Перайсці да зместу

Лоеўскі прарыў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лоеўскі прарыў
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна
physical
Лоеўскі прарыў
Лоеўскі прарыў
Дата чэрвень 1920
Месца Лоеў і мясціны
Праціўнікі
Сцяг РСФСР (1918—1937) Дняпроўская ваенная флатылія Польшча
Страты
1 паранены, 1 рулявы прапаў без звестак[1]

Лоеўскі прарыў — прарыў 1-га дывізіёна кананерак Дняпроўскай ваеннай флатыліі праз умацаваны раён польскіх войск на Дняпры каля Лоева ў савецка-польскую вайну 1920 года. Асноўная мэта аперацыі — прайсці ўніз па Дняпры і забяспечыць пераправу ўдарнай групы 12-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту.

Пасля ўзяцця польскімі войскамі Кіева, да Лоева адышоў паўночны атрад Дняпроўскай ваеннай флатыліі пад камандаваннем М. Р. Сцяпанава, які сканцэнтраваўся ў раёне вёсак Абакумы і Карпаўка[2].

Рэўваенсавет Паўднёва-Заходняга фронту і камандаванне 12-й арміі паставілі перад паўночным атрадам флатыліі (20 кулямётаў і 11 гармат) задачу: прарвацца праз умацаваныя берагавыя пазіцыі польскіх войск каля Лоева, паралізаваць дзеянні польскай флатыліі ў раёне вусця р. Прыпяць і адначасова аказаць дапамогу ў пераправе на правы бераг Дняпра часцям 12-й арміі, якая ўдзельнічала ў распачатай Кіеўскай аперацыі РСЧА па вызваленні Кіева[2].

Цяжкасці прарыву ўскладняліся тым, што пры адыходзе РСЧА ўзарвалі мост цераз Дняпро (сакавік 1920 года), з-за чаго сярэдняя ферма ўпала ў ваду і закрыла фарватэр. Чырвоныя разведчыкі ўстанавілі, што праход пад мостам магчымы толькі праз бакавыя пралёты з правага боку каля берага[2].

Падыход да Дняпра польскія войскі прыкрывалі ўстаноўленымі на правым беразе ракі насупраць упадзення р. Сож у Дняпро 30 кулямётамі, 14 гарматамі (калібр да 200 мм) і некалькімі бамбамётамі[2].

Каб адцягнуць увагу праціўніка, маракі флатыліі разам з добраахвотнікамі папсавалі лініі сувязі, напалі на суседнія гарнізоны, наладзілі фальшывую пераправу на поўнач ад Лоева[3].

У ноч на 2 чэрвеня дывізіён з 9 суднаў (кананеркі «Малы», «Мсцівы», «Меткі», «Залп», «Геройскі», «Пінск», «Батурын», «Маладзецкі» і тральшчык «Трал») рушыў па р. Сож да Дняпра. На світанні дывізіён з баямі прарваўся праз участак з разбураным мастом, акрамя «Меткага», які страціў кіраванне і затануў[2]. Да вечара 2 чэрвеня, пры падтрымцы 57-й дывізіі, дывізіён дайшоў да вусця р. Прыпяць і, замініраваўшы яго, поўнасцю закрыў праход польскай ваеннай флатыліі ў Дняпро. У раёне в. Печкі аказаў дапамогу ў пераправе цераз Дняпро часцям РСЧА.

За паспяховае выкананне задання кананеркі «Малы», «Геройскі» і «Трал» былі ўзнагароджаны ганаровымі рэвалюцыйнымі Чырвонымі сцягамі, а іх камандзіры Альберт Пятровіч Эрдман[4], Эрман Ю. Гайліт, У. П. Стаянаў і П. П. Салаўёў — ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга[3].

Зноскі

  1. Не забыць тых слаўных дзён... Лоеўскі прарыў 1920 года // Калгасная перамога. — 1958. — № 118. — 4 кастрычніка. — С.
  2. а б в г д Ермакоў, І. Р., Крупейчанка, В. П. Устанаўленне Савецкай улады / І. Р. Ермакоў, В. П. Крупейчанка // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лоеўскага раёна / [укладальнікі: В. П. Крупейчанка, Л. В. Календа; Рэдкал.: Г. П. пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.; Мастак Э. Э. Жакевіч]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2000. — 588 с.: іл., табл. — С. 62—65. — ISBN 985-11-0176-1.
  3. а б Лоеўскі прарыў 1920 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 490. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  4. Галюк, В.. Командир легендарной канонерки (руск.). Livejournal (5 мая 2020).
  • Лоеўскі прарыў 1920 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 490. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Не забыць тых слаўных дзён... Лоеўскі прарыў 1920 года // Калгасная перамога. — 1958. — № 118. — 4 кастрычніка. — С.