Strongyloides stercoralis

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Strongyloides stercoralis

Strongyloides stercoralis, фарбаванне ёдам
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Strongyloides stercoralis Bavay, 1876

Сінонімы
Anguillula stercoralis Bavay, 1876

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
NCBI  6248
EOL  2926506

Strongyloides stercoralis — від паразітычных круглых чарвей з сямейства Strongyloididae, які выклікае ў чалавека странгілаідоз  (руск.). Распаўсюджаны ў краінах пераважна з трапічным і субтрапічным кліматам, ва ўмераным поясе рэгіструюцца рэдкія выпадкі заражэння (Закаўказзе, Малдова, Украіна, паўднёвыя рэгіёны Расіі, Беларусь[1]).

Чарвяк валодае складаным і унікальным для нематод цыклам развіцця (упершыню апісаны Рудольфам Лейкартам у 1882 годзе), які складаецца з двух пакаленняў — свабодна жывучага (рабдытыформныя лічынкі) і паразітычнага (філярыяпадобныя лічынкі) — з трыма фазамі развіцця: дарослая асобіна, рабдытыформная лічынка, філярыяпадобныя лічынка. Свабодна жывучыя чарвякі могуць пераходзіць на паразітычны спосаб жыцця ў залежнасці ад умоў навакольнага асяроддзя.

Будова[правіць | правіць зыходнік]

Самка паразітычнага пакалення мае ніткападобную форму, памерам 2,2 × 0,04 мм і звужанае да галаўнога канца цела. Самцы маюць даўжыню каля 0,7 мм. Ротавая адтуліна акружана невялікімі губамі. У самцоў хваставы канец канічна завостраны і загнуты на брушны бок.

Жыццёвы цыкл[правіць | правіць зыходнік]

Месца паразітавання ў арганізме чалавека — дванаццаціперсная кішка і верхнія аддзелы худой кішкі. Самцы гінуць адразу пасля капуляцыі і выдаляюцца са спаражненнямі. Від паразітуе толькі ў чалавека. Геагельмінт. Інвазійныя філярыяпадобныя лічынкі пранікаюць праз скуру, радзей праглытваюцца з ежай. Яны трапляюць у крывяносныя сасуды і з токам крыві заносяцца ў сэрца, а затым у лёгкія. Ужо ў альвеолах частка лічынак пераўтвараецца ў палаваспелыя формы. З дыхальных шляхоў паразіты трапляюць у рот і заглынаюцца, пасля чаго паразітуюць у тонкай і дванаццаціперснай кішках. Апладненне адбываецца ў бронхах, трахеях або кішках.

Аплодненыя самкі адкладаюць яйцы, з якіх у кішках чалавека выходзяць рабдытыдныя лічынкі. З фекаліямі яны выкідваюцца вонкі. У знешнім асяроддзі рабдытыдныялічынкі харчуюцца раскладальнымі рэчывамі, ліняюць, ператвараюцца ў філярыяпадобныя, дасягаюць інвазійнай сталасці. Акрамя гэтага шляху развіцця ў дадзенага віду магчымыя яшчэ два:

  1. частка лічынак у глебе ператвараецца ў самцоў і самак свабоднажывучага пакалення, якое харчуецца арганічнымі рэчывамі. Свабоднажывучыя самкі апладняюцца, адкладаюць яйцы, з якіх выходзяць рабдытыдныя лічынкі. У залежнасці ад умоў асяроддзя лічынкі могуць ператварацца або ў палаваспелыя формы наступнай генерацыі або ў філярыяпадобных лічынак, здольных заразіць чалавека;
  2. рабдытыдныя лічынкі могуць затрымацца ў кішках і пасля лінькі пераходзяць у філярыяпадобную стадыю, якая, не выходзячы з арганізма чалавека, праходзіць увесь цыкл развіцця ў яго органах.

Зноскі

  1. Скрипова, Л. В. Случай стронгилоидоза в Беларуси / Л. В. Скрипова, Л. Н. Штейн, А. Г. Рудовая // Здравоохранение Беларуси. — 1992. — № 12. — С. 50 — 51

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ющук Н. Д., Венгеров Ю. Я. Лекции по инфекционным болезням, в двух томах. — изд. 2-е, перераб. и доп.. — Москва: ВУНМЦ, 1999. — Т. 2. — С. 404—405. — 433 с. — ISBN 5-89004-070-7.
  • Чистенко Г. Н. Гельминты и их роль в патологии человека / Г. Н. Чистенко // Медицинские новости. — 1996. — № 2. — С. 20 — 25