Янка Светлячок

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Янка Светлячок
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 4 снежня 1888(1888-12-04)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 28 лістапада 1957(1957-11-28) (68 гадоў)
Месца смерці:
Альма-матар:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: паэт, публіцыст, настаўнік

Янка Светлячок (сапр. — Іван Яфімавіч Гаеўскі; 4 снежня 1888, в. Замужанне, Барысаўскі павет, Мінская губерня, цяпер Барысаўскі раён — 28 лістапада 1957, Плешчаніцы, Лагойскі раён, Мінская вобласць) — паэт, публіцыст, настаўнік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Файл:Я. Сьветлчок.jpg
Агульны фатаздымак настаўнікаў Плешчаніцкай сярэдняй школы. Вучэбны 1948—1949 год. Янка Светлячок трэці злева ў другім радзе.

Паходзіў з сям'і вясковага сталяра, быў старэйшым з 12 дзяцей. Вучыўся спачатку ў Лошніцы, потым у Барысаве. У 1908 паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут, дзе пазнаёміўся з беларускім адраджэнскім рухам, наведваў рэдакцыю «Нашай Нівы». У 1912 скончыў інстытут і вярнуўся ў родныя мясціны, настаўнічаў у вёсцы Чмелявічы на Лагойшчыне.

Падчас Першай сусветнай вайны прызваны на фронт. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі добраахвотна запісаўся ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне. Нядоўга працаваў у Барысаўскім ваенкамаце і вярнуўся да педагагічнай дзейнасці. У 1930 скончыў Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў дырэктарам Каменскай школы ў Лагойскім раёне. Арыштаваны 27 жніўня 1937. Асуджаны 23 лістапада 1937 тройкай НКУС як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «шкодніцтва» да 10 гадоў ППЛ. Этапаваны ў Паўднёвы лагер НКУС. Вызвалены 5 красавіка 1940. Вярнуўся на радзіму. Пасля вайны працаваў матэматыкам у школе №1 г.п. Плешчаніцы[1]. Рэабілітаваны Пракуратурай БССР 31 мая 1989.

Быў жанаты на Алене Станіславаўне Жардэцкай[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У 19091915 Я. Светлячок быў сталым карэспандэнтам газеты «Наша Ніва». Яго допісы мелі краязнаўчы характар. Ёсць здагадка, што ён мог асабіста быць знаёмым з Янкам Купалам, а найбольш з вядомым бібліяфілам Рамуальдам Зямкевічам[2]. Збіраў фальклор на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. Пісаў вершы. Некаторыя з іх друкаваліся ў «Нашай Ніве» і «Беларускім календары за 1914 год». Вершы, пераважна сюжэтныя былі прысвечаны працоўным. У сваім найбольш вядомым паэтычным творы — вершы «З заработкаў» — Я. Светлячок апісаў трагічнае здарэнне з цяжкага і рызыкоўнага жыцця плытагонаў.

Пасля зняволення творчасцю не займаўся[2].

Зноскі

  1. Г.І. Полсычева Хто ён – Янка Светлячок?. Родны край. Праверана 20 чэрвеня 2012.
  2. 2,0 2,1 2,2 Каханоўскі Г. ЯНКА СВЕТЛЯЧОК. Плещеницы.by. Праверана 20 чэрвеня 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Светлячок Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 308—309. — 480 с ISBN 5-85700-168-4
  • Гаеўскі Іван Явімавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 4. — Мн:, 2007.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]