Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне
Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне (Цячэнне Заходніх вятроў) — паверхневае цячэнне ў Паўднёвым паўшар'і. Напрамак цячэння з захаду на ўсход паміж 40° і 55° паўднёвай шыраты, абкружае зямны шар, перасякаючы Атлантычны, Індыйскі і Ціхі акіяны, у якіх адпаведна адгаліноўваецца халодныя цячэнні Бенгельскае, Заходне-Аўстралійскае і Перуанскае. Працягласць да 30 тысяч км, шырыня каля 1000 км. Утвараецца ў паверхневым слоі пад уздзеяннем пераважных у гэтых шыротах заходніх вятроў. Стрыжань цячэння супадае з паўднёвым палярным фронтам, які аддзяляе адносна цёплыя воды паўднёвай часткі Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў ад халодных антарктычных вод.
Скорасць 0,4-0,9 км/гадз. Тэмпература вады паверхневага слоя 12-15 °C у паўночнай частцы цячэння і 1-2 °C у паўднёвай. Салёнасць адпаведна ад 35 % да 34 %.
Зону цячэння Заходніх Вятроў з-за частых і моцных штормаў называюць «равучымі саракавымі» шыротамі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).