Пасольства ЗША ў Беларусі
Пасольства ЗША ў Беларусі | ||||
---|---|---|---|---|
англ.: Embassy of the United States in Belarus | ||||
| ||||
Адрас | Мінск, Цэнтральны раён, вул. Старавіленская, 46 | |||
Пасол | Пітэр Каўфман | |||
Сайт | by.usembassy.gov |
Пасо́льства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі (англ.: Embassy of the United States in Belarus) — дыпламатычная місія Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Пасольства знаходзіцца ў сталіцы Беларусі, горадзе Мінск.
Гісторыя
Злучаныя Штаты прызналі незалежнасць Беларусі 25 снежня 1991 года, пасля чаго 28 снежня 1991 года паміж двума краінамі былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны[1]. У снежні 1991 года старшыня Вярхоўнага савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу з прапановай устанавіць дыпадносіны і абмяняцца пасольствамі. Праз год Кангрэс ЗША зацвердзіў гэтае рашэнне.
11 жніўня 1992 года паслом ЗША ў Беларусі быў прызначаны Дэвід Хейвуд Шварц. Ён уступіў на пасаду 25 жніўня 1992 года, у першую гадавіну незалежнасці Беларусі. 9 верасня 1992 года адбылося ўручэнне даверчых грамат.
У снежні 1992 года ў Мінску адкрылася пасольства ЗША. У красавіку 1993 года ў Вашынгтоне адкрылася пасольства Рэспублікі Беларусь.
У 1993 годзе старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам, а на пачатку 1994 года Клінтан прыбыў у Беларусь. Падчас візіту ён наведаў у тым ліку мемарыял Курапаты — месца расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Мінскам[2].
У красавіку 1998 года беларускія ўлады праінфармавалі кіраўнікоў дыпламатычных місій, у тым ліку пасла ЗША, пра тое, што ім прыйдзецца пакінуць рэзідэнцыі, размешчаныя ў пасёлку Дразды ў Мінску, у сувязі з рамонтам. У знак пратэсту супраць растаржэння дагавораў арэнды беларускім урадам і стварэння перашкод для жыцця ў маёнтку 22 чэрвеня 1998 года пасол ЗША ў Беларусі Дэніэл В. Спекхард разам з пасламі некаторых еўрапейскіх краін пакінуў Беларусь. Аднак пасля рашэння пытання пра рэзідэнцтва дыпламатаў і выплаты кампенсацыі пасол Спекхард у верасні 1999 года вярнуўся ў Мінск[2][3].
У 2008 годзе ў выніку ўвядзення ўрадам ЗША санкцый у дачыненні да беларускай дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Белнафтахім» праз палітыку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да апазіцыі ва ўзаемаадносінах абедзвюх краін узнік крызіс. У выніку ўрад Беларусі адклікаў свайго пасла Міхаіла Хвастова з Вашынгтона для кансультацый. Затым па настаянні беларускіх уладаў з Мінска з’ехала пасол ЗША Карэн Сцюарт, якая была адклікана са сваёй пасады ўрадам ЗША 12 сакавіка 2008 года[2]. Затым Беларусь рэкамендавала Злучаным Штатам скараціць колькасць супрацоўнікаў пасольства ўдвая — 17 з 34 пакінутых дыпламатаў былі высланы з Беларусі. У сваю чаргу пасольства ЗША прыпыніла разгляд заяў на атрыманне і выдачу віз беларускім грамадзянам. Пасля гэтага беларускія ўлады выслалі яшчэ дзесяць з пятнаццаці амерыканскіх дыпламатаў. Да канца года ў пасольстве ЗША ў Мінску засталося толькі пяць дыпламатаў, а саму дыпмісію ЗША з таго часу сталі ўзначальваць не паслы, а часовыя павераныя[2][4]. У якасці адпаведнай рэакцыі Дзярждэпартамент ЗША разглядаў магчымасць прад’яўлення патрабаванняў пра далейшае скарачэнне колькасці беларускіх дыпламатаў у ЗША і нават пра закрыццё пасольства Беларусі ў Вашынгтоне, пасольства ЗША ў Мінску і генеральнага консульства Беларусі ў Нью-Ёрку[5]. Аднак неўзабаве Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс перадумала, аддаўшы перавагу захаванню хоць нейкага каналу сувязі паміж краінамі[6].
У лютым 2019 года падчас сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Джорджам П. Кентам у Мінску беларускі бок абвясціў пра зняцце абмежаванняў на чысленнасць дыпламатычнага персаналу Пасольства ЗША ў Мінску[7]. 17 верасня 2019 года намеснік дзяржсакратара па палітычных пытаннях Дэвід Хейл падчас сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам абвясціў пра абмен пасламі дзвюх краін[8].
1 лютага 2020 года падчас візіту ў Мінск дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа абвясціў, што найбліжэйшым часам будзе прызначаны пасол ЗША ў Беларусі[9]. У чэрвені 2020 года павераны ў справах Джэніфер Х. Мур абвясціла, што амерыканскі пасол прыедзе ў Беларусь гэтым летам[10]. Прэзідэнт Дональд Трамп прызначыў на дадзеную пасаду намесніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Заходняй Еўропы Джулі Фішэр[11].
28 лютага 2022 года Дзяржаўны дэпартамент ЗША распарадзіўся пра ад’езд дзяржслужбоўцаў ЗША і прыпыненне дзейнасці пасольства ЗША ў Мінску праз уварванне Расіі ва Украіну[12].
Паслы
- Дэвід Хейвуд Шварц (1992—1994)
- Кенет Спенсер Ялавіц (1994—1997)
- Дэніэл Спекхард (1997—2000)
- Майкл Козак (2000—2003)
- Джордж Крол (2003—2006)
- Карэн Сцюарт (2006—2008)
- Джонатан Мур ч.п. (2008—2009)
- Майкл Скэнлэн ч.п. (2009—2013)
- Ітан Голдрыч ч.п. (2013—2014)
- Скот Раўланд ч.п. (2014—2016)
- Роберт Райлі ч.п. (2016—2018)
- Джэніфер Мур ч.п. (2018—2020)
- Джэфры Джаўк ч.п. (2020)
- Джулі Фішэр (2020—2022)
- Рубен Аруцюнян ч.п. (2022—2023)
- Пітэр Каўфман ч.п. (2023 — цяп. час)
Гл. таксама
Крыніцы
- ↑ Беларусь і Злучаныя Штаты Амерыкі.
- ↑ а б в г Заваренные ворота, выдворение послов и деньги Саддама. Как Лукашенко 10 лет ссорился с американскими дипломатами в Беларуси . Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ Drozdy Dispute . Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ A Guide to the United States’ History of Recognition, Diplomatic, and Consular Relations, by Country, since 1776: Belarus . Архівавана з першакрыніцы 5 красавіка 2022. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ USA zmieniają zdanie ws. ambasady Białorusi . Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ What’s Behind the Refreeze in U.S.-Belarus Relations? . Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ A Diplomatic Breakthrough for Washington in Europe’s Last Dictatorship . Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2019. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ Белоруссии спустя 10 лет понадобился американский посол . Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2020. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ Помпео в Минске: ЗША заинтересованы в независимой Беларуси . Архівавана з першакрыніцы 2 сакавіка 2022. Праверана 26 ліпеня 2022.
- ↑ Временно поверенная в делах ЗША Дженифер Мур завершила работу в Беларуси . Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ Джули Фишер приведена к присяге в качестве посла ЗША в Беларуси(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 снежня 2020. Праверана 17 ліпеня 2021.
- ↑ Travel Advisory: U.S. Embassy Minsk – Departure of U.S. Government Employees and Suspension of Operations . U.S. Embassy in Belarus (28 лютага 2022). Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2022. Праверана 24 красавіка 2022.