Бабруйская аперацыя
Бабруйская аперацыя | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Аперацыя «Баграціён» (Вялікая Айчынная вайна) | |||
| |||
Дата | 24—29 чэрвеня 1944 | ||
Месца | Усходняя Беларусь | ||
Вынік | перамога СССР | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бабруйская аперацыя (24—29 чэрвеня 1944 года) — франтавая аперацыя РСЧА СССР супраць нямецкіх войск у час Вялікай Айчыннай вайны, праведзеная ва Усходняй Беларусі. З’яўляецца складовай часткай стратэгічнай Беларускай аперацыі.
Праводзілася войскамі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі К. Ракасоўскага. Вынікамі аперацыі сталі прарыў абароны праціўніка, акружэнне і разгром галоўных сіл 9-й арміі вермахта, вызваленне значнай тэрыторыі Беларусі, стварэнне ўмоў для наступнага наступлення на мінскім і баранавіцкім напрамках[2].
Планы савецкага камандавання
[правіць | правіць зыходнік]Задума савецкага камандавання заключалася ў нанясенні па нямецкіх войсках удараў па збежных напрамках: Паўночная групоўка (3-я і 48-я арміі, 9-ы танкавы корпус) наступала з раёна на поўнач ад Рагачова ў напрамку на Бабруйск — Асіповічы, Паўднёвая групоўка (65-я і 28-я арміі, 1-ы гвардзейскі танкавы корпус, КМГ фронту генерала Пліева) — з раёна на поўдзень ад Парычаў у агульным кірунку на Старыя Дарогі — Слуцк, пры гэтым рухомыя часці абедзвюх груп павінны былі злучыцца на захад ад Бабруйска з мэтай акружэння і знішчэння асноўных сіл 9-й нямецкай арміі. Затым войскі павінны былі развіваць далейшае наступленне да мяжы Пухавічы — Слуцк[3].
Адпаведна для падтрымкі двух наступаючых груповак фронту былі створаны Паўночная і Паўднёвая авіяцыйныя групы.
Па плане, зацверджаным стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання, правядзенне Бабруйскай аперацыі было намечана на першым этапе аперацыі «Баграціён», на правым флангу 1-га Беларускага фронту. Першачарговай задачай савецкіх войск з’яўляўся прарыў абароны вермахта з пяці абарончых рубяжоў: першы — Друць і Дняпро, другі – Дабрыца, трэці – Добысна, чацвёрты – Ола, пяты – Бярэзіна. З мэтай прарыву абарончых рубяжоў праціўніка, савецкае камандаванне стварыла магутныя ўдарныя групоўкі[2]. Задума камандуючага фронтам К. Ракасоўскага складаўся ў прарыве абароны праціўніка на двух участках, пасля чаго Чырвоная армія павінна была наступаць па двух напрамках, ахопліваючы і ў канчатковым выніку акружаючы групоўку вермахта ў раёне Бабруйска. Адначасова з яе знішчэннем савецкія войскі павінны былі выйсці ў раён Пухавічаў і Слуцка[2].
Расстаноўка сіл
[правіць | правіць зыходнік]СССР
[правіць | правіць зыходнік]- 1-ы Беларускі фронт (камандуючы генерал арміі К. К. Ракасоўскі)
- 3-я армія
- 28-я армія
- 48-я армія
- 65-я армія
- 16-я паветраная армія (2 300 самалётаў, у тым ліку 495 бамбардзіроўшчыкаў, 675 штурмавікоў, 1 040 знішчальнікаў, 90 разведчыкаў)
- 1-ы гвардзейскі танкавы корпус
- 9-ы танкавы корпус
- Дняпроўская ваенная флатылія
- злучэнні авіяцыі далёкага дзеяння
Германія
[правіць | правіць зыходнік]- частка групы армій «Цэнтр» (камандуючы генерал-фельдмаршал Э. фон Буш)
- 9-я армія (камандуючы генерал пяхоты Г. Ёрдан, з 27 чэрвеня генерал Н. фон Форман)
- 35-ы армейскі корпус
- 41-ы танкавы корпус
- 55-ы армейскі корпус
- у рэзерве знаходзіліся 707-я пяхотная дывізія і 20-я танкавая дывізія
- 9-я армія (камандуючы генерал пяхоты Г. Ёрдан, з 27 чэрвеня генерал Н. фон Форман)
Ход баявых дзеянняў
[правіць | правіць зыходнік]Войскі 1-га Беларускага фронту перайшлі ў наступленне на досвітку 24 чэрвеня. У першыя дні аперацыі спрыяльна развіваліся падзеі ў паласе левага фланга фронту. У 12 гадзін дня з паляпшэннем надвор’я з’явілася магчымасць нанесці першы масіраваны ўдар авіяцыяй. Войскі 65-й і 28-й армій пры актыўнай падтрымцы авіяцыі ў першы дзень наступлення ўклініліся ў нямецкую абарону на 10 км, вызвалілі каля 50 населеных пунктаў, пашырыўшы ўчастак прарыву да 30 км. Каб развіць поспех і адрэзаць немцам шляхі адыходу з Бабруйска, камандуючы 65-й арміяй генерал П. І. Батаў увёў у бой 1-ы гвардзейскі танкавы корпус. Да зыходу трэцяга дня злучэнні 65-й арміі выйшлі да Бярэзіны, а войскі 28-й арміі фарсіравалі раку Пціч[4]. Сухапутныя часці падтрымлівалі караблі Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Імі былі высаджаны паспяховыя дэсанты ў вёсцы Здудзічы і ў раёне Скрыгалава—Конкавічы.
Павольней развівалася наступленне ў паласе правай ударнай групоўкі 1-га Беларускага фронту на Рагачоўска-Бабруйскім напрамку, дзе дзейнічалі 3-я і 48-я арміі. Дывізіі двух стралковых карпусоў, адбіваючы контратакі пяхоты і танкаў, авалодалі толькі першай і другой траншэямі. З вялікімі цяжкасцямі ішло наступленне ў паласе 48-й арміі. Шырокая багністая пойма ракі Друць вельмі замарудзіла пераправу пяхоты і танкаў. Толькі пасля двухгадзіннага напружанага бою савецкія часці выбілі немцаў з першай траншэі і да 12 гадзін дня занялі другую траншэю. На поўнач ад кірунку галоўнага ўдару супраціў праціўніка аказаўся слабей. Савецкае камандаванне вырашыла перагрупаваць свае сілы на поўнач і развіваць наступленне на новым кірунку.
Конна-механізаваная група генерала Пліева, уведзеная на другі дзень аперацыі, у паласе наступлення 28-й арміі наступала ў паўночна-заходнім кірунку і да 26 чэрвеня выйшла да ракі Пціч у раёне Глуска і месцамі фарсіравала яе. У ноч на 27 чэрвеня 1-ы гвардзейскі танкавы корпус, здзейсніўшы манеўр, перарэзаў дарогі ад Бабруйска на захад і паўднёвы захад. Вялікую дапамогу наступаўшым злучэнням аказвала 16-я паветраная армія, наносячы бесперапынныя ўдары па адыходзячым войскам і пераправам праз Бярэзіну.
Аднавілася наступленне і войск 3-й арміі. Але развівалася яно павольна. Тады па ўказанні камандавання фронту камандуючы 3-й арміяй генерал А. В. Гарбатаў раніцай 25 чэрвеня ўвёў у бой 9-ы танкавы корпус. Здзейсніўшы майстэрскі манеўр па лясіста-балоцістай мясцовасці, танкісты пры падтрымцы двух авіядывізій пачалі імкліва прасоўвацца ўглыб абароны праціўніка і да раніцы 27 чэрвеня сталі абыходзіць Бабруйск з поўначы, дзе корпус злучыўся з 1-м гвардзейскім танкавым корпусам, завяршыўшы акружэнне 40-тысячнай групоўкі праціўніка. У акружэнне трапіла 6 дывізій — 40 тыс. салдат і афіцэраў (па іншых даных каля 70 тыс. чалавек[5]) і вялікая колькасць узбраення і баявой тэхнікі. Да гэтага часу 65-я армія выйшла на подступы да Бабруйска, а 28-я армія вызваліла Глуск.
Акружаныя нямецкія дывізіі спрабавалі прарвацца, з тым каб разам з 4-й арміяй стварыць абарону на Бярэзіне і на подступах да Мінска. Аднак масіраваны налёт 526 самалётаў 16-й паветранай арміі, які доўжыўся паўтары гадзіны, прычыніў немцам велізарныя страты і канчаткова дэмаралізаваў іх. У акружаных часцей пачалася паніка, многія салдаты кідалі зброю і спрабавалі выбрацца з акружэння на захад самастойна[6]. Пазней у зоне авіяўдару было знойдзена звыш 1 000 трупаў нямецкіх салдат і афіцэраў. Шмат было падбітай і спаленай тэхнікі: 150 танкаў і штурмавых гармат, каля 1 000 артылерыйскіх гармат, да 6 000 аўтамашын, 300 цягачоў, да 3 000 конных павозак з грузамі[7].
Да сярэдзіны дня 28 чэрвеня падышоўшыя войскі 48-й арміі ўдарамі з некалькіх напрамкаў у асноўным знішчылі акружаную групоўку праціўніка[8]. Толькі 5-тысячнай групе немцаў удалося прарвацца ў напрамку да Асіповічаў, але і яна неўзабаве была ўзятая ў палон. 29 чэрвеня Бабруйск, у якім трымала абарону 383-я пяхотная дывізія, узяты савецкімі войскамі.
Вынікі і наступствы
[правіць | правіць зыходнік]У выніку Бабруйскай аперацыі войскі 1-га Беларускага фронту за 5 сутак акружылі і разграмілі галоўныя сілы 9-й нямецкай арміі і стварылі ўмовы для імклівага наступлення на Мінск і Баранавічы. Да зыходу 29 чэрвеня яны прасунуліся да 110 км. Акружэнне Бабруйскай групоўкі ў аператыўнай глыбіні было дасягнута двухбаковым ахопам, ажыццёўленым у кароткія тэрміны. Найважнейшая асаблівасць знішчэння гэтай групоўкі — масіраванае прымяненне авіяцыі фронту. Дваццаць злучэнняў і часцей, якія вызначыліся ў аперацыі, былі ўдастоены ганаровага наймення «Бабруйскія»[3].
Адначасова з завяршэннем знішчэння нямецкіх войскаў на паўднёвы ўсход ад Бабруйска і ў самім горадзе, асноўныя сілы 3-й, 65-й і 28-й армій ва ўзаемадзеянні з партызанамі працягвалі наступленне ў паўночна-заходнім і заходнім кірунках. Пераследуючы нямецкія войскі, прарвалі абарону ворага на р. Пціч і вызвалілі г.п. Глуск. Конна-механізаваная група прасунулася больш чым на 50 км, вызваліўшы населеныя пункты Глуша і Гарадок, горад і чыгуначную станцыю Старыя Дарогі. Да 29 чэрвеня войскі 1-га Беларускага фронту на чацвёра сутак раней вызначанага планам аперацыі тэрміну паспяхова вырашылі пастаўленыя задачы[2].
Па даных штабоў савецкіх войскаў, у выніку баёў толькі за Бабруйск нямецкія войскі панеслі значныя страты — былі знішчаны больш за 7 тысяч салдат і афіцэраў, узята ў палон да 2 тысяч чалавек, захопленыя 12 эшалонаў з харчаваннем, фуражом і рыштункам, звыш 400 артылерыйскіх гармат, 60 танкаў і штурмавых гармат, больш за 500 аўтамашын[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ ЦАМО РФ ф. 233, оп. 2356, д. 256, л. 282-284
- ↑ а б в г д Бобруйская наступательная операция (24 — 29 июня 1944 г.) . Министерство обороны РФ. Архівавана з першакрыніцы 29 лістапада 2021. Праверана 13 студзеня 2023.
- ↑ а б 60 лет победы. Бобруйская операция 1944 года
- ↑ Разгром немецкий войск под Витебском, Бобруйском и Могилёвом(недаступная спасылка)
- ↑ Rolf Hinze: Ostfrontdrama 1944 — Rückzugskämpfe der Heeresgruppe Mitte: Motorbuchverlag Stuttgart 1988
- ↑ David M. Glantz, Harold S. Orenstein; Belorussia 1944 — The Soviet General Staff Study; ISBN 0-415-35116-2; S. 85
- ↑ Цыкин А. Авиация 16-й воздушной армии при разгроме группировки противника под Бобруйском. // Военно-исторический журнал. — 1962. — № 7. — С.15-28.
- ↑ Катастрофа немецкой группы армий «Центр» в Белоруссии. Освобождение восточных районов Польши
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- История Второй мировой войны 1939—1945, т. 9. — М., 1978.
- История Великой Отечественной войны Советского Союза 1941—1945, т. 4. — М., 1962.
- Освобождение Белоруссии 1944, 2 изд. — М., 1974.
- Болдырев П. С. Бобруйская операция. — М., 1945.
- Синицын М. В. Операция «Багратион». Оба удара главные… — М., 2019.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Бобруйская наступательная операция (24—29 июня 1944 г.) Архівавана 31 кастрычніка 2023. на сайте Минобороны России