XVII з’езд КП(б)Б

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Семнаццаты з'езд КП(б)Б. Адбыўся 10 — 18 чэрвеня 1938 г. у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 членаў і кандыдатаў у члены партыі (без вайсковых арганізацый). Парадак дня:

  • справаздача ЦК КП(б)Б (А. А. Волкаў);
  • справаздача Рэвізійнай камісіі КП(б)Б (М. І. Малінін);
  • выбары ЦК КП(б)Б, Рэвізійнай камісіі.

З'езд падвёў вынікі гаспадарчага і культурнага будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля XVI з'езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прамысловасці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб'яднана 88% сялянскіх гаспадарак (96,2 % пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З'езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938 г.) пленума ЦК УКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з УКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15 мая 1938 г. у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУС БССР, КПК пры ЦК УКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысавецкае падполле «звіло свае гнёзды» ў партыйным апараце, органах дзяржаўнай улады, наркаматах і грамадскіх арганізацыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі народа рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 г. павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18 чэрвеня 1938 г. у газеце «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. На з'ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦК УКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрвеня ў прэзідыуме з'явіўся сакратар ЦК УКП(б) А. А. Андрэеў разам з намеснікам загадчыка Аддзела кіруючых партыйных органаў ЦК УКП(б) П. К. Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на іншую работу, а ў склад ЦК КПБ(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З'езд выбраў ЦК КП(б)Б з 66 членаў і 23 кандыдатаў, Рэвізійную камісію КП(б)Б з 9 членаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3 1933—1945. — Мн., 1985.