Глуша (пасёлак)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Пасёлак
Глуша
Поселок Глуша, музей народного зодчества.jpg
Музей народнага дойлідства
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Заснаваны
Вышыня цэнтра
166 м
Насельніцтва
1 284 чалавекі (2014)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 225
Паштовы індэкс
213844
Аўтамабільны код
6
Глуша на карце Беларусі ±
Глуша (пасёлак) (Беларусь)
Глуша (пасёлак)
Глуша (пасёлак) (Магілёўская вобласць)
Глуша (пасёлак)

Глу́ша[1] (трансліт.: Hluša, руск.: Глуша) — пасёлак у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Глушанскага сельсавета. Знаходзіцца за 29 км на захад ад Бабруйска, за 30 км на паўднёвы ўсход ад Асіповічаў, на аўтадарогах Бабруйск — Слуцк (Р43) і Асіповічы — Глуск (Р34). Насельніцтва 1 284 чал. (2014).

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ландшафт мясцовасці хвалісты з шыракаліста-яловымі і хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Бабруйскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6 °C-6,5 °C, ліпеня +18 °C- 18,5 °C. Сярэднегадавая норма ападкаў складае каля 600 мм, у сярэднім выпадае 586 мм ападкаў у год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 193 дні. Пераважаюць вятры заходніх і паўднёва-заходніх напрамкаў. Прыпяцкі артэзіянскі басейн. Каля пасёлка праходзіць вадападзел басейнаў рэк Дняпро і Прыпяць.

За 1,7 км на паўднёвы ўсход ад пасёлка знаходзіцца радовішча пяскоў. Пластавыя паклады звязаны з надмарэннымі флювіягляцыянальнымі адкладамі. Пяскі буравата-жоўтыя, шэрыя, шпатава-кварцавыя, пераважна дробназярністыя, з праслойкамі і лінзамі жвіру, месцамі гліністыя. Разведаныя запасы 5,77 млн. m³, перспектыўныя 0,51 млн. m³. Магутнасць карыснай тоўшчы 4-25,4 м. Пяскі прыдатны для прыгатавання будаўнічых раствораў і дарожнага будаўніцтва.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паселішча заснавана ў сувязі з будаўніцтвам шклозавода (1896) і развіццём дрэваапрацоўчых промыслаў. На пачатку ХХ стагоддзя Глуша ў складзе Гарадкоўскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, 239 жыхароў. Дзейнічаюць лесапільны, смалярны заводы, шклозавод, млын, карчма. У 1911 годзе адкрыта першае на тэрыторыі сучаснага Бабруйскага раёна паштовае аддзяленне (загадчык У. А. Саскавец).

У сакавіку 1917 года створаны рабочы Савет. У 1920 годзе ў Глушы адкрыўся фельчарскі пункт, у 1924 годзе рэарганізаваны ва ўрачэбную амбулаторыю. У 1921 годзе ў пасёлку адкрыта пачатковая школа, у 1924 годзе — хата-чытальня. У 1924 годзе пасёлак электрыфікаваны. У 1925 годзе каля Глушы дзейнічала смалакурня. У 1926 годзе адкрыта бальніца на 15 ложкаў. У 1930-я гады пабудаваны новыя школа, дзіцячыя яслі і садок, магазін, клуб, пры клубе дзейнічае кінаўстаноўка «Камінтэрн», новыя дамы для завадчан. З 20.08.1924 года ў складзе 1-га Бабруйскага, з 04.08.1927 года — Бабруйскага раёнаў Бабруйскай акругі БССР. З 1931 да 11.04.1960 года цэнтр Рымавецкага сельсавета (у 1947 годзе ў складзе сельсавета 41 населены пункт). З 20.02.1938 года ў складзе Магілёўскай, з 20.09.1944 года Бабруйскай, з 08.01.1954 года Магілёўскай абласцях. 15.07. 1935 года Глушы наданы статус рабочага пасёлка.

З чэрвеня 1941 па 27.06.1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1942—1943 гадах дзейнічала падпольная антыфашысцкая группа (у групе больш за 40 чалавек, кіраўнік І. Р. Гарнастай). Падпольшчыкі вялі агітацыйную работу сярод насельніцтва, здабывалі боепрыпасы, зброю, медыкаменты, паперу, харчы і перадавалі партызанам. Яны двойчы выводзілі са строю абсталяванне гуты. Многія падпольшчыкі ў 1942—1943 гадах пайшлі ў партызаны. 300 жыхароў Глушы ваявалі на фронце і ў партызанах, 112 з якіх загінулі.

У 1948—1949 годах працаваў торфазавод «Звязда». З 1960 года Глуша — цэнтр Глушанскага пасялковага Савета. З 15.01.1963 года абласнога, з 27.01.1965 года раённага падпарадкавання. У 1997 годзе ў Глушы працуюць лясніцтва, шклозавод «Камінтэрн», бальніца, аптэка, сярэдняя школа (пры школе краязнаўчы музей), дзіцячыя яслі-сад, музычная школа, аддзяленні сувязі і ашчаднага банка, бібліятэка, Дом быту, клуб, стадыён. 23 снежня 2011 года статус паніжаны да пасёлка[2].

Шклозавод «Камінтэрн»[правіць | правіць зыходнік]

У 90-я гады XIX стагоддзя гаспадар маёнтка Глуша падпалкоўнік С. М. Грыцэнка пачынае будаўніцтва шклозавода. Будаўніцтва вядзецца за 1 км на ўсход ад маёнтка пасярод вялікага ляснога масіву пры шасейнай дарозе Масква-Варшава. Ужо ў 1896 годзе шклозавод даў першую прадукцыю — ліставае шкло і бутэлькі. У 1898 годзе пры шклозаводзе пабудаваны першы жылы дом, у якім жылі рабочыя завода. У 1908 годзе на шклозаводзе выраблена прадукцыі (бутэлькі, аконнае і лямпавае шкло) на 65500 рублёў, працуе 60 рабочых, усталяваны паравы рухавік. Завод ва ўласнасці бабруйскіх купцоў братоў Ц. Я. і Е. Я. Ашкеназаў.

У канцы мая 1917 года шклозавод спынены, 150 рабочых атрымалі разлік. У час безуладдзя 1918—1920 годоў завод значна пацярпеў, частка абсталявання была разрабавана. У 1920 годзе шклозавод быў адноўлены і даў першую прадукцыю. За першую палову снежня 1920 года на заводзе было выпушчана 5700 лістоў шкла, больш за 44000 адзінак аптэкарскага посуду, 3600 леек, больш за 4000 прадметаў гаспадарчага і медыцынскага ўжытку. На 01.10.1924 года шклозавод «III-і Інтэрнацыянал», дзяржаўная ўласнасць, 255 працуючых, з іх 245 рабочых. У 1925 годзе па выпуску асноўнай прадукцыі завод дасягнуў узроўню 1913 года. У 1924 годзе на шклозаводзе зманціравалі першы лакамабіль, які даў электрычнасць вытворчасці і пасёлку, здадзена ў эксплуатацыю помпавая станцыя. З мэтай забеспячэння завода палівам пачалі праводзіць чыгуначную вузкакалейную лінію да торфапрадпрыемства «Чырвоная зорка», якое знаходзілася за 18 км ад Глушы. У 1926 годзе зарплата рабочых склала 44 рублі ў месяц. Праводзілася рэканструкцыя завода — устаноўлена новая печ замежнай вытворчасці, узведзены новы драўляны будынак прадпрыемства, зроблены артэзіянскі калодзеж, уведзены ў эксплуатацыю вадаправод. Для работнікаў завода пабудаваны новы дом на 6 кватэр. У 1927 годзе завод «Камінтэрн» набыў першую аўтамашыну-паўтаратонку. У 1933 годзе шклозавод выпусціў валавой прадукцыі на 928000 рублёў, кошт асноўных фондаў склаў каля 500000 рублёў. На заводзе працавала 400 чалавек, 340 з іх былі рабочыя.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны калектыў завода складаў 600 чалавек. З пачатку вайны 120 работнікаў завода пайшлі ў Чырвоную Армію. У гады акупацыі шклозавод працягваў работу. У 1943 годзе завод быў падарваны партызанамі брыгады «імя Пархоменкі», абсталяванне і маёмасць завода былі моцна пашкоджаны, ацалелае — разрабавана.

07.07.1944 года на шклозаводзе пачаліся аднаўленчыя работы, 20.10.1945 года дана першая прадукцыя. У 1955 годзе калектыў завода складаў 541 чалавек, выраблена 14 млн бутэлек. У 1965 годзе выраблена 23 млн адзінак шклопрадукцыі. У 1993 годзе створана акцыянернае таварыства, 440 работнікаў, 17 найменняў прадукцыі. З 1995 па 2002 год ААТ «Шкло-Глуша».

Лесапільня Лур’е і Памеранц[правіць | правіць зыходнік]

Лесапільня працавала з 1908 па 1913 гады, уласнасць А. М. Лур’е і М. Л. Памеранц. Вырабляла дошкі, гонту, клёпкі. Мела паравы рухавік. У 1908 годзе на лесапільні працавала 50 чалавек, выраблена прадукцыі на 122000 рублёў.

Лесапільня Патрыкеева[правіць | правіць зыходнік]

Лесапільня Патрыкеева М. А. вырабляла шпількі, верацяно, іншую прадукцыю. У 1908 годзе выраблена прадукцыі на 2000 рублёў, працуе лакамабільны рухавік, 5 рабочых.

Ахвяры палітычных рэпрэсій[правіць | правіць зыходнік]

У 30-ыя гады ХХ стагоддзя 62 жыхары пасёлка сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Сярод рэпрэсіраваных шмат работнікоў шклозавода «Камінтэрн» — майстры завода Біскункевіч Франц Валянцінавіч, Віткоўскі Аляксандр Аляксандравіч, Віткоўскі Франц Іосіфавіч, Гінтаўт Іосіф Аляксандравіч, Каўфельд Аляксандр Юльянавіч, Кулеш Канстанцін Іосіфавіч, Руткоўскі Міхаіл Іванавіч, Стэфановіч Аляксандр Феліксавіч, Чарняк Эдуард Лаўрэнцьевіч, загадчык гаспадаркі Шумін Рыгор Фаміч, начальнікі змены Міхаленка Іван Канстанцінавіч і Бычкоўскі Іван Пятровіч і іншыя. Рэпрэсіраваны дырэктар сярэдняй школы Пода Міхаіл Кірылавіч, настаўніца школы Навіцкая-Курс Ганна Пятроўна, завуч польскай школы Магільніцкая Вольга Аляксандраўна, выхавальніца дзіцячых ясляў Вільчынская Леакадзія Людвігаўна, ляснік лесаўчастка Корзун Антон Баляслававіч.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

  • цэх па вытворчасці чыпсаў ЧУП «Инициатива плюс»
  • швейны цэх ЧВУП «Славянка-Глуша»
  • дрэваапрацоўчае прадпрыемства АДА «Магнолия»

Сацыяльная сфера[правіць | правіць зыходнік]

Сацыяльная сфера пасёлка прадстаўлена установамі адукацыі і культуры, аддзяленнямі паштовай сувязі і АСБ Беларусбанк, аб’ектамі гандлю і бытавога абслугоўвання.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Сельскі Дом культуры[правіць | правіць зыходнік]

У 2006 годзе ў пасёлку ўзведзены новы будынак клуба з глядзельнай залай на 300 месцаў. При СДК працуе 8 клубных фарміраванняў. У тым ліку:

  • ансамбль народнай песні «Глушаночка»
  • гурток эстрадных спеваў «Руллада»
  • дзіцячы танцавальны гурток «Фантазия»
  • дзіцячы гурток эстрадных спеваў «Ассорти»
  • дзіцячы гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вясёлка»
  • аматарскае аб’яднанне «Фитнес и здоровье»
  • маладзёжны клуб «PLUMBUM»
  • дзіцячы гурток выхаднога дня «Калейдоскоп»
  • аматарскае аб’яднанне «Богатырь»

На базе СДК з верасня 2007 года арганізавана пляцоўка канцэртнага і тэатральнага абслугоўвання насельніцтва, на якой адбываюцца выступленні лепшых самадзейных калектываў раёна, а таксама артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі.

Цэнтр рамёстваў[правіць | правіць зыходнік]

Народнае аматарскае аб’яднанне декаратыўна-прыкладнога мастацтва «Стары майстар»

Аматарскае аб’яднанне декаратыўна-прыкладнога мастацтва «Стары майстар» створана ў верасні 1987 года. За высокія дасягненні ў творчасці ў 1993 годзе аб’яднанню прысвоена ганаровае званне «народны калектыў». Калектыў аб’яднання прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна і вобласці. «Стары майстар» неаднаразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, дыпломамі. Чатыры майстры аб’яднання з’яўляюцца членамі «Беларускага саюза майстроў народнай творчасці». Майстрам Ю. І. Боўдзе і А. В. Арлову прысвоена ганаровае званне «Народны майстар Беларусі». У 2010 годзе тэхналогіі ганчарных вырабаў народнага майстра Беларусі Боўда Ю. І. прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Паказальны калектыў ганчарнага мастацтва «Глечыкі»

Калектыў «Глечыкі» створаны ў 1999 годзе. У 2002 годзе калектыву прысвоена званне «паказальны». Удзельнікі на занятках атрымліваюць навыкі ганчарства, лепкі, скульптуры. Паказальны калектыў «Глечыкі» прымае актыўны ўдзел у раённых, гарадскіх, абласных выставах і фестывалях.

Штогод у Глушы адбываецца фестываль народнай творчасці і рамёстваў «Глушанскі хутарок».

Планіроўка[правіць | правіць зыходнік]

Планіроўка квартальная. Галоўныя вуліцы Кастрычніцкая (частка аўтамабільнай дарогі Бабруйск-Слуцк) і Чангарская (выезд у вёску Рымаўцы). Грамадска-гандлёвы цэнтр сфарміраваны вакол невялікай плошчы. У цэнтральнай частцы пераважае мураваная забудова, у паўднёва-заходняй частцы забудова мураваная шматпавярховая, на ўскраінах — драўляная, сядзібнага тыпу. Прамысловая зона ў паўднёвай частцы пасёлка.

Гістарычныя помнікі[правіць | правіць зыходнік]

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў знаходзіцца на заходняй ускраіне пасёлка, каля дарогі Бабруйск-Слуцк. Пахаваны 43 воіны і 1 партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941 годзе і 1943—1944 гадах. У 1974 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

Мемарыяльная дошка падпольшчыкам на будынку выканкама пасялковага Савета (вуліца Кастрычніцкая, 39). Устаноўлена ў 1976 годзе ў памяць аб дзейнасці ў пасёлку ў Вялікую Айчынную вайну Бабруйскага падполля. Са студзеня 1942 года да сакавіка 1943 года барацьбу з акупантамі вяла падпольная група, якую ўзначальваў І. Р. Гарнастай. У яе склад уваходзілі рабочыя, настаўнікі, навучэнцы, медыцынскія работнікі.

Помнік землякам на вуліцы Кастрычніцкай. На ўшанаванне памяці 112 жыхароў пасёлка, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1976 годзе пастаўлены помнік — скульптура жанчыны ў жалобе і блок-стэла з імёнамі загінуўшых.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. «Об отнесении городского поселка Глуша к категории сельских населенных пунктов». Решение Бобруйского районного Совета депутатов от 23 декабря 2011 г. № 12-7(руск.) 
  3. 3,0 3,1 3,2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2011 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2010 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (1 красавіка 2011). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Перепись населения — 2009. Могилевская область(руск.)  Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  5. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2012 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2011 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (3 красавіка 2012). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Глуша // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  • Hłusza // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900. S. 562
  • Гарады і вëскі Беларусі. Магілëўская вобласць. кніга 1. Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
  • Памяць. Бабруйскі раён. — Мн.: БелЭн, 1998
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986
  • Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II. — Мн.: БелЭн, 2004
  • Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1912 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1911

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]