Літоўская мітраполія: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
др →‎Літаратура: вікіфікацыя, аўтаматычная перапрацоўка спасылкі на ЭнцВКЛ з дапамогай AWB
Replacing Navahradak,_Bazylanskaja._Наваградак,_Базылянская_(V._Dmachoŭski,_1856).jpg with File:Navahradak,_Sabornaja._Наваградак,_Саборная_(V._Dmachoŭski,_1856).jpg (by CommonsDelinker because: File renamed:
Радок 12: Радок 12:


== Літоўская мітраполія да 1415 года ==
== Літоўская мітраполія да 1415 года ==
[[Выява:Navahradak,_Bazylanskaja._Наваградак,_Базылянская_(V._Dmachoŭski,_1856).jpg|thumb|300px|[[Царква Святых Барыса і Глеба, Наваградак|Царква Св. Барыса і Глеба]] ў [[Навагрудак|Навагрудку]] (акварэль 1-й пал. [[XIX стагоддзе|XIX ст.]]), у якой адбываліся саборы мітраполіі]]
[[Выява:Navahradak, Sabornaja. Наваградак, Саборная (V. Dmachoŭski, 1856).jpg|thumb|300px|[[Царква Святых Барыса і Глеба, Наваградак|Царква Св. Барыса і Глеба]] ў [[Навагрудак|Навагрудку]] (акварэль 1-й пал. [[XIX стагоддзе|XIX ст.]]), у якой адбываліся саборы мітраполіі]]
Самастойная Літоўская мітраполія [[ВКЛ|Вялікага Княства Літоўскага]] была ўтворана ў пачатку XIV стагоддзя. Дакладных звестак аб часе яе заснавання няма. Зараз лічыцца, што яна заснавана ў 1316 ці 1317 годзе, бо ў 1317 годзе адзначана прысутнасць мітрапаліта Літоўскага Феафіла на пасяджэнні сінода ў Канстанцінопалі.
Самастойная Літоўская мітраполія [[ВКЛ|Вялікага Княства Літоўскага]] была ўтворана ў пачатку XIV стагоддзя. Дакладных звестак аб часе яе заснавання няма. Зараз лічыцца, што яна заснавана ў 1316 ці 1317 годзе, бо ў 1317 годзе адзначана прысутнасць мітрапаліта Літоўскага Феафіла на пасяджэнні сінода ў Канстанцінопалі.



Версія ад 11:56, 3 сакавіка 2021

Літоўская мітраполія — самастойная літоўская (беларуская) мітраполія Вялікага Княства Літоўскага, якая падпарадкоўвалася Канстанцінопальскаму патрыярхату і існавала ад пачатку XIV ст. (ад 1300 ці 1317 года) да 1596 года. Літоўская мітраполія была асяродкам праваслаўнага жыцця, асветы і культуры жыхарства Вялікага Княства Літоўскага. Літоўскі мітрапаліт па-грэчаску афіцыйна тытулаваўся «мітрапаліт Літвы» (μητροπολίτης Λιτβων). У 1354—56, 1356, 1378—1380 гадах Літоўскі мітрапаліт меў тытул мітрапаліта «ўсяе Русі». З 1415 і па 1596 год літоўскія мітрапаліты афіцыйна называліся мітрапалітамі Літоўскімі, Кіеўскімі і ўсяе Русі (паралельна Маскоўскія мітрапаліты называліся мітрапалітамі Маскоўскімі, Кіеўскімі і ўсяе Русі).

Праваслаўная царква ў раннім Вялікім Княстве Літоўскім

Дакладна ведама, што праваслаўнымі па веравызнанню былі вялікія князі літоўскія Войшалк (1264—1267) і Шварн Данілавіч (1267—1270). Таксама дакладна ведама, што праваслаўнымі былі многія сыны, сваякі і набліжаныя вялікіх князёў літоўскіх — напрыклад, сын і браты вялікага князя Трайдзеня, сыны вялікага князя Віценя. Паводле звестак Літоўскай метрыкі, праваслаўнаю была сястра вялікага князя Гедзіміна, у яе быў уласны манастыр у Вільні[1]. У канцы XIII стагоддзя ў Лаўрышаўскім манастыры, заснаваным пад Наваградкам вялікім князем Войшалкам, быў створаны бясцэнны помнік беларускай кніжнасці — Лаўрышаўскае Евангелле, якое зараз захоўваецца ў Польшчы.

Царква Св. Параскевы Пятніцы — найстаражытнейшая ўцалелая бажніца Вільні (заснавана ў 1345 г. жонкай вялікага князя Альгерда віцебскай княжной Марыяй Яраслаўнай)

Цэрквы на захадзе ВКЛ (ад Новагародка, Горадна, Крэва і на поўнач да Вількаміра і Коўна) са старажытнасці падпарадкоўваліся Тураўскаму епіскапу. Ад часу стварэння Літоўскай мітраполіі царкоўным асяродкам гэтых зямель стаў Наваградак, а пазней Вільня. На балцкіх землях ВКЛ (Вількаміршчына, Ковеншчына) ужо ў XIII-XIV стагоддзях існавала мноства праваслаўных прыходаў: усходнеславянскі пісьмовы помнік 1375 года «Імена всем градом рускім» пералічае ў Літве «грады»: Вільню, Мерач, Меднікі, Кернаў, Майшаголу, Вількамір, Старыя Трокі, Новыя Трокі, Коўна, Пуню і Пералай (гэта на тэрыторыі Віленшчыны, Ковеншчыны і Вількаміршчыны) — між тым, у навуцы даведзена, што «грады» ў спісе «Імена всем градом» былі цэнтрамі царкоўных прыходаў, якія плацілі даніну мітрапаліту[2]. Такім чынам, ужо ў XIV стагоддзі і на балцкай частцы Літвы існавала мноства арганізаваных праваслаўных прыходаў. У пачатку XIV стагоддзя ў Троках існавалі цэрквы Міколы Цудатворца і Ушэсця. Некалькі праваслаўных цэркваў было ў першай палове XIV стагоддзя і ў Вільні[3].

Праваслаўная культура і асвета гралі значную ролю ў Вялікім Княстве Літоўскім, будучы неад'емнай часткай жыцця вяльмож і культурных колаў. Яшчэ ў XVII стагоддзі гісторыкі адзначалі, што ў Літве нават каталіцкія ксяндзы трымаюць стары звычай насіць бароды, як гэта робяць праваслаўныя святары, і носяць мехавыя шапкі рускіх баяраў[4].

У 1303 годзе ў Галіцка-Валынскім княстве створана Галіцкая мітраполія (існавала з вялікімі перапынкамі да канца XIV ст.), адной з 7 епархій якой была Турава-Пінская. Некаторыя даследчыкі (Е. Галубінскі) лічаць, што галіцкі мітрапаліт ад 1303 г. меў тытул мітрапаліта Галіцка-Літоўскага.

Літоўская мітраполія да 1415 года

Царква Св. Барыса і Глеба ў Навагрудку (акварэль 1-й пал. XIX ст.), у якой адбываліся саборы мітраполіі

Самастойная Літоўская мітраполія Вялікага Княства Літоўскага была ўтворана ў пачатку XIV стагоддзя. Дакладных звестак аб часе яе заснавання няма. Зараз лічыцца, што яна заснавана ў 1316 ці 1317 годзе, бо ў 1317 годзе адзначана прысутнасць мітрапаліта Літоўскага Феафіла на пасяджэнні сінода ў Канстанцінопалі.

Аднак існуючы зараз прабел у літаратуры адносна заснавання Літоўскай мітраполіі можна патлумачыць недаследаванасцю гэтага пытання. Па дадзеных галоўнай крыніцы па гэтым пытанні — роспісе епархій Канстанцінопальскага стальца, зробленым візантыйскім імператарам Андронікам II[5] — Літоўская мітраполія ўтворана ў 1300 годзе. Прытым, як адзначае роспіс, Літва была епархіяй (ενορια), гэта значыць епіскапствам Русі яшчэ да 1300 года. Па словах роспісу, «τα Λιτβαδα ενορια οντα της μεσαλης 'Ρωσίας» (Літва, епархія Вялікай Русі) была павышана да ўзроўню мітраполіі ў 1300 годзе[6]. Візантыйскія дакументы XIV стагоддзя таксама сведчылі, што да пераўтварэння ў мітраполію Літва была епіскапствам: па словах патрыяршае граматы, «найсвяцейшае епіскапства Літоўскае» да пераўтварэння ў мітраполію «спачатна» падпарадкоўвалася Кіеўскаму мітрапаліту, прытым «складала немалую частку яго епархіі»[7].

Літоўскаму мітрапаліту ў 1317 г. падпарадкоўваліся Наваградскае, Полацкае і Тураўскае епіскапствы. Сядзіба мітрапаліта была ў Наваградку. Пазней яна перамясцілася ў Вільню, у Прачысценскую царкву, узведзеную вялікім князем Альгердам у 1346 годзе. Мітрапаліт падпісваўся ў сваіх лістах «мітрапаліт Літвы» (μητροπολίτης Λιτβων)[8].

На працягу XIV стагоддзя візантыйскія крыніцы нярэдка пісалі, што Літва ёсць частка Русі, і разумелі пад Літвою найперш вобласць Літоўскай мітраполіі. Візантыйскі гісторык Нікіфар Грыгара ў 1350-х гг. пісаў, што народ «Русь» падзяляецца на чатыры Русі, з якіх адна — амаль непераможная і не плаціць даніну Ардзе; гэтай чацвёртай «Руссю» ён называў Літву Альгерда[9].

Старажытная сталіца рускай мітраполіі Кіеў знаходзіўся з 1322 года пад уладаю вялікага князя літоўскага, таму мітрапаліт Літоўскі нярэдка пісаўся таксама і мітрапалітам «Кіеўскім і ўсяе Русі». Маскоўскія мітрапаліты даволі часта аспрэчвалі такое тытулаванне Літоўскіх мітрапалітаў. Гэтыя спрэчкі скончыліся тым, што з 1415 і па 1596 год у Вільні існавала мітраполія пад назвай «Літоўская, Кіеўская і ўсяе Русі», а ў Маскве паралельна — мітраполія «Маскоўская, Кіеўская і ўсяе Русі». Канцом мітраполіі Літоўскае і ўсяе Русі лічыцца адпадзенне яе ва унію ў 1596 годзе.

Да сярэдзіны XV ст. Канстанцінопальскі патрыярхат, які не жадаў канчатковага падзелу Праваслаўнай царквы Русі на царкву Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і царкву Вялікага Княства Маскоўскага, прызначаў мітрапалітаў у Наваградак нерэгулярна, нягледзячы на просьбы вялікіх князёў ВКЛ. Пасля смерці першага літоўска-наваградскага мітрапаліта Феафіла (1330) новы мітрапаліт не быў пастаўлены, епархіі ў ВКЛ адыйшлі пад уладу мітрапаліта кіеўскага ў Маскве (паводле некаторых даследчыкаў, з 1337 па 1347 год літоўскія епіскапствы падпарадкоўваліся Галіцкаму мітрапаліту). У 1355 у Наваградак прызначаны мітрапаліт Раман, якому падпарадкоўваліся 7 епархій на тэрыторыі ВКЛ і Галіцыі: Турава-Пінская, Полацкая, Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая, Холмская, Перамышльская. Пазней яму падпарадкавалася Бранскае епіскапства, а таксама часова — Цвярское.

Пасля смерці Рамана (1362) патрыярх канстанцінопальскі аднавіў адзінства мітраполіі ўсяе Русі. Вялікі князь Альгерд, аднак, жадаў, каб Літоўскаму мітрапаліту падпарадкоўвалася ўся Русь, і каб Літоўскі мітрапаліт быў мітрапалітам усяе Русі (як гэта часова было, напрыклад, ў часы Тэадарыта і Рамана). Таму Альгерд у 1375 годзе дабіўся, каб новы мітрапаліт Літоўскі Кіпрыян быў пастаўлены на сваю пасаду з умовай, што яму пяройдзе пасада мітрапаліта ўсяе Русі па смерці састарэлага тады Маскоўскага мітрапаліта Алексія. Так і здарылася: па смерці Алексія Кіпрыян быў у лютым 1378 года пастаўлены канстанцінопальскім патрыярхам і саборам на пасаду мітрапаліта Літоўскага, Кіеўскага і ўсяе Русі. Але яго прыезд у Маскву ў чэрвені 1378 года ледзьве не скончыўся трагічна: ён разам са спадарожнікамі быў выгнаны маскоўскім князем Дзмітрыем з горада, у адказ на што Кіпрыян адлучыў Дзмітрыя ад царквы[10]. З гэтага пачалася цяжба між Масковіяй і Літвой, звязаная з барацьбою за ўладу ва ўсіх сферах. У 1381 годзе, у выніку невядомае інтрыгі, Кіпрыян быў пастаўлены маскоўскім вялікім князем Дзмітрыем на пасаду мітрапаліта Маскоўскага і ўсяе Русі, пасля таго, як быў з пашанай сустрэты ў Маскве асабіста вялікім князем Дзмітрыем. Пасля Кіпрыян працягваў падтрымліваць цесныя сувязі з Вялікім Княствам Літоўскім: так, з ім неаднаразова сустракаўся кароль Валадыслаў Ягайла і вялікі князь Вітаўт.

Пасля 1415 года

Прачысценская царква ў Вільні, збудаваная ў 1346 годзе. Сядзіба Літоўскай мітраполіі ў 15-16 стагоддзях.

У 1415 годзе пад кіраўніцтвам вялікага князя Вітаўта сабор праваслаўнага духавенства ў Наваградку абвясціў незалежнасць Праваслаўнай царквы ВКЛ ад мітраполіі ў Маскве. Абвяшчалася аднаўленне самастойнае, незалежнае ад Масквы Кіеўскай мітраполіі, але сядзібай мітрапаліта фактычна быў Наваградак ці (часцей) Вільня, «Кіеўскім» ён называўся адно па тытуле. Сядзібай мітрапаліта Літоўскага і Кіеўскага ў Вільні была Прачысценская царква, збудаваная па загаду вялікага князя літоўскага Альгерда ў 1346 годзе. Ад 1415 і да 1596 года Літоўскі мітрапаліт афіцыйна называўся мітрапалітам Літоўскім, Кіеўскім і ўсяе Русі (паралельна Маскоўскія мітрапаліты называліся мітрапалітамі Маскоўскімі, Кіеўскімі і ўсяе Русі).

У 1420 годзе пасля мітрапаліта Грыгорыя Цамблака кіраўніком Праваслаўнай царквы ў ВКЛ быў прызнаны кіеўскі мітрапаліт (у Маскве) Фоцій. У 1458 Праваслаўная царква ў ВКЛ і Вялікім княстве Маскоўскім канчаткова падзялілася на 2 незалежныя адна ад адной мітраполіі: Кіеўскую з цэнтрам у Наваградку ці Вільні (у 1472 мітрапаліт Рыгор Балгарын атрымаў кананічнае прызнанне Канстанцінопальскага патрыярха) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). Ад таго часу да сярэдзіны XVI ст. з 12 мітрапалітаў Праваслаўнай царквы ў ВКЛ (мелі тытул мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі) 9 мелі родавыя маёнткі на Беларусі або займалі высокія месцы ў беларускай царкоўнай іерархіі.

У сярэдзіне XVI ст. ў склад Літоўскай мітраполіі ўваходзіла 9 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзіміра-Валынская. Тады ж у Вільні было не менш за 17 цэркваў, у Навагрудку — 10, у Берасці і Полацку — па 9, у Віцебску — 7, у Гародні і Слоніме — па 6, у Магілеве, Клецку і Слуцку — па 5.

Па сведчаннях сучаснікаў, яшчэ ў сярэдзіне 16 ст. у Вільні было ўдвая болей праваслаўных цэркваў, чым каталіцкіх касцёлаў.

У XV—XVI ст., калі вялікія князі ВКЛ сталі актыўна спрыяць каталіцкай канфесіі, праваслаўная царква і праваслаўная свецкая знаць павялі барацьбу за свае правы. 15 кастрычніка 1432 яны дамагліся ад Ягайлы выдання прывілея, які ўраўноўваў праваслаўных феадалаў у правах з католікамі і такім чынам аслабляў Гарадзельскі прывілей 1413 года. Прывілеем 1434 года вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча праваслаўная знаць атрымала саслоўную роўнасць у правах з каталікамі, але па-ранейшаму абмяжоўвалася ў кіраванні дзяржавай. У 1563 Жыгімонт II Аўгуст скасаваў Гарадзельскі прывілей і ў 1568 пацвердзіў гэта. Асноўныя палажэнні аб верацярпімасці да праваслаўных зафіксаваны ў «Акце Варшаўскай Канфедэрацыі» 1573, а потым перанесены ў Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. У 1592 прынята каралеўская грамата аб тым, каб свецкія ўлады не ўмешваліся ў справы Праваслаўнай царквы. Асобнымі каралеўскімі граматамі ў 1592 зацверджаны праваслаўныя брацтвы ў Мінску і Берасці.

У выніку Берасцейскай уніі 1596 Праваслаўная царква апынулася ў цяжкім становішчы: большасць епіскапаў на чале з мітрапалітам Міхаілам Рагозам перайшла ва уніяцтва. Праваслаўная царква ў ВКЛ, як кананічнае цэлае, перастала існаваць. Пачалося змаганне з уніятамі за бажніцы і манастыры. Літоўская мітраполія спыніла сваё існаванне з адпадзеннем мітрапаліта і большай часткі духавенства ва ўніяцтва. У 1620 годзе канстанцінопальскім патрыярхам быў пастаўлены новы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, але ён меў сядзібу ў Кіеве.

Уплыў

На працягу стагоддзяў Праваслаўная царква адыгрывала значную ролю ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі: развіцці школьніцтва, пашырэнні кніжнай навукі і пісьменства, судаводстве (справы, звязаныя з парушэннем царкоўных канонаў; духавенства часта выступала дарадцамі князёў). Але з пачаткам уціску каталіцтва (15 ст.) духоўнае жыццё часам было занядбаным. Царкоўныя саборы не склікаліся па некалькі дзесяткаў год, не зважаючы на кананічнае патрабаванне штогадовых сабораў. Іерархі і святары набывалі сабе пасады, жылі мірскім жыццём, як звычайная шляхта, парушалі праваслаўныя каноны. У выніку аўтарытэт духавенства зніжаўся.

Цікавыя факты

Візантыйскі імператар Іаан V Палеалог.
  • Вялікую прыязнасць да Літвы мелі канстанцінопальскі патрыярх Філафей Кокінас і візантыйскі імператар Іаан V Палеалог, якія спрыялі намерам вялікага князя літоўскага Альгерда пашырыць Літоўскую мітраполію. Імаверна, за гэта патрыярх Філафей і імператар Іаан V былі названы баярамі маскоўскага князя «літвінамі»[11].
  • Найменне «літвін» засталося ў суседніх культурах, як сінонім чараўніка, кагосьці звязанага з нячыстай сілай, непрыязнага хрысціянству[крыніца?]. З даўніх часоў і яшчэ да 19 стагоддзя ў Польшчы і Украіне былі вядомы прыказкі: «З літвіна не будзе хрысціяніна», «Вялікі чараўнік — сказана літвін», «Літвін — то чортаў сын».

Гл. таксама

Зноскі

  1. Д. Баронас. Древнейшие следы пребывания русских в Вильнюсе. // Балты в древности и средневековье: языки, история, культура / Отв. ред. М. В. Завьялова. — М., 2000
  2. М. Н. Тихомиров. Русское летописание. М.: Наука, 1979. с. 95; Насонов А. Н. «Русская земля» и образование территории Древнерусского государства. М.: Изд-во АН СССР, 1951. с. 142.
  3. Православные храмы Литвы. Св.-Духов монастырь. Вильнюс, 2006; Виноградов А. А. Православные святыни г. Вильны. — Вильна. Вилен. Свято-Духов. братства, 1906.
  4. Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди. — Вестн. Зап. России, 1869, т. IV, кн. 11, с. 51.
  5. Gelzer H. Ungedruckte und ungenugend veroffentlichte Texte der Notitiae Episcopatuum, ein Beitrag zur byzantinischen Kirchen — und Verwaltungsgeschichte. // Munchen, Akademie der Wissenschaften, Hist., l, Abhandlungen, XXI, 1900, Bd. III, ABTH; Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам XIV в. // Русское обозрение. 1894. кн. 5 (май). с. 236—241; Шевченко И. И. Некоторые замечания о политике Константинопольского патриархата по отношению к Восточной Европе в XIV в. // Славяне и их соседи. Вып. 6. Греческий и славянский мир в средневековье и раннее новое время. Москва, 1996. с. 134—135.
  6. Шевченко И. И. Некоторые замечания о политике Константинопольского патриархата по отношению к Восточной Европе в XIV в. // Славяне и их соседи. Вып. 6. Греческий и славянский мир в средневековье и раннее новое время. Москва, 1996. с. 134—135.
  7. Памятники древнерусского канонического права / РИБ, т. 6, СПб., 1880. стб. 92-94.
  8. Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам XIV в. // Русское обозрение. 1894. кн. 5 (май). с. 236—241.
  9. Памятники древнерусского канонического права / РИБ, т. 6, СПб., 1880. стб. 72-76; прил., стб. 198; Шевченко И. И. Некоторые замечания о политике Константинопольского патриархата по отношению к Восточной Европе в XIV в. // Славяне и их соседи. Вып. 6. Греческий и славянский мир в средневековье и раннее новое время. Москва, 1996. с. 134—135
  10. Митрополит Киприан и московский сепаратизм (1376-1381) на сайце "Седмица.ру"
  11. З ліста Літоўскага мітрапаліта Кіпрыяна з 23 чэрвеня 1378 года: «Патриарха литвином назвали, царя тако же». (Памятники древнерусского канонического права, I. Русская историческая библиотека, VI, СПб., 1880. стлб. 185).

Літаратура

Спасылкі