Шляхам гадоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Шляхам гадоў»
Тып часопіс
Заснавана 1990
Спыненне публікацый 1994
Мова беларуская

«Шля́хам гадо́ў» — неперыядычны гісторыка-літаратурны зборнік, які выдаваўся ў 19901994 гадах у Мінску на беларускай мове. Выйшлі 4 выпускі. Укладальнікамі часопіса былі Генадзь Кісялёў (першы выпуск), Уладзімір Мархель (другі і трэці выпускі), Язэп Янушкевіч (чацвёрты выпуск)[1].

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Часопіс друкаваў невядомыя або малавядомыя дакументы і матэрыялы пераважна крыніцазнаўчага характару па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Меў рубрыкі «З архіваў і кнігасховішчаў», «Эпісталярная спадчына», «Пісьменнікі пра сябе», «Іншамоўнае сваё», «Штрыхі да жыццяпісаў», «Літаратурныя пенаты» і інш. Апублікаваў асобныя творы старажытнай і новай беларускай літаратуры, пераклады лацінскамоўных (Міхал Карыцкі, Францішак Князьнін) і польскамоўных (Андрэй Рымша, Кароль Жэра, папярэднікі і сучаснікі Адама Міцкевіча, Тадэвуш Лада-Заблоцкі, Янка Купала) твораў беларускіх аўтараў[1].

У зборніках апублікаваны публіцыстычныя творы Рамуальда Падбярэскага і Браніслава Тарашкевіча, аглядны артыкул У. Шчэбедзева «Беларуская літаратура» (пераклад з італьянскай мовы), раздзел з дысертацыі Ігната Дварчаніна пра Францыска Скарыну (пераклад з чэшскай мовы), артыкул Міхаіла Піятуховіча «Рукапісы А. Рыпінскага», які змяшчае унікальныя матэрыялы (паэмы «Тарас на Парнасе» і «Два д’яўлы», п’еса «Адвячорак»), эпісталярый з архіваў «Нашай нівы» і Якуба Коласа, перапіска нямецкага славіста Рудольфа Абіхта і Антона Луцкевіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Караткевіча, пісьмы Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Уладзіміра Жылкі, успаміны Аляксандра Уласава, Вацлава Ластоўскага, Пятра Бітэля, развагі Івана Шамякіна і Эрнеста Ялугіна аб працы над творамі гістарычнай тэматыкі, матэрыялы да біяграфій Васіля Цяпінскага, Ю. Ляскоўскага, Фелікса Тапчэўскага, Віктара і Кастуся Каліноўскіх, Антона і Івана Луцкевічаў, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Гаруна, тэксталагічныя распрацоўкі па творчасці Максіма Багдановіча і Якуба Коласа, матэрыялы пра памятныя мясціны і сабраныя калекцыі пісьменнікаў, рэцэнзіі на найбольш важныя выданні па гісторыі культуры, весткі з музеяў і іншая інфармацыя[2].

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

У рэцэнзіі Эмануіл Іофэ адзначае, што зборнік адрозніваецца маштабам ахопу цікавых падзей гісторыка-літаратурнага жыцця, а таксама здзіўляе чытача дыяпазонам розных жанраў[3].

У артыкуле «З ракі памяці», прысвечаным першаму выпуску зборніка, адзначаецца, што ён варты высокай ацэнкі чытачоў. На думку рэцэнзента, у далейшым лепш адмовіцца ад вестак, таму што для гэтага ёсць перыёдыка, а таксама трэба ўдакладніць назвы раздзелаў[4].

Выпускі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Генадзь Кісялёў. «Шляхам гадоў» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 218.
  2. Генадзь Кісялёў. «Шляхам гадоў» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 218—219.
  3. Іофэ Э. Р. З глыбінь стагоддзя // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1991. — № 4. — С. 122.
  4. Алесь Вішнеўскі. З ракі памяці // Спадчына. — 1991. — № 1. — С. 110—112.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]