VII з’езд КП(б)Б
Сёмы з’езд КП(б)Б, [XII канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 20 — 26 сакавіка 1923 г. у Мінску. Прысутнічала 154 дэлегаты з рашаючым і 115 з дарадчым голасам ад 3850 членаў і кандыдатаў у члены партыі. Парадак дня:
- справаздача ЦБ КП(б)Б (В. А. Багуцкі);
- справаздача Рэвізійнай камісіі КП(б)Б (Л. М. Бунін);
- справаздача Кантрольнай камісіі (А. Х. Гетнер);
- справаздача ЦК КСМБ (М. Б. Кузеніц);
- арганізацыя дзяржаўнай прамысловасці (А. С. Карпешын);
- нацыянальны момант у дзяржаўным і партыйным будаўніцтве (А. Р. Чарвякоў);
- падатковая палітыка ў вёсцы (В. А. Нодэль);
- аб кааперацыі (А. С. Славінскі);
- аб арганізацыйна-выхаваўчай рабоце (І. А. Вайнер);
- выбары кіруючых органаў і дэлегатаў на XII з’езд РКП(б).
У ходзе з’езда ў парадак яго работы дадаткова ўключаны даклад ЦК РКП(б) (П. М. Кержанцаў).
З’езд ухваліў дзейнасць КП(б)Б ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі (нэпа), адзначыў, што асновай пралетарскай дыктатуры з’яўляецца дзяржаўная прамысловасць, таму асноўная ўвага павінна аддавацца развіццю цяжкай індустрыі, а лёгкая — павінна дапамагаць яе развіццю. Важнае месца адводзілася пашырэнню розных форм кааперацыі. З’езд выказаў задавальненне стварэннем СССР. Адзначалася, што хутка адрадзіць Беларусь можна толькі шляхам яе ўзбуйнення і перагляду існуючага адміністрацыйнага падзелу БССР, Віцебскай і Гомельскай губерняў, што неабходна прывесці яго ў адпаведнасць з натуральна-гістарычнымі, эканамічнымі, вытворчамі і нацыянальна-культурнымі асаблівасцямі і далучыць да БССР тэрыторыі з большасцю беларускага насельніцтва. Такую пазіцыю камуністаў Беларусі падтрымліваў І. В. Сталін і іншыя члены ЦК РКП(б), супраць выступалі М. І. Калінін і шэраг партработнікаў Віцебскай і Гомельскай губерняў. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення класавага прынцыпу ў падаткаабкладанні. Былі акрэслены канкрэтныя мерапрыемствы па далейшым росце і ўмацаванні партыйных і камсамольскіх ячэек на прадпрыемствах, рэгуляванні сацыяльнага складу КП(б)Б, паляпшэнні ідэйна-выхаваўчай работы сярод камуністаў, Падкрэслівалася, што сакратары буйных ячэек на прадпрыемствах, у абласцях, саўгасах павінны быць вызвалены ад іншай работы. У дакументах з’езда праглядаюцца тэндэнцыі па стварэнні партыйнай бюракратыі, супярэчнасці паміж тэарэтычнымі палажэннямі аб нэпе, якія распрацоўвалі У. І. Ленін і яго паплечнікі, і той палітыкай, што праводзілася камуністамі ў жыццё. З’езд выбраў ЦБ КП(б)Б з 13 членаў і 6 кандыдатаў, Рэвізійную камісію КП(б)Б з 3 членаў і 3 кандыдатаў, Кантрольную камісію з 5 членаў і 3 кандыдатаў, 5 дэлегатаў на XII з’езд РКП(б).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. — Мн., 1983.
- Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). — Мн., 1967.
- Платонаў Р. Як пачалася беларусізацыя: Дыскусія на XII Усебеларускай партыйнай канферэнцыі // Роднае слова. — 2000. — № 4. — С.