Юрый Іванавіч Лістапад

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Юрый Іванавіч Лістапад
Jurka Listapad.jpg
Род дзейнасці:

публіцыст

Дата нараджэння:

7 красавіка 1897(1897-04-07)

Месца нараджэння:

в. Варкавічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць, Беларусь

Дата смерці:

5 ліпеня 1938(1938-07-05) (41 год)

Месца смерці:

Бамлаг

Commons-logo.svg Юрый Іванавіч Лістапад на Вікісховішчы

Ю́рый (Ю́рка, Гео́ргі) Іва́навіч Лістапа́д (7 красавіка 1897, Варкавічы, цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць5 ліпеня 1938, Бамлаг) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ю. Лістапад з жонкай Марыяй, 1920-я гг.
Ю. Лістапад з дачкой Нінай, канец 1920-х

Нарадзіўся 7 красавіка 1897 года ў Варкавічах Слуцкага павета ў сялянскай сям'і[1]. У 1914 годзе скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў на Случчыне і ў Слуцку. У 1918 годзе ў Менску скончыў 1-я Беларускія педагагічныя курсы, адзначаўся педагагічнай радай курсаў за добрае валоданне беларускай мовай і веданне гісторыі Беларусі. Яго выпускны твор «Слуцкае вяселле» Язэп Лёсік надрукаваў у менскай газеце «Беларусь» у маі 1920 года. У 1919 годзе працаваў у менскіх беларускіх выдавецтвах, пераклаў на беларускую мову апавяданне Уладзіміра Караленкі «Бяз мовы», камедыі Аляксандра Астроўскага «Беднасць ня ганьба» і «На бойкім месцы», таксама падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана[2].

Увосень 1919 года накіраваны Беларускай школьнай радай Меншчыны школьным інструктарам у Слуцкі павет, дзе з дапамогай Андрэя Бараноўскага і іншых актывістаў стварыў восем беларускіх школ. Актыўна ўдзельнічаў у працы слуцкіх беларускіх арганізацый (Нацыянальны камітэт, «Папараць-Квета» ды інш.)[2].

У лістападзе 1920 года абраны ў Беларускую раду Случчыны, удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года[2].

З 1921 года ў Заходняй Беларусі, вучыўся на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (адначасова быў іх адказным сакратаром), увайшоў у арганізацыю «Нацыянальная сувязь», супрацоўнічаў з газетамі «Еднасць», «Беларускія Ведамасці», «Наша думка»[1]. Інструктар беларускіх школ на Віленшчыне[2].

У 1922 вярнуўся ў Слуцк. Настаўнічаў, у 19231925 гадах працаваў выкладчыкам беларусазнаўства на Слуцкіх агульнаадукацыйных педагагічных курсах, дзе блізка сышоўся з Якубам Коласам[1][2].

Арыштаваны ДПУ БССР 22 лістапада 1925, у сакавіку 1926 асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. Вызвалены ў лістападзе 1927. Доўгі час не мог уладкавацца на працу, зарабляў грошы як «вольны перакладчык» у Белдзяржвыдавецтве[2]. Зноў арыштаваны летам 1930 г. па справе «Саюзу вызвалення Беларусі», вызвалены праз некалькі месяцаў. У ліпені 1933 года перасяліўся ў Ржэў, працаваў рахункаводам збожжанарыхтоўчага пункту. У кастрычніку 1933 арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», у студзені 1934 г. асуджаны на 8 гадоў зняволення. Этапаваны ў Байкала-Амурскі канцлагер АДПУ Далёкаўсходняга краю (Свабодны), паводзіў сябе там непакорліва. У жніўні 1935 г. на яго была заведзена крымінальная справа. 31 сакавіка 1938 «тройкай» НКУС за «антысавецкую агітацыю сярод зняволеных» прыгавораны да расстрэлу.

Быў жанаты з Марыяй Стагановіч, меў дачку Ніну.

Рэабілітаваны 16 ліпеня 1956 г.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 У матэрыялах яго крымінальнай справы стаіць выснова: «Невыправімы». kurjer.info. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2015. Праверана 23 чэрвеня 2015.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 289—290. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]