Даўжыня цела 20—22 см, размах крылаў 30,5—35 см, вага 48—50 г. Параўнальна вялікі, з дзвюма белымі палосамі на крыле. Дзюба кароткая i тоўстая, яе верхняя кручкаватая частка выступае над ніжняй. Хвост доўгі. Выразны палавы дымарфізм. У самцоў апярэнне галавы, спіны і грудзей малінавыя, брушка шэрае, крылы і хвост чарнавата-бурыя. У самак малінавы колер заменены бруднаватым жоўта-аранжавым. Маладыя падобныя да самкі. Спеў — меладычныя свіст.
Арэал: Паўночная Еўропа і астатняя частка Галарктыкі без крайняй поўначы і поўдня. У Азіі паўднёвая мяжа на поўначы Манголіі, у Амерыцы — на поўдзень праз горы на захад да Арызоны. Насяляе паўночныя раёны хваёвай тайгі з прымессю вольхаў і бяроз, а таксама мяшаныя лясы. У час пералётаў па-за гнездавым арэалам, галоўным чынам, у хваёвых лясах, асабліва з ягаднымі кусцікамі або падростам. Можа залятаць у гарады.
Гняздо звычайна на елцы ці сасне ў развілцы галін бліжэй да ствала на вышыні 2—4 м ад зямлі, у некаторых месцах таксама ў ельніку або бярэзніку. Плоскае, аснова з тонкіх галінак хваёвых дрэў (звычайна елак, радзей сасны), бярозы i ядлоўцу, якія тырчаць ва ўсе бакі па-за гняздом. Сценкі з тонкіх сухіх галінак, кавалкаў ядлоўцу, травы і карэньчыкаў (звонку ўплецены кавалкі імхоў і лішайнікаў), высцілка з тонкіх карэньчыкаў, травінак, лішайнікаў, моху, часам з дамешкам шэрсці.
Яйкі (4, часам 3—5) звычайна крыху падоўжаныя з вострым вузейшым канцом, бела-блакітныя, светла-шэра-блакiтныя або зеленавата-блакітныя; глыбокія плямкі светла-шэра-фіялетавыя ці іржава-шэрыя, паверхневыя — большыя, рэдкія, карычнева-чорныя ці цёмна-пурпурова-карычневыя, згушчаныя на шырэйшым канцы.
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X
Природа Белоруссии: Популярная энциклопедия / Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — 2-е изд. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 464. — 599 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-85700-001-7.(руск.)