Малісіт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Малісіт
Wəlastəkwiyik
Фота 1865 г.
Агульная колькасць 4000
Рэгіёны пражывання  Канада  ЗША
Мова Малесіт-пасамакуоды
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы абенакі, пасамакуоды, пенабскот, мікмак

Малі́сіт (англ.: Maliseet; фр.: Malécites, Etchemins; саманазва: Wəlastəkwiyik, літаральна "народ прыгожай ракі") — алганкінскі народ, карэнныя жыхары ўсходу Канады і ЗША. Агульная колькасць - каля 4 000 чал.

Да прыходу еўрапейцаў малісіт насялялі землі ўздоўж ракі Сент-Джон. Уваходзілі ў склад канфедэрацыі Вабанакі, якая супрацьстаяла іракезам. Малісіт вялі вандроўны лад жыцця. Займаліся паляваннем, збіральніцтвам і рыбалоўствам. Назва народа паходзіць з мовы суседзяў-мікмак і значыць "павольная гаворка".

Першым еўрапейцам, які ўсталяваў кантакт з малісіт у 1604 г., быў французскі падарожнік Самюэль дэ Шамплейн. З 1677 г. сярод малісіт вялі місіянерскую дзейнасць французскія езуіты. У першай палове XVIII ст. падтрымлівалі французаў у ваенных дзеяннях супраць брытанскіх каланістаў. У 1763 г. Вялікабрытанія ўсталявала кантроль над тэрыторыямі малісіт, аднак у 1776 г. прызнала іх маёмасныя правы на зямлю. У 1812 г. гэтыя тэрыторыі былі падзелены паміж ЗША і Канадай.

У наш час насяляюць шэраг аўтаномных рэзервацый у штаце Мэн, правінцыях Квебек і Нью-Брансуік. Большасць прадстаўнікоў гэтага народа працуе ў лясной гаспадарцы або абслугоўвае турыстаў. Захаваліся некаторыя традыцыйныя рамёствы, у тым ліку пляценне кошыкаў.

Малісіт знакаміты міфалагічнымі паданнямі пра Вялікага Духа Gici Niwaskw і героя Клускапа, што забіў вялізарную жабу Аглебему і дапамагаў духам ствараць сусвет.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]