Шматвектарная палітыка (Беларусь)
Шматвектарная палітыка — знешнепалітычная стратэгія Рэспублікі Беларусь, якая выяўляецца ў балансаванні паміж Усходам і Захадам, а таксама ў нарошчванні партнёрства з краінамі «далёкай дугі».
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У пачатку 2000-х гадоў склалася такая мадэль адносін Расіі і ЕС, якая прадугледжвала за Масквой перыферыйны статус у вызначэнні лёсу ўсходнееўрапейскіх краін. Гэтая акалічнасць вылілася ў ігнараванне рэгіянальнай ролі Крамля з боку Захаду. У дадзенай абстаноўцы Мінск быў вымушаны балансаваць паміж Расіяй і Захадам. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да высновы, што небяспечна «ляцець з адным крылом», абапіраючыся выключна на «расійскі вектар»: «Мы павінны сябраваць з усімі суседзямі, нам ні Расія, ні Украіна, ні Польшча, ні Літва, ні Латвія не чужыя», паколькі «знаходзячыся ў эпіцэнтры кантынента, няма іншага шляху, як развіваць шматвектарную палітыку»[1].
Да выбару такога курсу падштурхнула і тое, што рэспубліка імкнулася надаць саюзу з Расіяй характар раўнапраўнага ўзаемадзеяння. Асобныя дзеянні партнёраў часам разглядаліся як «імперскі рэваншызм» і імкненні абмежаваць або ліквідаваць беларускі суверэнітэт. У сілу гэтага тэма інтэграцыі нярэдка ўспрымалася як пагроза для незалежнасці краіны. Расійскі бок, з прычыны меншых памераў суседа, успрымаў Беларусь як малую дзяржаву, якая ў адносінах да Масквы «абавязаная» выступаць як сатэліт. Дамаганні Мінска на раўнапраўнае саюзніцтва пры такім падыходзе лічыліся завышанымі і неабгрунтаванымі[2].
Акрамя таго, у Мінска меліся трэнні таксама з ЕС і ЗША. У гэтых умовах беларускія ўлады зрабілі стаўку на «дзяржавы далёкай дугі» ў якасці процівагі Усходу і Захаду[3].
Шматвектарная палітыка вылілася ў адначасовым удзеле краіны як у празаходніх ініцыятывах (Цэнтральнаеўрапейская ініцыятыва, Усходняе партнёрства), так і ў прарасійскіх (Саюзная Дзяржава, АДКБ, ЕАЭС)[4]. Яна шмат у чым зберагла рэспубліку ад сусветнага эканамічнага крызісу 2008 года[5].
У сярэдзіне 2000-х гадоў Беларусь актывізавала кантакты з далёкім замежжам. Гэты перыяд адзначыўся дыпламатычнай актыўнасцю Мінска ў рамках Руху недалучэння, а таксама імклівым збліжэннем з Венесуэлай. Пачынаючы з канца 2000-х гадоў краіна нарошчвала супрацоўніцтва з Кітаем. З канца 2000-х гадоў пачынаецца новы этап у адносінах Беларусі і Захаду, калі афіцыйны Мінск спрабаваў пайсці на абмежаванае збліжэнне. Да гэтага падштурхоўвала і развіццё новых галін беларускай эканомікі (асабліва IT), завязаных на ўзаемадзеянні з заходнімі карпарацыямі. На фоне канфлікту на Данбасе беларускія ўлады ў найбольш поўнай ступені рэалізавалі патэнцыял шматвектарнай палітыкі, прапанаваўшы рэспубліку ў якасці нейтральнай дзяржавы-пасярэдніка і «донара рэгіянальнай стабільнасці»[6].
Пазіцыянаванне краіны як шматвектарнай дзяржавы, якая абмежавана супрацоўнічае з усімі і адназначна не прымыкае ні да каго, запатрабавала абгрунтавання ў выглядзе выразнага нацыянальнага наратыву, каб растлумачыць падобны выбар. У гэты перыяд назіраецца відавочнае ўзмацненне нацыяналістычных наратываў (гл. «Мяккая беларусізацыя»)[7].
Пасля пратэстаў 2020 года і пагаршэння адносін з Захадам шматвектарная палітыка апынулася вычарпанай[7]. Тым не менш, на VII Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка выказаўся за працяг курсу[8], што адказвала агульным тэндэнцыям у малых і сярэдніх краін. На пачатак 2020-х гадоў шматвектарнасць практыкавалі Казахстан, Венгрыя, Славакія, Сербія, краіны АСЕАН[5]. Аднак пасля жніўня 2020 года ў Беларусі шматвектарнасць была абмежаваная[9]
Аналітыка[правіць | правіць зыходнік]
Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў пісаў, што такая стратэгія ставіла пад пытанне дэклараваную беларускімі ўладамі адназначную геапалітычную арыентацыю на Расію[10]. На думку спецыяліста, у краіне ўмацаваліся тэндэнцыі празаходняга характару, якія мелі антырасійскі характар. Падобнае шкодзіла сувязям Масквы і Мінска, а таксама наносіла адчувальны ўрон пазіцыям Расіі на міжнароднай арэне. Суздальцаў баяўся, што балансаванне ў знешняй палітыцы магло выклікаць геапалітычны паварот рэспублікі на Захад[11].
Як адзначылі яго калегі Мікалай Мяжэвіч і Усевалад Шымаў, праблемай шматвектарнай палітыкі было тое, што яна развівалася на фоне яўнага крызісу беларуска-расійскай інтэграцыі, у сілу чаго ўспрымалася як «дрэйф» Мінска ад Крамля на Захад. Гэта спрыяла нарастанню канфліктных тэндэнцый у беларуска-расійскіх адносінах у 2014—2020 гадах. На іх думку, дыстанцыяванне Мінска ад Расіі было справакавана рускім імперыялізмам. Рашэнне дадзенай праблемы спецыялісты бачылі ў пабудове раўнапраўнага саюза[12].
Беларускі сацыёлаг Віктар Кірыенка звязваў шматвектарнасць з нацыянальным менталітэтам[13] і культурным памежжам паміж Захадам і Усходам. Дадзеная акалічнасць ставіць нацыю перад неабходнасцю ажыццяўляць выбар паміж Захадам і Усходам і пастаянна шукаць свой уласны шлях развіцця[14]. Супрацоўнікі БІСД Віталь Стахоўскі і Юрый Ярмолінскі бачылі карані шматвектарнасці ў беларускай гісторыі, філасофіі і мастацтве. Радок з lзяржаўнага гімна «Дружба народаў – сіла народаў – наш запаветны, сонечны шлях» яны таксама ўвязалі са знешняй палітыкай. На іх думку, гэтую стратэгію можна разглядаць як частку «генетычнага і культурнага кода і адзін з базавых каштоўнасных арыенціраў беларусаў»[15].
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Суздальцев 2019, с. 118—119.
- ↑ Межевич и Шимов 2022, с. 441—442.
- ↑ Межевич и Шимов 2022, с. 444.
- ↑ Суздальцев 2019, с. 119.
- ↑ а б Стаховский и Ярмолинский 2021, с. 54.
- ↑ Межевич и Шимов 2022, с. 444—445.
- ↑ а б Межевич и Шимов 2022, с. 445.
- ↑ Стаховский и Ярмолинский 2021, с. 52.
- ↑ Стаховский и Ярмолинский 2021, с. 55.
- ↑ Суздальцев 2019, с. 118.
- ↑ Суздальцев 2019, с. 123.
- ↑ Межевич и Шимов 2022, с. 445—446.
- ↑ Тужба 2016, с. 350.
- ↑ Тужба 2016, с. 349.
- ↑ Стаховский и Ярмолинский 2021, с. 53.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Суздальцев А. И. Республика Беларусь: эволюция политики балансирования между Востоком и Западом // Контуры глобальных трансформаций: политика, экономика, право. — 2019. — Т. 12. — № 2. — С. 117—137.
- Н. М. Межевич, В. В. Шимов Концепция многовекторности в системе внешнеполитических практик «средней страны» (на примере Беларуси) // Вестник Санкт-Петербургского университета. Международные отношения. — 2022. — В. 4. — Т. 15. — С. 436—450.
- Тужба Э. Н. Факторы формирования отношений и повседневности русских и белорусов // Russian Journal of Education and Psychology. — 2016. — № 11(67). — С. 345—362.
- Стаховский В. В., Ярмолинский Ю. М. О новом формате многовекторности // Беларуская думка. — 2021. — № 7. — С. 52—57.