынская-Огаркова, В. Беларускі паэт — друг польскага рэволюцыянера // ЛіМ. — Мн.: 1956. — № 31 сакавіка. — С. 4.
  16. E. Pawłowicz. Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. — Lwow, 1882. — С. 96.
  17. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 69. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]