Кантрольны савет
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |
Саюзніцкі Кантрольны савет (ням.: Alliierter Kontrollrat, англ.: Allied Control Council, фр.: Conseil de contrôle allié) — орган вярхоўнай улады ў акупаванай Германіі, утвораны пасля Другой сусветнай вайны дзяржавамі-пераможцамі. У падпарадкаванні Кантрольнага савета знаходзілася Міжсаюзніцкая камендатура, якая ажыццяўляла ўладныя паўнамоцтвы ў падзеленым на акупацыйныя сектары Берліне.
Гісторыя стварэння
[правіць | правіць зыходнік]Адзіны падыход да паваеннай будучыні Германіі выпрацоўваўся на сустрэчах краін антыгітлераўскай кааліцыі пачынаючы з Тэгерана. На сустрэчы ў Касабланцы ў 1943 годзе было заяўлена, што саюзнікі будуць весці вайну супраць Германіі да яе безумоўнай капітуляцыі, а Ялцінская дэкларацыя змяшчала палажэнні аб падзеле Германіі на акупацыйныя зоны, каардынаванай адміністрацыі і кантролі, які ажыцяўляецца праз Цэнтральную кантрольную камісію. Пасля безумоўнай капітуляцыі Германіі 8 мая 1945 года 23 мая ў Мюрвіку быў арыштаваны імперскі ўрад у главе з Карлам Дзёніцам і Ёганам Людвігам Шверын фон Крозігам.
У Берлінскай дэкларацыі ад 5 чэрвеня 1945 года дзяржавы-пераможцы афіцыйна заявілі пра прыняцце на сябе вярхоўнай улады ў Германіі ў яе граніцах на 31 снежня 1937 года і ўсталявалі кантрольны механізм і граніцы акупацыйных зон Германіі і акупацыйных сектараў Берліна. Канчатковыя граніцы Германіі і яе прававое становішча павінен быў усталяваць мірны дагавор, які так ніколі і не быў заключаны да прыняцця Дагавора аб канчатковым урэгуляванні ў дачынененні да Германіі 1990 года.
У дачыненні да Аўстрыі, дзе 27 красавіка 1945 года прэзідыумы адноўленых Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі, Аўстрыйскай народнай партыі і Камуністычнай партыі Аўстрыі ў сваім Звароце аб самастойнасці Аўстрыі ў адпаведнасці з Дэкларацыяй аб Аўстрыі, прынятай на Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў 1943 годзе, абвясцілі аншлюс несапраўдным, Аўстрыю незалежнай і ўтварылі часовы ўрад, 4 ліпеня было падпісана адпаведнае Пагадненне аб сістэме кантролю над Аўстрыяй.
Заснаванне
[правіць | правіць зыходнік]У адпаведнасці з кантрольным механізмам, пастаўленым адпаведным пагадненнем ад 14 лістапада 1944 года і пацверджаным на Патсдамскай канферэнцыі ўлетку 1945 года, вярхоўная ўлада ў Германіі ажыццяўляецца галоўнакамандуючымі ўзброеных сіл чатырох дзяржаў-пераможцаў «кожным у сваёй зоне акупацыі, па інструкцыях ад сваіх адпаведных Урадаў, а таксама сумесна, па пытаннях, якія закранаюць Германію ў цэлым». Адпаведна ў Кантрольны савет уваходзілі маршал Г. К. Жукаў, генерал Эйзенхаўэр, фельдмаршал Мантгомеры і генерал Латр дэ Тасіньі.
Кантрольны савет размяшчаўся ў будынку апеляцыйнага суда Прусіі ў берлінскім раёне Шонеберг. Асноўнай функцыяй Кантрольнага савета была выпрацоўка планаў і дасягненне ўзгодненых рашэнняў па галоўных ваенных, палітычных, эканамічных і іншых пытаннях, агульных для ўсёй Германіі, якія павінны прымацца аднагалосна. Кожны з бакоў захоўваў поўную адказнасць за кіраванне сваёй зонай акупацыі.
Устаноўчае пасяджэнне Кантрольнага савета адбылося 30 ліпеня 1945 года адначасова з Патсдамскай канферэнцыяй. Пасяджэнні Кантрольнага савета ў адпаведнасці з рэгламентам склікаліся не радзей як адзін раз за дзесяць дзён і ў любы час па просьбе якога-небудзь з яго членаў. Пасяджэнні Кантрольнага савета рыхтаваў увесь час дзеючы Камітэт па каардынацыі.
Камітэт па каардынацыі
[правіць | правіць зыходнік]У Камітэт па каардынацыі першапачаткова ўваходзілі: ад СССР — В. Д. Сакалоўскі, ад ЗША — Люсіус Клей, ад Вялікабрытаніі — Браян Х. Робертсан і ад Францыі — Луі М. Кёльц. У складзе чатырохбаковага камітэта дзейнічалі дванаццаць аддзелаў: ваенны, ваенна-марскі, ваенна-паветраны, транспартны, палітычны, эканамічны, фінансавы, па рэпарацыях і пастаўках, унутраных спраў і сувязі, прававы, па справах ваеннапалонных і перамешчаных асоб і аддзел рабочай сілы. Імі па чарзе на працягу месяца кіравалі адпаведна чатыры дырэктары.
Звароты і законы Кантрольнага савета
[правіць | правіць зыходнік]У Дырэктыве № 10 Кантрольнага савета ад 22 верасня 1945 года Пра метады заканадаўчай дзейнасці Кантрольнага савета ўсталёўваецца, што заканадаўчая дзейнасць Кантрольнага савета ў акупаванай Германіі ажыццяўляецца ў форме:
- зваротаў па пытаннях асаблівай важнасці для акупацыйных улад ці нямецкага народа;
- законаў агульнага прымянення, калі не ўказана іншага;
- загадаў, у якіх выкладаюцца патрабаванні Кантрольнага савета да Германіі, не ўсталяваныя ў Законах;
- дырэктыў з мэтай азнаямлення з агульнымі намерамі і рашэннямі Кантрольнага савета па адміністрацыйна-тэхнічных пытаннях;
- інструкцый, у якіх выкладаюцца пэўныя патрабаванні да названых органаў.
Звароты і законы Кантрольнага савета падпісваліся членамі Кантрольнага савета. Загады падпісваліся членамі Кантрольнага савета ці членамі Камітэта па каардынацыі. Дырэктывы і інструкцыі падпісваліся членамі Камітэта па каардынацыі. У адсутнасць аднаго з членаў Кантрольнага савета ці Камітэта па каардынацыі дакументы падпісваліся іх намеснікамі.
Дзейнасць Кантрольнага савета
[правіць | правіць зыходнік]Да 1948 года адбылося больш за 80 пасяджэнняў саюзніцкага Кантрольнага савета. Першыя два законы Кантрольнага савета тычыліся адмены нацыянал-сацыялістычнага права і роспуску і ліквідацыі нацыянал-сацыялістычных арганізацый. Нароўні з усталяваннем часовых граніц (напрыклад, лініі па Одэры-Найсэ) і легітымізацыі дэпартацыі і перасялення ў фокусе ўвагі Кантрольнага савета знаходзіліся пытанні дэмілітарызацыі эканомікі Германіі. Як і рэпарацыі, эканамічная дэмілітарызацыя, якая складалася ў дэмантажы і вывазе прамысловага абсталявання, праводзілася кожнай з акупацыйных улад у аўтаномным рэжыме, і адзінай палітыкі Кантрольнага савета па гэтым пытанні не існавала.
Нарастаючае напружанне ў адносінах паміж СССР і заходнімі дзяржавамі, у прыватнасці на Блізкім Усходзе і ў Азіі, прывялі да недаверу паміж бакамі, што ўдзельнічалі ў кіраванні Германіяй. У ліпені 1946 года СССР расцаніў патрабаванні аб захаванні эканамічнай цэласнасці Германіі, высунутыя ЗША ў Кантрольным савеце, як спробу аказаць на сябе ўплыў, што фактычна стала канцом ідэі сумеснай дзейнасці ў рамках Кантрольнага савета. У адказ на заяву СССР ЗША і Вялікабрытанія накіравалі свае дзеянні на аднаўленне эканамічнай цэласнасці сваіх зон і заснавалі 1 студзеня 1947 года Бізонію, да якой 8 красавіка 1949 года, незадоўга да ўтварэння Федэратыўнай Рэспублікі Германія, далучыла сваю акупацыйную зону Францыя.
25 лютага 1947 года быў выдадзены Закон Кантрольнага савета № 46, які ліквідаваў дзяржаву Прусія.
20 сакавіка 1948 года Савецкі Саюз байкатаваў пасяджэнне Кантрольнага савета ў знак пратэсту супраць правядзення Лонданскай нарады шасці дзяржаў, і больш Кантрольны савет на пасяджэнні не збіраўся.
Пасля правядзення ў ноч з 20 на 21 чэрвеня 1948 года сепаратнай грашовай рэформы ў трох заходніх зонах акупацыі, якая прывяла да грашовай рэформы ў савецкай зоне акупацыі Германіі і блакады Заходняга Берліна, падзел Германіі стаў непазбежным.
Фактычна адзінымі функцыямі, якія выконвалі саюзнікамі сумесна, засталіся кантроль паветранага руху, які ажыццяўляўся цэнтрам бяспекі палётаў з 1945 па 1990 гады, і аховатурмы для ваенных злачынцаў у Шпандау, якая знаходзілася ў распараджэнні сумеснай адміністрацыі чатырох дзяржаў. Там да 1987 года адбываў пакаранне апошні з асуджаных на Нюрнбергскім працэсе нацысцкі ваенны злачынец Рудольф Гес.
Фармальны Кантрольны савет быў ліквідаваны толькі з аб'яднаннем Германіі пасля здабыцця Германіяй поўнага суверэнітэта ў адпаведнасці з палажэннямі Дагавора «Два плюс чатыры» 1990 года.
Саюзніцкая камісія па Аўстрыі
[правіць | правіць зыходнік]Першым Пагадненнем аб сістэме кантролю над Аўстрыяй ад 4 ліпеня 1945 года чатыры дзяржавы-пераможцы заснавалі Саюзніцкую камісію па Аўстрыі, якая складалася з Саюзніцкага савета, Выканаўчага камітэта і чатырох штабоў акупацыйных улад па розных кірунках працы. Пасяджэнні Саюзніцкай камісіі пад пераменным старшынствам таксама праводзіліся адзін раз на дзесяць дзён. Другім Пагадненнем, заключаным 28 чэрвеня 1946 года, часоваму ўраду Аўстрыі падаваліся шырокія заканадаўчыя паўнамоцтвы без права вета на іх з боку акупацыйных улад. Саюзнікі захавалі за сабой права вета толькі ў сферы канстытуцыйных законаў. Другое Пагадненне захоўвала свой моц да прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Аўстрыі. Апошняе пасяджэнне Саюзніцкай камісіі па Аўстрыі адбылося 27 чэрвеня 1955 года.