Мінскае гета
| Мінскае гета | |
|---|---|
| План мінскага гета | |
| Перыяд існавання | 20 ліпеня 1941 — 21 кастрычніка 1943 |
| Колькасць вязняў | больш за 100 000 |
| Колькасць загінулых | 80 000 |
| Старшыня юдэнрата | Ілля Мушкін |
| Мінскае гета на Вікісховішчы | |
Мінскае гета (20 ліпеня[1] 1941 — 21 кастрычніка 1943) — яўрэйскае гета, створанае нацыстамі неўзабаве па ўварванні ў СССР. Найвялікшае гета на акупаванай немцамі тэрыторыі СССР і ва Усходняй Еўропе. У ім знаходзілася каля 100 000 яўрэяў, большасць іх загінула ў Халакосце.
Канцлагер у Драздах
[правіць | правіць зыходнік]

На пачатку 1941 года ў Мінску жыло 71 000 яўрэяў (паводле іншым звестак, 75 000).
Стварэнню гета папярэднічала арганізацыя канцэнтрацыйнага лагера каля вёскі Дразды ў першыя дні нацысцкай акупацыі Мінска.
Туды трапілі больш як 100 тысяч савецкіх ваеннапалонных і каля 40 тысяч мужчын прызыўнога веку, якіх схапілі падчас рэгістрацыі ў Мінску. У лагеры адбылася першая карная акцыя супраць яўрэяў. Нацысты намагаліся знішчыць у першую чаргу адукаваных і проста дастаткова маладых яўрэяў-мужчын, якія маглі стаць арганізатарамі супраціву.
На пяты дзень усіх цывільных, апрача габрэяў, адпусцілі ў горад. Палонныя вайскоўцы былі адпраўленыя ў Масюкоўшчыну, і толькі габрэяў пакінулі ў Драздах. Ім было загадана падзяліцца на «дыпламаваных спецыялістаў» і ўсіх астатніх. Людзі меркавалі, што габрэйскіх інжынераў, тэхнікаў, архітэктараў, урачоў, мастакоў немцы накіруюць на працу. Блізу 3000 габрэяў залічылі сябе да гэтай катэгорыі, у іх ліку і тыя, што толькі на словах выдавалі сябе за такіх. (…) Ужо па дарозе з Драздоў няшчасныя габрэйскія інтэлігенты зразумелі, што вязуць іх не ў Менск. (…) Габрэйскія інтэлігенты з Менска сталі аднымі з першых ахвяраў нацысцкай машыны масавага знішчэння ў Трасцянцы. Габрэям жа ў Менску акупанты цынічна ўводзілі ў вушы, што з Драздоў людзей накіравалі ў розныя працоўныя лагеры і неўзабаве яны паведамяць пра сваё месцазнаходжанне...[2]
Астатніх яўрэяў з лагера перавялі ў гарадскую турму, дзе расстралялі яшчэ каля 100 чалавек, а рэшту пазней адправілі ў гета[2][3]. На чацвёрты дзень акупацыі, 1 ліпеня 1941 года, нямецкая ўлада наклала на габрэяў Мінска «кантрыбуцыю», абавязаўшы здаць пэўную колькасць грошай і каштоўнасцяў. Адразу пасля гэтага было загадана стварыць юдэнрат (яўрэйскі камітэт) для выканання нямецкіх загадаў у дачыненні да яўрэяў Мінска. Старшынёй юдэнрата немцы паставілі Іллю Мушкіна (да вайны — начальнік аднаго з мінскіх трэстаў).
Вайсковы камендант стаяў на вуліцы Маркса і прымаў «парад»: немцы гналі вялікі гурт габрэяў на прымусовую працу. У нейкі момант людзям было загадана спыніцца і пашыхтавацца. Камендант стаў аглядаць шэрагі, пільна ўзіраючыся ў перапалоханыя твары габрэяў, якія, натуральна, не чакалі ад гэтага нічога добрага. Але загад страляць не прагучаў. Замест гэтага камендант пажадаў даведацца, ці гаворыць хто з габрэяў па-нямецку. Ніхто не адгукнуўся. Другі раз ён запытаў больш пагрозліва: «Хто ўмее гаварыць па-нямецку?» Габрэі пачалі спалохана азірацца, спадзеючыся, што сярод іх знойдзецца такі ўмелец. Фашыст пацягнуўся ўжо быў да пісталета, і тут пачуўся голас. Ілля Мушкін сказаў, што крыху ведае па-нямецку… Мушкін вярнуўся з штаба каменданта з пісьмовым загадам, у якім «Jude Эліас Мушкін» прызначаўся «старшынём габрэяў»[2].
Юдэнрат, не меў рэальнай улады, ён спачатку адказваў за збор «кантрыбуцый», пасля за рэгістрацыю яўрэяў у гета і за санітарыю — немцы баяліся эпідэмій.
Намаганнямі Мушкіна ў гета былі створаны 2 бальніцы — агульная і інфекцыйная, 2 дзіцячыя дамы і прытулак для старых. Інфекцыйная бальніца стала цэнтрам падпольнай арганізацыі гета. І сам Мушкін, і начальнік яўрэйскай паліцыі гета Зяма Серабранскі ўдзельнічалі ў падполлі[4][5][6].
Мушкін быў арыштаваны і забіты ў красавіку 1942 года, пасля яго юдэнрат узначальвалі Э. Іофе (да канца ліпеня 1942 года) і Н. Эпштэйн (да кастрычніка 1943 года)[2][4].
Таксама ў першыя дні акупацыі нямецкая палявая камендатура распаўсюдзіла загад пра абавязковую рэгістрацыю яўрэяў і залучэнне іх да прымусовых работ (мужчын — з 14 да 60 гадоў, жанчын — з 16 да 50 гадоў). Яўрэям забаранялася мяняць месца жыхарства, падарожнічаць і атрымліваць за працу грошы (дазвалялася толькі харчы)[3][5].
Структура Мінскага гета
[правіць | правіць зыходнік]Гета ў Мінску было створана 19 ліпеня 1941 года распараджэннем каменданта палявой камендатуры № 812 К. Шлегельхофера.
На перамяшчэнне туды яўрэяў было адведзена 5 дзён, аднак на практыцы так скора перасяліць дзясяткі тысяч людзей было немагчыма. Да 1 жніўня 1941 года перасяленне было завершана, у гета апынуліся 80 тысяч чалавек[3]. У верасні—кастрычніку 1941 года вязняў у гета было ўжо каля 100000.
Агулам за гады вайны ў Мінску было тры гета:
1. «Вялікае» гета — існавала ад 19 ліпеня 1941 да 21 кастрычніка 1943 года. Яго тэрыторыя ахоплівала 39 вуліц і завулкаў вакол Юбілейнай плошчы — у раёне яўрэйскіх могілак і Ніжняга рынка. Агульная плошча 2 км кв. 80—100 тысяч чалавек жылі там у страшнай цеснаце.
Вуліца Рэспубліканская (падчас акупацыі — Мітэльштрасэ, цяпер — Раманаўская Слабада) праразала гета наскрозь, з абодвух бакоў была адгароджаная ад гета калючым дротам, і выкарыстоўвалася як праезд для транспарту.
Для ўваходу і выхаду з гета былі дзве спецыяльныя прахадныя — на вуліцах Апанскага і Астроўскага (цяпер, адпаведна, Кальварыйская і Ракаўская).
2. «Малое» гета — знаходзілася ў раёне радыёзавода ім. Молатава (пасля завода імя Леніна) ад кастрычніка 1943 года да 30 чэрвеня 1944 года[7].
3. «Зондэргета» (частка гета па вул. Сухой і Абутковай) — гета для 20 тысяч яўрэяў, дэпартаваных нацыстамі з сямі краін Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Існавала ад лістапада 1941-га да верасня 1943 года. Большасць тых яўрэяў паходзіла з Германіі і пратэктарату Багеміі і Маравіі. У ім знаходзілася каля 35 000 чалавек. Паміж двума гета амаль не было кантакту.
Умовы ў гета
[правіць | правіць зыходнік]Гета было абгароджана па перыметры калючым дротам. Жыхары пад страхам смерці мусілі насіць на вопратцы спецыяльныя апазнавальныя знакі.
У гета ўсё скіравана на тое, каб пазбавіць чалавека не толькі пачуцця ўласнай годнасці, але і чалавечага аблічча. Голад, холад, лахманы, апазнавальныя знакі — латы і таблічкі з нумарамі дамоў на спіне і грудзях. Футравыя рэчы забаронены, ды і адкуль ім узяцца, калі ўжо ўсё абменена ля дроту на кавалак хлеба, на вядро бульбы. Далікатэсам лічыцца лек-расол з селядцовых бочак. У яго мачаюць хлеб, калі хлеб ёсць. Ядуць аладкі з бульбяных лупін, прапушчаных праз мясасечку. Ядуць сала, саскрэбенае са старых скур на скурзаводзе. Ядуць баланду, якая прыносіцца, калі атрымаецца, з працы. Пастаянныя думкі і размовы пра ежу. Найпершая тэма — хто што еў да вайны і хто што любіў. Такога наслухаешся!
Хадзіць можна толькі па маставой. Убачыўшы немца, метраў за 15 здымаць шапку. Аднойчы ўзімку я замарудзіўся, развязваючы шнурок свайго «травуха на рыбіным футры», не паспеў яго сарваць і атрымаў урок пачцівасці ў выглядзе аплявухі, якая адкінула мяне ў гурбу.
Чалавечае жыццё не каштуе нічога[8].
Немцы і паліцаі беспакарана рабавалі і забівалі насельнікаў гета. Жыццё яўрэяў было абкладзена мноствам забарон, за любое парушэнне якіх пагражаў расстрэл. Напрыклад, забаранялася пакідаць гета без дазволу, з’яўляцца без апазнавальных знакаў, мяняць рэчы на прадукты ў неяўрэяў. Забаранялася вітацца са знаёмымі неяўрэямі. Забаранялася заходзіць у сады і іншыя грамадскія месцы. Зімой, нават у моцныя маразы, у гета забаранялася праносіць дровы.
Галоўнай крыніцай здабыцця ежы для яўрэяў сталі нелегальныя, смяротна небяспечныя абмены з неяўрэйскім насельніцтвам праз працоўныя калоны і праз калючы дрот. Таксама «чорны рынак» дзейнічаў і ў гета, прычым удзел у ім бралі і некаторыя немцы. За бохан хлеба і 3 цыбуліны вязні аддавалі залатыя гадзіннікі[4].
Акупацыйная ўлада накладвала на гета некалькі «кантрыбуцый». Першы раз — 2 мільёны рублёў, 200 кілаграмаў срэбра і 10 кілаграмаў золата. Другі раз у яўрэяў запатрабавалі 50 кілаграмаў золата і срэбра, а трэці яшчэ больш. Рабаванне ў выглядзе кантрыбуцыі праводзіў асабіста намеснік каменданта Гарадзецкі пры вымушаным удзеле юдэнрата і яўрэйскай паліцыі[9].
Нацысты падтрымлівалі ў гета надзвычай высокую шчыльнасць насельніцтва — у аднапавярховы дом на 2—3 кватэры ўціскалі да 100 чалавек, у аналагічны двухпавярховы — да 300 чалавек, з разліку 1,2—1,5 м² на чалавека без уліку дзяцей[8]. У кожным пакоі тулілася па некалькі сем’яў.
Невыносная цесната, голад і антысанітарыя выклікалі ў гета павальныя хваробы і эпідэміі. Небяспека распаўсюджвання інфекцый была настолькі сур’ёзнай, што ў 1941 годзе немцы дазволілі адкрыць на тэрыторыі гета дзве бальніцы і нават дзіцячы сіроцкі прытулак. Бальніцыа амаль не мела медыкаментаў, але былі ўкамплектаваныя высокапрафесійнымі ўрачамі з ліку насельнікаў гета.
Этапы знішчэння гета
[правіць | правіць зыходнік]Нацысты рэгулярна ладзілі ў гета буйнамаштабныя пагромы з масавымі забойствамі, якія называлі «акцыямі». Апроч таго з вясны 1942 гады яны проста на вуліцах гета хапалі дзяцей і запіхвалі ў газвагены. У некаторыя дні душагубкі рабілі па некалькі рэйсаў[10].
Ахвярамі пагромаў рабіліся вязні, якія заставаліся ў гета пасля сыходу рабочых калон на працу.
жнівень 1941 года — першы буйны пагром. Было забіта каля 5000 яўрэяў[11][5][9].
7—8 лістапада 1941 года пасля таго, як рабочыя калоны былі выведзеныя, нацысты ачапілі раён вуліц Замкавая, Падзамкавая і Няміга, і пачалі пагром. Натоўп з жанчын і дзяцей, пагналі ў Тучынку і расстралялі. Паводле розных ацэнак, у гэты дзень былі забітыя ад 5000 да 18 000 яўрэяў (юдэнрат казаў пра 12 000 [2]). Пасля гэтага пагрому яўрэі пачалі масава рабіць у гета таемныя схованкі — так званыя «маліны».
(…) у гета пашырылася і слова «маліна» (узятае з крымінальнага жаргону). Хавацца ад нацысцкіх аблаваў ў замаскіраваных месцах (у сутарэннях, на гарышчах, за духавой шафай і нават у сценах) — да гэтых спосабаў прыйшлі габрэі Менскага гета самі, нават не ведаючы, што ў іншых гета даўно ўжо выпрабавалі гэтую практыку. Неяк уначы, калі я заседзеўся ў аднапакаёўцы металіста Хаіма Цукера, чалавека, які ніколі не паддаваўся адчаю і мог знайсці выйсце з кожнай сітуацыі, ён нечакана паказаў мне падвойную сцяну, дзе мусілі б мы схавацца ў выпадку раптоўнай начной аблавы[2].
20 лістапада 1941 года былі забітыя ад 6000 да 15000[12] яўрэяў у раёне вуліцы Абойнай.
21 студзеня 1942 года — былі расстраляны больш за 12 тысяч яўрэяў[12].
2—3 сакавіка 1942 года — вялікую калону яўрэяў пад канвоем пагналі ў бок Дзяржынска, і тых, хто не не замерз да смерці па дарозе, расстралялі. У гэты ж дзень з Мінскага гета ў чыгуначных вагонах былі вывезены на Захад дзеля знішчэння яшчэ 3412 яўрэяў[5][13]. У гета пасля сыходу працаздольных вязняў уехалі грузавыя аўтамабілі з немцамі і паліцаямі, якія ўчынілі масавае забойства на ўсёй тэрыторыі. Целы забітых — прыкладна 5000 чалавек — скідалі ў былы кар’ер, на месцы якога цяпер знаходзіцца мемарыял «Яма». У гэты ж дзень нацысты знішчылі яўрэйскі дзіцячы дом, забілі ад 200 да 300 дзяцей разам з медперсаналам і выхавацелькамі[9]. Таксама карнікі расстралялі калону рабочых-яўрэяў, якія вярталіся ў гета з працы. Усяго ў гэты дзень былі забітыя 8000 яўрэяў.
28—31 ліпеня 1942 года — пагром доўжыўся чатыры дні, працаздольных вязняў увесь гэты час трымалі на працы. За тыя дні былі забітыя ад 10 000 да 25 000 чалавек.
29 снежня 1942 года працаздольных вязняў зноў затрымалі на працы, а ў гета ішло знішчэнне, забілі нават хворых у шпіталі гета.
На пачатак красавіка 1942 года, паводле афіцыйных звестак акупацыйнага генеральнага камісарыята, у Менску былі зарэгістраваныя 20 000 працаздольных яўрэяў. Да канца верасня 1942 года гэты лік скараціўся напалову. Да канца 1942 года ў гета былі забітыя больш за 90 тысяч яўрэяў, і да пачатку 1943 года ў жывых засталося ад 6000 да 8000 вязняў[12].
21 чэрвеня 1943 г. нацысцкая вярхушка прыняла рашэнне аб поўным знішчэнні ўсіх гета на акупаваных землях[19]. Апошнім днём існавання Мінскага гета лічыцца 21 кастрычніка 1943 года — дзень пачатку апошняга пагрому.
21-23 кастрычніка 1943 года нацысты забілі ўсіх яшчэ жывых да таго часу вязняў гета, акрамя 500 кваліфікаваных спецыялістаў, вывезеных у Германію. На тэрыторыі Мінскага гета, як потым высветлілася, у жывых засталося толькі 13 чалавек, якія 263 дні хаваліся ў падвале дома каля яўрэйскіх могілак на вуліцы Сухой і змаглі выйсці з «маліны» толькі пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1944 года. Усяго за 21—23 кастрычніка 1943 года былі забітыя 22000[7][9].
Частка вязняў Мінскага гета была забіта ў раёне Тучынкі. Там былі выкапаны тры вялізныя ямы, у якіх толькі 20 лістапада 1941 года былі расстраляныя з кулямётаў 12 тысяч яўрэяў[13][14].
Да вайны на Тучынцы размяшчаўся штаб шостай дывізіі НКВД. Цяпер немцы пераўтварылі энкавэдысцкія будынкі ў турму для захопленых падчас (…) «акцый» габрэяў — мужчын, жанчын і дзяцей. Чалавек, якому ўдалося адтуль збегчы, расказваў: перш-наперш усім загадалі павыварочваць кішэні і распрануцца, затым людзей зганялі да свежавыкапанага рова, дзе кулямёты заканчвалі гэту жахлівую справу. Некаторыя ахвяры паміралі не адразу. Здавалася, сама магіла стагнала галасамі параненых[2].
Частку яўрэяў з гета забілі ў канцлагеры СС на вуліцы Шырокай (цяпер — вуліца Куйбышава, ля скрыжавання з праспектам Машэрава).
Начальнікам «Шырокай» быў штурмбанфюрэр СС Локай, а ягоным памагатым — садыст лейтэнант Гарадзецкі. Пазней мы даведаліся, што Гарадзецкі паходзіў з рускай сям’і, якая эмігравала ў Германію. Да схопленых габрэяў і юдэнратаўцаў ён не ведаў інакшага звароту, як «Ты, брудны жыдабальшавік!», і падмацоўваў свае эпітэты гумовай дубінай. Адно толькі з’яўленне Гарадзецкага на гетаўскіх вуліцах змушала габрэяў хавацца[2].
Каля 2000 яўрэяў з Мінскага гета 11 чэрвеня 1943 года былі вывезены адным эшалонам у Польшчу, у канцлагер Майданэк, і, пасля выкарыстання на прымусовых работах, практычна ўсе знішчаны[10].
Супраціў
[правіць | правіць зыходнік]У Мінскім гета трываў арганізаваны антынацыскі супраціў, яго арганізатары, у тым ліку Гірш Смоляр і Міхаіл Гебелеў, супрацоўнічалі з савецкімі партызанамі. Каля 10 000 яўрэяў выведзены падпольшчыкамі з гета і далучыліся да партызан у лясах. Сярод удзельнікаў падполля быў таксама віленскі яўрэйскі пісьменнік і мастак Бэр Сарын.
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]Лазар Саулавіч Ран стварыў серыю афортаў «Мінскае гета»[15].
Удзельнік падполля ў гета Бэр Сарын стаў прататыпам героя апавядання Уладзіміра Карпава «Развітанне»[16].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Гісторыя Мінска. — Мн., 2006. — С. 375—381.
- ↑ а б в г д е ё ж Смоляр Гірш. Менскае гета. — Мінск: Тэхналогія, 2002.
- ↑ а б в Памяць. Мiнск. У 4 кнiгах. Кнiга 4-я. Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раѐнаў Беларусі / Л. М. Драбовіч, З.I. Малейка, Н. П. Ракiцкая i iнш. (рэдкал.); В. С. Семенякоў, А. А. Ляўшэвiч (уклад.).. — Мінск: БЕЛТА, 2005. — ISBN 985-6302-73-0.
- ↑ а б в Г. Костелянец. От Украины до Белоруссии. История одной еврейской семьи». / Академическая серия «Библиотека Холокоста „Ткума“». — Днепропетровск-Минск: Лира, 2009. — ISBN 978-966-383-251-7.
- ↑ а б в г Холокост на территории СССР. Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман. — Москва: РОССПЭН, 2011. — ISBN 978-5-8243-1463-2.
- ↑ Иоффе Э. Г. Белорусские евреи: трагедия и героизм: 1941—1945. Монография. — Минск, 2003. — 428 с.
- ↑ а б Адамушко В. И., Бирюкова О. В., Крюк В. П., Кудрякова Г. А. Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на оккупированной территории Беларуси 1941—1944. — Минск: Национальный архив Республики Беларусь, Государственный комитет по архивам и делопроизводству Республики Беларусь, 2001. — 158 с. — ISBN 985-6372-19-4.
- ↑ а б Михаил ТРЕЙСТЕР (Минск) ПРОБЛЕСКИ ПАМЯТИ(недаступная спасылка). mb.s5x.org. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 28 лістапада 2025.
- ↑ а б в г Чёрная книга (Холокост)(руск.) // Википедия. — 2025-11-28.
- ↑ а б Рубинштейн Л. М. Нельзя забыть. — Минск: Медисонт, 2011. — ISBN 978-985-6982-40-1.
- ↑ Новости -Разное -Чтобы знали и помнили. www.vminsk.by. Праверана 28 лістапада 2025.
- ↑ а б в Новости -Разное -Чтобы знали и помнили. www.vminsk.by. Праверана 28 лістапада 2025.
- ↑ а б Свидетельствуют палачи. Уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941—1944 гг. / Составители В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. — Минск: НАРБ, 2010. — 199 с. — ISBN 978-985-6372-67-7.
- ↑ Архив Хаси Пруслиной / под редакцией Козака К. И.. — Минск: издатель Логвинов И. П., 2010. — ISBN 978-985-6901-67-9.
- ↑ «Минское гетто»: история Лазаря Рана — главного графика Европы, непризнанного на Родине (руск.)
- ↑ Уладзімір Карпаў. Развітанне. Апавяданне . knihi.com. Праверана 29 лістапада 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Замойскі, А. «Успомні мяне калі-небудзь» // Наша гісторыя, № 4, 2018, с. 28-35. ISBN 2617—2305.
- Barbara Epstein. The Minsk Ghetto 1941—1943: Jewish Resistance and Soviet Internationalism. University of California Press, 2008. ISBN 940.53’185786-dc22.
- Барбара Эпштейн. Женщины в поспротивлении Минского гетто // Женщины на краю Европы. Сб. под редакцией Елены Гаповой. — Минск : ЕГУ, 2003. ISBN 985-6723-12-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя Халакосту
- Мінскае гета Архівавана 3 верасня 2011. (англ.)
- Артыкул па-англійску на Радыё Свабода