Гарадзенскае княства
Гарадзенскае княства (1116 — кан. XIV ст.) — удзельнае княства Русі і Вялікага Княства Літоўскага з цэнтрам у Горадне.
Вылучана са складу Тураўскай зямлі ў 1116 годзе як удзел для князя Усеваладкі разам з яго шлюбам з дачкой Уладзіміра Манамаха, залежала ад вялікіх князёў кіеўскіх. Уваходзіла ў склад Тураўскай епархіі. Ахоплівала тэрыторыю дрыгавіцкай каланізацыі ятвяжскіх зямель.
На думку некаторых даследчыкаў, Гарадзенскае княства было невялікім ускраінным удзелам, князі якога не маглі браць актыўнага ўдзелу ў агульнарускіх справах[1]. Аднак, тым часам як не кожнае ўдзельнае княства Русі магло дазволіць сабе будаўніцтва нават адной каменнай царквы, у Горадне ў 2-й палове XII ст. было збудавана чатыры каменныя царквы, каменны княжацкі палац і каменныя ўмацаванні дзяцінца. Таксама закладзена, але не дабудавана каменная царква ў Ваўкавыску на ўзор гарадзенскіх, пабудавана каменная Барыса-Глебская царква ў Новагародку.
Усё гэта сведчыць пра заможнасць Гарадзенскага княства, чаму спрыяла выгаднае геаграфічнае размяшчэнне — гарадзенскія князі кантралявалі гандлёвыя шляхі з Балтыйскага мора праз Нёман у басейн Дняпра. Першы шлях праходзіў па левым прытоку Нёмана — Росі, далей праз волак каля Ваўкавыска ў Ясельду і Прыпяць. Другі шлях праходзіў па правым прытоку Нёмана — Заходняй Бярэзіне, далей праз волак каля Лошаска ў Свіслач, Бярэзіну і Дняпро. Гэтыя шляхі проста вялі з Паўднёвай Русі да Готланд і Заходняй Еўропы і на меркаванне некаторых даследчыкаў былі старажытнейшымі за г. зв. шлях з вараг у грэкі[2][3].
У XII ст. гарадзенскія князі не раз удзельнічалі ў войнах рускіх княстваў. Так, сам Усеваладка ўдзельнічаў у паходзе супраць Полацкай зямлі (1127) і літвы (1132), а яго сыны — Барыс, Глеб і Мсціслаў Усеваладкавічы — у міжусобіцах галіцка-валынскіх князёў (1144), паходах на Кіеў (1151, 1173) і супраць полаўцаў (1170, 1183).
Пасля смерці Усевалада з Гарадзенскага княства імаверна вылучылася два ўдзелы — Ваўкавыскі і Новагародскі. У 1250-я гады, напэўна, з Новагародскага, вылучыўся Слонімскі ўдзел.
Не выключана, што з канца XII — пачатку XIII ст. княства перыядычна залежала ад галіцка-валынскіх князёў. Пасля 1240-х гадоў[заўв 1] — удзельнае княства Вялікага Княства Літоўскага, у 1253—1277 гадах за землі княства вялася барацьба паміж галіцка-валынскімі і літоўскімі князямі. У 1274 годзе вялікі князь Трайдзень сіламі гарадзенскіх ваяроў захапіў у Галіцка-Валынскага княства Дарагічын. У 1270-я—1280-я гады ў Гарадзенскую зямлю перасялілася частка прусаў-бартаў, якія ўцяклі ад націску нямецкіх рыцараў. З дапамогай прускіх ваяроў у 1277 годзе быў адбіты сумесны паход на княства татар і залежных ад іх князёў Русі.
Пасля 1284 года княства было цэнтрам барацьбы супраць крыжаносцаў, адным з лідараў якой стаў Давыд Гарадзенскі. З 1-й паловы XIV ст. княства належала князю Кейстуту, а пазней яго сыну вялікаму князю Вітаўту, які ў канцы XIV ст. ліквідаваў многія ўдзельныя княствы у Вялікім Княстве Літоўскім, у тым ліку Гарадзенскае княства пераўтворана ў намесніцтва (староства). У 1413 годзе пасля складання Гарадзельская уніі староства стала Гарадзенскім паветам у складзе Троцкага ваяводства.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Магчыма, не раней за кан. 1260-х, паводле Ермаловіча.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ М. Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн.: Маст.літ., 2001. с. 257.
- ↑ В. Б. Перхавко, Опыт комплексного использования письменных и материальных источников для реконструкции истории Припятско-Бугского пути в ІХ-ХІІІ вв. // Проблемы исторической географии России, Москва 1983, с. 21.
- ↑ В. А. Булкин, В. Н. Зоценко, Среднее Поднепровье и Неманско-Днепровский путь ІХ-ХІ вв. // Проблемы археологии Южной Руси, Киев 1990, с. 123.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. — Мн. : Наука и техника, 1968.
- Ермаловіч М. І. Гарадзенскае княства // БелСЭ. Т.3. — Мн. : БелЭн, 1971.
- Госцеў А. П., Швед В. В. Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116—1990 гг.). — Гродна: НВК «Пергамент», 1993.
- Назаренко А. В. Городенское княжество и городенские князья в XII в. // Древнейшие государства Восточной Европы, 1998 г.: Памяти чл.-корр. РАН А. П. Новосельцева. — М., 2000. ISBN 5-02-018133-1 — С. 169—189.