XXXI з’езд КПБ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Трыццаць першы з'езд КПБ. Адбыўся 28 лістапада — 1 снежня 1990 г. у Мінску. Прысутнічалі 717 дэлегатаў ад 717 тысяч членаў і кандыдатаў у члены партыі (разам з вайсковымі арганізацыямі; 678 тысяч членаў і кандыдатаў у члены КПБ). Парадак дня:

  • справаздача ЦК КПБ і задачы партыйных арганізацый рэспублікі ў новых умовах (Я. Я. Сакалоў);
  • справаздача Рэвізійнай камісіі КПБ (І. Ф. Якушаў);
  • справаздача аб бюджэце і маёмасці КПБ (А. У. Навіцкі);
  • канцэпцыя Праграмы КПБ
  • пазіцыя і праграма дзеянняў КПБ у сувязі з пераходам рэспублікі на рыначныя адносіны;
  • Статут КПБ;
  • Палажэнне аб Кантрольнай камісіі (КК) КПБ;
  • выбары 1-га сакратара ЦК КПБ;
  • выбары старшыні КК КПБ, ЦК і КК КПБ;
  • рэзалюцыі, заявы і звароты XXXI з'езда КПБ.

Па рашэнні дэлегатаў у парадак дня дадаткова ўключаны пункт пра выбранне на з'ездзе прамым тайным галасаваннем усіх сакратароў ЦК КПБ. З'езд працаваў ва ўмовах, калі сістэмны крызіс, што ахапіў краіну, пачаў пераходзіць у крытычную фазу, за якой насталі дэзарганізацыя эканомікі, страта кантролю над грашовым абарачэннем, напаўненнем рынку таварамі і паслугамі, палітычны хаос, распад дзяржаўных структур. У прынятых з'ездам пастановах і рэзалюцыях абагульнены прапановы дэлегатаў, сфармуляваны бачанне КПБ сітуацыі, што склалася ў краіне ў ходзе перабудовы, а таксама меры, што намячалася ажыццявіць для стабілізацыі эканамічна і сацыяльна-палітычнага становішча. Усяго зацверджана 11 пастаноў і 11 рэзалюцый. Прыняты зварот да ўсіх камуністаў краіны мацаваць СССР. З'езд абраў 1-га і 2-га сакратароў, а таксама 4 сакратароў ЦК КПБ. На пленуме ЦК КПБ сфарміраваны Бюро ЦК КПБ з 24 членаў (уключала сакратароў абкомаў партыі), Сакратарыят ЦК КПБ з 6 членаў, 7 пастаянных камісій ЦК, зацверджана структура апарату.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Матэрыялы XXXI з'езда Камуністычнай партыі Беларусі. — Мн., 1991.