Перайсці да зместу

Кідані

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кідані
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Далёкі Усход
Мова кіданьская
Рэлігія шаманізм, будызм
Блізкія этнічныя групы магчыма дауры

Кіда́ні, вядомыя таксама як кіта́і, хіта́ны (кіт.: 契丹)  — старажытны народ, насельнікі Далёкага Усходу. Ад наймення кіданяў паходзіць назва «Кітай».

Паходжанне кіданяў з’яўляецца спрэчным пытаннем. Захавалася абмежаваная колькасць кіданьскіх слоў, якія азначаюць тытулы. Звычаі ў пазнейшы час былі блізкімі да цюркскіх і кітайскіх, аднак гэта можна патлумачыць уплывам гэтых народаў на кіданяў. Многія помнікі кіданьскай культуры былі зруйнаваны пасля заняпаду іх дзяржавы Ляа. Аўтары кітайскіх пісьмовых помнікаў часцяком параўноўвалі кіданяў з гунамі. Большасць вучоных мяркуе, што кідані належалі да мангольскай групы народаў, пры гэтым спасылаюцца ў тым ліку на генетычныя даследаванні (далёкімі нашчадкамі кіданяў лічаць даураў). Але кіданяў таксама адносяць да тунгуса-маньчжурскай і цюркскай груп народаў.

У V — VIII стст. кідані займалі значныя тэрыторыі ад сучаснай Манголіі да Карэі, межавалі з Кітаем і махэ. Займаліся жывёлагадоўляй. Адзінай сістэмы кіравання не мелі і аб’ядноўваліся толькі падчас ваенных дзеянняў. У канцы IX ст. налічвалася 8 буйных аб’яднанняў кіданяў, прычым у ваенны час іх правадыры кіравалі па чарзе.

Азія ў 1025 г.

У VII — IX стст. кідані праяўлялі значную палітычныю і ваенную актыўнасць, уступалі ў супярэчнасці з Кітаем, Бахай, Кагуро і іншымі магутнымі дзяржавамі і народамі. Аднак раз’яднанасць часцяком прыводзіла да паражэнняў. У выніку, кідані былі вымушаны падпарадкоўвацца ці ўваходзіць у саюз з больш магутнымі суседзямі, у першую чаргу з імперыяй Тан.

У 907 г., калі дынастыя Тан перарвала сваё існаванне, а Кітай быў падзелены паміж рознымі манархамі, адзін з правадыроў кіданяў Елюй Амбагай прыняў тытул адзінага кагана, а ў 916 г. — імператара. У 926 г. ён заваяваў Бахай. Створаная ім новая дзяржава ў будучым атрымала назву Вялікі Ляа або Вялікая імперыя кіданяў. Яна займала значную плошчу Усходняй Азіі. Акрамя кіданяў у ёй жылі кітайцы, карэйцы, прадстаўнікі тунгускіх і цюркскіх народаў. Культура Ляа запазычыла многія здабыткі кітайскай культуры, у тым ліку кітайскую сістэму пісьмовасці. Значная колькасць кіданяў прыняла будызм.

У 1125 г. Вялікі Ляа быў захоплены чжурчжэнямі. Частка кіданяў (кара-кітаі) адыйшла на захад, дзе ў Сярэдняй Азіі стварыла дзяржаву Заходні Ляа. Іх дзяржава праіснавала да 1218 г., пакуль не была зруйнавана манголамі. З персідскай мовы, распаўсюджанай у той час у Сярэдняй Азіі, назва кіданяў трапіла ў Еўропу, дзе стала азначаць землі ўсяго Кітая.

Кідані былі качэўнікамі-жывёлагадоўцамі. Вядома, што даніну Танскай імперыі яны выплочвалі конямі. Важнымі заняткамі таксама былі паляванне і рыбалоўства. Згодна запісам эпохі Вялікага Ляа, вернікі-кідані традыцыйна прытрымліваліся шаманізму, адна з гор іх дзяржавы лічылася свяшчэннай. Разам з гэтым, кідані надзвычай памяркоўна адносіліся да прадстаўнікоў іншых народаў і рэлігій, падтрымлівалі шчыльныя гандлёвыя сувязі з Кітаем, Японіяй, Сярэдняй Азіяй. Многія прыдворныя імператара мелі некіданьскае паходжанне.

Пасля заваявання Вялікага Ляа чжурчжэні знішчылі пахаванні кіданьскіх імператараў і многія іншыя адметныя помнікі іх культуры.