Касцёл Маці Божай Ружанцовай (Солы)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Маці Божай Ружанцовай | |
---|---|
54°30′58″ пн. ш. 26°10′48″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Солы |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Архітэктар | Адам Дубановіч[d] |
Будаўніцтва | 1926—1934 гады |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Маці Божай Ружанцовай — каталіцкі храм у а. Солы (Смаргонскі раён). Помнік архітэктуры мадэрну.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Каталіцкі прыход у Солах заснаваны ў 1589 годзе[1]. Тады ж быў пабудаваны першы драўляны касцёл на сродкі гетмана Крыштафа Радзівіла[2]. Храм знішчаўся падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў і падчас напалеонаўскага нашэсця, але кожны раз адбудоўваўся зноў.
Сучасны храм з цэглы на месцы старога драўлянага храма пабудаваны ў 1926—1934 гг. па праекце 1925 года архітэктара Адама Дубановіча[3] (1891—1953) на сродкі парафіян. Будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам прараба Баніфацыя Трахневіча, было затрачана 540 тыс. злотых. Пасля другой сусветнай вайны касцёл не зачыняўся і працягваў заставацца дзеючым.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Будынак вышынёй 35 м мае асіметрычную шматпланавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Асновай яе з’яўляецца аб’ём нефа, накрыты двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Да нефу далучаны трансепт і паўцыркульная апсіда з канічным пакрыццём. Невысокія прыбудовы сакрысцій з крывалінейнымі парапетамі. Своеасаблівасць збудаванню надаюць галерэі-аркады. Уваходны тамбур паўкруглы ў плане. Вертыкальная дамінанта будынка — бакавая двух’ярусная вежа-званіца з фігурным завяршэннем. Двух’ярусная васьмігранная вежачка надбудаваная над сяродкрыжжам храма. Фасады дэкарыраваныя фігурнымі шчытамі з валютамі, ступеньчатымі контрфорсамі бутавай муроўкі. У кампазіцыі інтэр’ера пануе прастора нефа, у якую раскрываецца шырокі трансепт і больш вузкая алтарная частка. Сяродкрыжжа перакрытае купалам, неф — цыліндрычным скляпеннем. Над уваходам — хоры на дзвюх калонах. .
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У канцы 1930-х гадоў святыню ўпрыгожыў фрэскавымі размалёўкамі мастак Пётр Сергіевіч. Асабліва вылучаюцца «Спасланне Святога Духа на Апосталаў» у купале, «Маці Божая са святымі Станіславам і Казімірам» у галоўным алтары і «Анёльскі спеў» над хорамі. Цікавыя і сюжэты на сценах прэсбітэрыя — «Абарона Чанстаховы» і «Цуд над Віслай». Першая малюе абарону Яснагурскага кляштара ў 1655 годзе ад шведаў, другая — перамогу польскіх войскаў над Чырвонай арміяй у 1920 годзе[4].
Сёння ў касцёле пяць алтароў: галоўны — Маці Божай Ружанцовай, левы бакавы — Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, правы — Маці Божай Вастрабрамскай, яшчэ два алтары знаходзяцца ў капліцах, зробленых у крылах трансепта — св. Юзафа ў левай і св. Антонія ў правай. У інтэр’еры храма вылучаецца алтарны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай.
Зноскі
- ↑ Храм на сайце Каталіцкай царквы ў Беларусі
- ↑ Солы: касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай
- ↑ Maria Kałamajska-Saeed. PERŁY Z ATLANTYDY - RELACJA INWENTARYZATORSKA Z BIAŁORUSI (польск.). Праверана 18 красавіка 2020.(недаступная спасылка)
- ↑ Сайт globustut.by
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915—1940 гг. — Вільня: ЕГУ, 2008. ISBN 978-9955-77-13-9, с. 30—33.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Маці Божай Ружанцовай (Солы)
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай (Солы) на сайце Radzima.org
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай (Солы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- slowo.grodnensis.by