Перайсці да зместу

Ваявода

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 21:20, 18 ліпеня 2023, аўтар Artsiom91Bot (размовы | уклад) (афармленне, перанесена: == Крыніцы == → == Літаратура == з дапамогай AWB)

Ваявода (руск.: воевода) — у Кіеўскай Русі і іншых славянскіх краінах — начальнік княжацкай дружыны або кіраўнік народнага апалчэння. Згадваецца ўсходнеславянскімі летапісамі пачынаючы з 10 ст.

Гісторыя

Русь

У Кіеўскай дзяржаве вядомы з 10 ст., спачатку камандавалі княжацкай дружынай або народным апалчэннем. У Галіцка-Валынскай дзяржаве 13—14 стст. ваяводы, акрамя таго, часам былі кіраўнікамі пэўных адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак (напрыклад, Берасцейскай зямлі).

Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая

У ВКЛ і Рэчы Паспалітай — службовая асоба, кіраўнік мясцовай адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі і ў сенаце Рэчы Паспалітай. Прызначаўся пажыццёва з ліку буйных феадалаў, абавязкова ўраджэнцаў ВКЛ. Як прадстаўнікі велікакняжацкай улады адстойваў інтарэсы мясцовай феадальнай знаці. Да 1540 г. віленскія і троцкія ваяводы былі літоўскага паходжання, католікі.

Асноўныя абавязкі ваяводы — ажыцяўленне адміністрацыйнай улады, кантроль над крыніцамі дзяржаўных і велікакняжацкіх даходаў, арганізацыя ўзброеных сіл у ваяводстве, выкананне судовых функцый у замкавым судзе. Карыстаўся значнай незалежнасцю ад цэнтральных дзяржаўных органаў.

Расійская дзяржава

Маскоўскі баярын-ваявода XVII ст.

У Расійскай дзяржаве ў канцы 15 — 17 ст. кожны з пяці асноўных палкоў войска меў аднаго ці некалькі ваявод. З 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік гарадской і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце (уездзе). Канцэнтраваў усю паўнату ўлады на месцах, кантраляваў органы губнога і земскага самакіравання. У другой палове 17 ст. палкавыя ваяводы захаваліся толькі ў разрадных палках. Пасля рэформы Пятра І у 1719 г. ваявода — кіраўнік правінцыі (адзінкі, на якія падзялілася губерня), падпарадкоўваўся губернатару. У 1775 г. правінцыі, а разам з імі пасады ваявод, былі скасаваны, яны захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губернях (ліквідаваны ў 1778 г.).

Польшча

У Польшчы і ў тым ліку ў Заходняй Беларусі, у 19201939 гг., ваявода — кіраўнік усёй мясцовай адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэрытарыяльнага самакіравання. Пасада ваяводы была адноўлена ў 1944 г. і існавала ў Польшчы да 1950 г., адноўлена ў 1973 г.

Іншыя краіны

Тытул выкарыстоўваўся ў сярэднявечных Чэхіі, Босніі, Балгарыі, Венгрыі, Харватыі, Сербіі, Малдавіі, Валахіі і Трансільваніі ў якасці тытула вайскавода.

Літаратура

  • с. 562 т. 26, «Акты издаваемые Виленскою Археографическою Комиссиею для разбора Древних Актов», г. Вильна, 1899 г.