Проціцячэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Проціцячэнне — цячэнне, накіраванае супраць асноўных вятроў у дадзеным раёне або супраць руху асноўных ўстойлівых цячэнняў. Прынята вылучаць (паколькі яны маюць розную механіку) паверхневыя, падпаверхневыя і глыбінныя проціцячэнні.

Найбольш вядомымі з’яўляюцца межпасатныя паверхневыя проціцячэнні, якія былі апісаны яшчэ ў XIX стагоддзі. Іх выклікае папярочная нераўнамернасць пасатных вятроў, таму дадзеныя проціцячэнні наўпрост залежаць ад іх інтэнсіўнасці.

Пасатамі (і пасатнымі цячэннямі) абумоўлены таксама падпаверхневыя экватарыяльныя проціцячэнні цячэнне Кромвела ў Ціхім і цячэнне Ламаносава ў Атлантычным акіянах.

Падпаверхневыя проціцячэнні выклікаюцца канстантным градыентам ціску, які ствараецца асноўным цячэннем, і таму з’яўляюцца значна больш устойлівымі. Пры з’яўленні неаднароднасцей або паслаблення вятроў падпаверхневыя проціцячэнні могуць «вынырваць» на паверхню і назірацца ў якасці паверхневых проціцячэнняў.

Да ліку найбольш магутных паверхнева-падпаверхневых проціцячэнняў адносіцца Перуана-Чылійскае проціцячэнне (проціцячэнне Гюнтэра). Яно накіравана на поўдзень уздоўж заходняга ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі паміж накіраванымі на поўнач Перуанскім акіянічным і Перуанскім прыбярэжным цячэннямі (гл. Перуанскае цячэнне). Больш слабае проціцячэнне назіраецца каля заходніх берагоў Афрыкі (у раёне Анголы і Намібіі).

Найбольш яркім прыкладам глыбіннага проціцячэння можа лічыцца глыбіннае проціцячэнне пад Гальфстрымам, якое рухаецца на поўдзень на глыбіні 2-5 км з хуткасцю да 20 см/с.[1][2]

Часам вылучаюць таксама прыдонныя проціцячэнні, якія можна назіраць у пралівах, якія вядуць у басейны з рэзка адрознай шчыльнасцю, тэмпературай і/або салёнасцю вады. Напрыклад, у Гібралтарскім праліве або ў Басфоры. Прычым паверхневае цячэнне ў названых выпадках накіравана ў басейн большай шчыльнасці, а прыдонныя — у басейн з меншай шчыльнасцю.

Зноскі