Перайсці да зместу

Культавыя збудаванні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Культавыя збудаванні — збудаванні, прызначаны для адпраўлення рэлігійных абрадаў. Тыпалогія і гісторыя развіцця культавых збудаванняў абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання (канфесіі), а таксама ходам развіцця архітэктуры і будаўнічай тэхнікі.

Асноўныя тыпы культавых збудаванняў: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.

Піраміда Джосера
Храм Эдфу

Найбольш раннія культавыя збудаванні — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету, у т.л. ў Англіі, Скандынавіі, Італіі, Францыі, Індыі, Кітаі і на Каўказе. У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў, напрыклад, піраміда Джасера ў Егіпце (2800 год да н.э.), храмы-зікураты, напрыклад, зікурат Этэменанкі ў Вавілоне (т. зв. Вавілонская вежа; сярэдзіна VII ст. да н.э.). У часы Новага царства (XVI—XI ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам, напрыклад, храм Гора ў Эдфу (237—57 да н.э.).

Парфенон
Сафійскі сабор
Пантэон

У Старажытнай Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордараў культавых збудаванняў становяцца самымі багатымі і манументальнымі будынкамі гарадоў, як, напрыклад, Парфенон у Афінах (447—438 да н.э.) і Пантэон у Рыме (118—128 н.э.). Найбольш пашыраны тыл культавых збудаванняў у Рымскай імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура культавых збудаванняў Візантыі. Сярод найбольш грандыёзных збудаванняў Візантыі — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор.

Сабор Святога Пятра

У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў культавых збудаванняў рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да антычнага ордара. Яскравы прыклад культавага збудавання гэтага перыяду — сабор Святога Пятра ў Рыме (1506—1614). У перыяды барока і класіцызму, у якім пабудаваны, напрыклад, Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу, ажыццяўляецца перапрацоўка ордарнай сістэмы.

Культавыя збудаванні XX стагоддзя адметныя выкарыстаннем новых канструктыўных і пластычных вырашэнняў, мастацкай выразнасцю, да такіх належыць царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—1954) працы архітэктара Ш. Э. Ле Карбюзье.

На Беларусі найбольш пашыраны праваслаўныя і ўніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з XI стагоддзя. Асноўны іх тып — крыжова-купальны храм.

Камайскі касцёл
Гродзенскі кляштар бернардзінцаў

У XIII—XVI стст. культавыя збудаванні звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы XVI—XVII стст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя галоўныя фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У XVII—XVIII стст. асноўным мастацкім кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага раёна, сярэдзіна XVIII стагоддзя). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта культавыя збудаванні ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці).

Мінская царква Аляксандра Неўскага
Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор

У першай палове XIX стагоддзя архітэктура культавых збудаванняў набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны XIX стагоддзя — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага і псеўдавізантыйскага (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн.

Пінскі Лешчанскі манастыр

Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя культавыя збудаванні: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым галоўным фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самастойным крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У XVII — першай палове XIX стагоддзя пашыраны манументальныя 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя культавыя збудаванні з планам у выглядзе грэчаскага або лацінскага крыжа (Ільінская царква ў Віцебску).

Паланечкаўскі касцёл

Драўляныя культавыя збудаванні канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланечка Баранавіцкага раёна, 1899)[1].