Мяккая беларусізацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мяккая беларусізацыя — элемент унутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь у 2010-х гадах, накіраваны на паступовае пашырэнне прысутнасці беларускай мовы і частковую адмену эпохі русіфікацыі краіны.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Расійска-беларускі мовазнавец Антон Сомін адзначаў, што ў перыяд знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі ў гарадах гаварылі на польскай, рускай і ідышы. Беларуская заставалася мовай сельскага насельніцтва, якое аж да 1970-х гадоў з’яўлялася большасцю. Яна была прадстаўленая шэрагам народных гаворак. На іх аснове ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя сфарміравана сучасная літаратурная беларуская мова. Мясцовыя жыхары пераходзілі на рускую толькі для таго, каб пабудаваць кар’еру[1].

У перыяд палітыкі беларусізацыі 1920-х гадоў пашырылася выкарыстанне мовы ў грамадска-палітычнай і культурнай сферах. З 1930-х сітуацыя паступова стала мяняцца. На гэта паўплывалі і рэпрэсіі супраць беларускамоўных «нацдэмаў», і выгада ад выкарыстання рускай для вучобы і працы. Пасля гэтая тэндэнцыя пагаршалася. У 1960-х гадах вывучэнне беларускай мовы ў школе зрабілі факультатыўным, па жаданні бацькоў. Да 1980-х гадоў яна маргіналізавалася, стала ўспрымацца як «мова калгаснікаў». Але ў канцы дзесяцігоддзя адбылося «другое беларускае адраджэнне» на антысавецкай і антыкамуністычнай хвалі[1].

У першыя гады незалежнасці беларуская з’яўлялася адзінай дзяржаўнай мовай, выклікаючы тым самым незадаволенасць у значнай часткі рускамоўнага насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў тым ліку як прыхільнік вяртання рускай у грамадскую сферу. Па выніку рэферэндуму 1995 года ў краіне ўсталяваны дзве дзяржаўныя мовы[1].

Гісторыя і праявы[правіць | правіць зыходнік]

Ключавым у «мяккай беларусізацыі» стала максімальна добраахвотнае пашырэнне практыкі і выкарыстання мовы, падтрымка, развіццё і распаўсюджванне беларускай культуры, захаванне і прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку і праз пабудову культурнай палітыкі ў фармаце мяккай сілы[2]. Першапачаткова з’ява зарадзілася як грамадскі працэс у межах грамадзянскай ініцыятывы «Будзьма» ў 2008 годзе. У студзені 2011 года да яе далучылася «Арт Сядзіба» з шэрагам мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай мовы і культуры, у тым ліку з маштабнымі «Днямі вышыванкі». Затым яе падтрымалі бізнесмены. Пасля анексіі Крыма Расіяй і вайны на Данбасе падключылася і палітычнае кіраўніцтва краіны[3]. Менавіта гэтыя падзеі прывялі да дадатковага ўсведамлення каштоўнасці існавання Беларусі як незалежнай краіны і разумення важнасці ўзаемасувязі паміж дзяржавай і мовай[1].

Аднак першая хваля «мяккай беларусізацыі» ва ўрадавых колах пачалася яшчэ ў 2009—2010 гадах, на фоне напружаных адносін з Расіяй. Адным з галоўных яе ініцыятараў ва ўладзе стаў Павел Латушка, прызначаны ў чэрвені 2009 года міністрам культуры. Ён назваў беларускую мову прыярытэтнай і пераклаў на яе міністэрскае справаводства. У гэты ж час прыняты Закон «Аб найменні геаграфічных аб’ектаў» ад 16 кастрычніка 2010 года. На падставе дакумента назвы сталі даваць выключна на беларускай мове, а на рускай — паказваць метадам транслітарацыі. Пасля выбараў 2010 года «мяккая беларусізацыя» была затарможаная аж да 2014 года[4], калі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўпершыню вымавіў прамову на Дзень Незалежнасці па-беларуску[5][6]. Ёсць некалькі тлумачэнняў такой змене. Сам кіраўнік дзяржавы сказаў, што гэта папярэджанне для тых, хто «замахваецца на адзінства нацыі». Як лічыў дэпутат Аляксандр Ярашэвіч, прамова была спробай дыстанцыявацца ад Расіі ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Таксама дадзены ўчынак тлумачыцца як спроба ўзмацніць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі праз заігрыванне з нацыяналістычна арыентаванымі апазіцыйнымі рухамі[5][6][7][8].

Назіраўся зрух у стаўленні да гістарычных беларускіх сімвалаў і падзей, вакол якіх меліся вострыя разнагалоссі паміж істэблішментам і апазіцыяй, асабліва да бела-чырвона-белага сцяга[6] і святкавання абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (Дзень Волі)[9]. Два ўсталяваныя ў 2010-х помнікі — Тадэвушу Касцюшку і князю Альгерду — таксама разглядаюцца як элемент узмацнення беларускай ідэнтычнасці, у тым ліку супрацьстаяння «рускаму свету»[6]. Іншым наглядным прыкладам стала змяненне тапанімікі на вуліцах Беларусі. З сярэдзіны 2010-х у Мінску зніклі паказальнікі на рускай мове. Акрамя таго, надпісы пачалі дубляваць беларускай лацінкай[10].

У дакуменце «Дактрына інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 2019 года гаворыцца: «Беларуская мова разам з канстытуцыйна замацаваным у дзяржаве двухмоўем спрыяе ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства, фарміраванню яго духоўнасці. Пашырэнню сацыяльных функцый і камунікатыўных магчымасцей беларускай мовы, яе поўнае і ўсебаковае развіццё разам з іншымі элементамі нацыянальнай культуры выступаюць гарантам гуманітарнай бяспекі дзяржавы»[11][6].

Як заявіў расійска-беларускі мовазнавец Антон Сомін, у 2010-х адбыўся ўсплёск цікавасці да мовы. Спецыяліст нават назваў гэты перыяд «трэцім беларускім адраджэннем». Адзначана, што папулярнасць беларускай сярод гарадской моладзі павялічылася, сталі карыстацца попытам моўныя курсы[1]. Сярод такіх — курсы Кацярыны Кібальчыч «Мова цi кава» 2013—2014 гадоў[4].

Рэакцыя ў Расіі[правіць | правіць зыходнік]

Падобныя крокі выклікалі крытыку з боку расійскіх дзеячаў. Сам Лукашэнка на гэты конт заявіў: «Агідна слухаць некаторыя расійскія партызанскія «языкі», што ў нас тут ледзь не мяккая беларусізацыя ідзе, што ў нас нешта іншае адбываецца. Вось, што мы кудысьці амаль разварочваемся»[12]. Расійскія крытыкі разглядалі дадзеныя змены як адмову Мінска ад падтрымкі інтэграцыйнай стратэгіі Беларусі і Расіі[13]. У той жа час беларускія афіцыйныя асобы ўнікліва паказвалі, што «мяккая беларусізацыя» не азначае ні дыстанцыявання ад Масквы, ні пэўнага павароту да Захаду[6].

Пасля 2020 года[правіць | правіць зыходнік]

Пасля пратэстаў 2020 года склалася спрэчная сітуацыя. Так, напрыклад, Беларускі ПЭН-цэнтр апублікаваў артыкул аб тэндэнцыі ўзмацнення русіфікацыі ў пачатку 2020-х[14]. Аналагічныя высновы выказваліся і ў іншых даследваннях[15]. Аднак, на думку анлайн-выдання «Палітрынг», палітыка «мяккай беларусізацыі» працягвалася. Чарговым прыкладам стала рашэнне Беларускай чыгункі ажыццяўляць трансляцыю аб’яў на ўсіх станцыях і прыпынках выключна на беларускай мове з 1 красавіка 2021 года[4].

З іншага боку, у грамадстве адзначалася некаторае павелічэнне папулярнасці беларускай. Акадэмія адукацыі паведамляла, што «сярод моладзі родная мова становіцца ўсё больш папулярнай», так як яна лічыцца «маркерам інтэлігентнасці»[16][17][18].

Як завіў Лукашэнка ў 2022 годзе, трэба, каб беларускую мову ведаў кожны жыхар краіны, бо яна з’яўляецца адметнай рысай беларускага народа. Дададзена, што неабходна яе падцягваць да ўзроўня рускай, якую і так ведаюць лепш, і «няма тут нічога антырасійскага». Паводле прэзідэнта, гаворка абсалютна не ідзе пра «мяккую беларусізацыю»[19].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д «В той же степени "искусственный" язык, что и русский»: мифы и правда о белорусской мове
  2. Шуба 2017, с. 228.
  3. Шуба 2017, с. 228—229.
  4. а б в «Мягкая белорусизация» как кампания по дерусификации Беларуси
  5. а б "Belarus leader switches to state language from Russian", BBC, July 10, 2014
  6. а б в г д е Posokhin 2019.
  7. "Belarus in the multipolar world: Lukashenka bets on himself"
  8. "Belarusization 2.0.: Will the Russian threat help Belarusization?"
  9. "Мягкая белорусизация. Как Минск стремится обособиться от Москвы" ("Soft Belarusization: How Minsk Tries to Separate Itself from Moscow")
  10. Русификация и белорусизация: есть ли в республике языковой вопрос
  11. "Doctrine of Information Security of the Republic of Belarus"
  12. "Lukashenka: It's Disgusting To Hear That We've Almost Got Soft Belarusization Going On Here"
  13. Vadim Mojeiko, "Soft Belarusization: A New Shift in Lukashenka’s Domestic Policy?", BelarusDigest, April 21, 2015
  14. Русификация Беларуси: сфера культуры (2022-2023 гг)
  15. Двухмоўнае аднамоўе. Моўная палітыка ў Беларусі: стан, тэндэнцыі і перспектывы
  16. Маркер интеллигентности. Белорусский язык набирает популярность у молодежи и школьников (руск.)
  17. s13.ru. Белорусы стали чаще говорить на родном языке – результаты опроса — Блог Гродно s13 (руск.). s13.ru. Праверана 29 лютага 2024.
  18. «Маркер интеллигентности». Ученые объяснили, почему белорусский язык все популярнее у молодежи и школьников (руск.). Зеркало (20 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
  19. Лукашенко выступает за развитие в обществе белорусского языка, чтобы люди его хорошо знали

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Шуба, В. В. Мягкая белорусизация: сущность и перспективы / В. В. Шуба // Электронный сборник трудов молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Полоцкий государственный университет ; ред. кол. : Д. Н. Лазовский (пред.) [и др.] . - Новополоцк : ПГУ, 2017. - Вып. 18 (88): Образование, педагогика. – С. 228-229.
  • Ivan Posokhin, "Soft Belarusization: (Re)building of Identity or “Border Reinforcement”", COLLOQUIA HUMANISTICA, no. 8, 2019, DOI:10.11649/ch.2019.005
  • Marin, A. (2020). Belarusian Nationalism in the 2010s: a Case of Anti-Colonialism? Origins, Features and Outcomes of Ongoing ‘Soft Belarusianisation’, Journal of Belarusian Studies, 9(1), 27-50. DOI:10.30965/20526512-12340003