Беларускі нацыянальны цэнтр (справа)
«Беларускі нацыянальны цэнтр» (БНЦ) — сфабрыкаваная ў 1933 годзе ДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай, паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі», частка сталінскіх рэпрэсій у БССР.
Кіраваў фабрыкацыяй справы БНЦ старшыня ДПУ Беларусі Леанід Закоўскі. Паводле сфальсіфікаваных матэрыялаў следства (агентурная справа «Закардоннікі»), БНЦ быў створаны ў верасні 1932 года дзеячамі нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Максімам Бурсевічам, Паўлам Валошыным, Флягонтам Валынцом, Язэпам Гаўрылікам, Ігнатам Дварчаніным, Пятром Мятлой, Сымонам Рак-Міхайлоўскім і некаторымі іншымі беларускімі палітэмігрантамі, якія пераехалі ў БССР з Польшчы ў красавіку 1930 і верасні 1932 года.
У абвінаваўчым акце сцвярджалася, што БНЦ ставіла мэтай увосень 1933 або вясной 1934 года справакаваць памежны савецка-польскі канфлікт, пасля чаго ўзняць узброенае паўстанне і стварыць беларускую рэспубліку ў федэрацыі з Польшчай.
У лістападзе 1933 — студзені 1934 гадоў пастановай «тройкі» ДПУ па справе было асуджана 108 чалавек, у тым ліку 40 чалавек — да смяротнага пакарання (з іх 15 прысуд заменены 10 гадамі лагераў).
У 1930—1931 гадах аналагічная справа пад назвай «Український національний центр» была сфабрыкавана украінскім прадстаўніцтвам АДПУ СССР. Маштаб украінскай справы быў меншым, чым у Беларусі: 50 асоб былі прыгавораны да зняволення на тэрмін ад 3-х да 6-ці гадоў. Аднак у 1934—1941 гадах 33 асобы з іх былі зноў арыштаваныя, у тым ліку 21 — прыгавораны да расстрэлу, 12 — атрымалі новыя срокі зняволення і потым загінулі ў ГУЛАГу. Асноўную ролю ў фабрыкацыі справы УНЦ адыграў тагачасны кіраўнік сакрэтна-аператыўнага аддзела ДПУ УССР, будучы наркам НКВД БССР І. Ляплеўскі.
Рэабілітацыя[правіць | правіць зыходнік]
Ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі ў 1956 г. скасаваў рашэнне калегіі ДПУ ў адносінах да ўсіх абвінавачаных праз адсутнасць доказаў і складу злачынства.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 454. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 450. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Адамушка У. І. Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50–ых гадоў на Беларусі. — Мн .: Беларусь, 1994. — С. 61–94. — 158 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-01-0047-8.
- История имперских отношений. Беларусы и русские. 1772—1991 гг. Дело «Белорусского Национального Центра» (1933 г.)