Раманскі стыль
Раманскі стыль — стыль сярэдневяковага еўрапейскага мастацтва X — XIII стагоддзяў. Pаманскі стыль склаўся пад уплывам феадальна-рэлігійнай ідэалогіі, увабраў у сябе элементы старажытнарымскага і візантыйскага мастацтваў і прыйшоў на змену шматлікім мясцовым варыянтам, лакальным стылям (меравінгскаму , каралінгскаму і інш.).
Тэрмін
[правіць | правіць зыходнік]Стыль спачатку атрымаў у даследчыкаў розныя вызначэнні: візантыйскі, навагрэчаскі, старагерманскі, раманскі (у сэнсе рымскі). Але ніводная з прыведзеных дэфініцый не можа лічыцца дакладнай і вычарпальнай. Аднак з лёгкай рукі французскіх гісторыкаў Шарля дэ Жэрвіля і дэ Камона , якія ўпершыню выкарысталі ў 1820 годзе тэрмін «раманскі стыль», агульнае прызнанне атрымала менавіта гэтая назва.
Асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Вызначальная роля належала суровай, крэпаснога характару архітэктуры (замкі, манастырскія комплексы, цэрквы, гарадскія дамы), якой уласціва сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор і перакрыццяў, ураўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і, нарэшце, крыжовыя.
У цэлым раманскія храмы працягвалі традыцыі рымскай архітэктуры — тут выкарыстоўваўся прамавугольны храм (базіліка) з прадольнымі нефамі і апсідай. Новым было з’яўленне трансепты — галерэі, перпендыкулярнай нефам. У выніку цэнтральны неф і трансепт складалі крыж, што адпавядала хрысціянскай сімволіцы. Над гэтым перакрыжаваннем размяшчалася вежа (яшчэ адна прыкмета раманскай пабудовы). Найбольш закончаны тып збудаванняў раманскага стылю — манастырская царква (базіліка, крыжападобная ў плане ў Заходняй Еўропе, круглая ў плане ратонда ў Цэнтральнай Еўропе).
Збудаванні вызначаліся манументальнасцю, масіўнасцю канструкцый, аздабляліся абстрактна-геаметрычным арнаментам і скульптурай на тымпанах парталаў, капітэлях апор. У скульптуры і фрэсках пераважалі дагматычнасць, скаваны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур у спалучэнні з павышанай экспрэсіяй. Прафесійны ўзровень выканання пабудоў быў не вельмі высокі. Справа ў тым, што іх будавалі непрафесійныя рабочыя або манахі. Толькі ў канцы XII ст. узніклі першыя арцелі муляраў з ліку міран.
Яркія ўзоры архітэктуры раманскага стылю створаны ў Германіі (сабор у Вормсе, XII — XIII ст.), Францыі (царква Нотр-Дам у Пуацье, XII ст.), Італіі (царква Сан-Мікеле ў Павіі, XII ст.) і інш. У Беларусі да раманскага стылю належыць Камянецкая вежа.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Бамбергскі сабор, першая трэць XIII ст.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Раманскі стыль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 295—296. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Рама́нскі стыль // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 622. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Раманскі стыль
- Círculo Románico: Visigothic, Mozarabic and Romanesque art in Europe Архівавана 16 лістапада 2007.