Мантыя Зямлі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Структура Зямлі

Ма́нтыя — частка Зямлі (геасфера), размешчаная непасрэдна пад карой і вышэй ядра. У мантыі знаходзіцца значная частка рэчыва Зямлі. Мантыя ёсць таксама і ў іншых планет. Глыбіня зямной мантыі знаходзіцца ў дыяпазоне ад 30 да 2900 км.

Мяжой паміж карой і мантыяй служыць мяжа Махаровіча або, скарочана, Моха. На ёй адбываецца рэзкае павелічэнне сейсмічных хуткасцей — ад 7 да 8—8,2 км/с. Знаходзіцца гэтая мяжа на глыбіні ад 7 (пад акіянамі) да 70 кіламетраў (пад складчатымі паясамі). Мантыя Зямлі падпадзяляецца на верхнюю і ніжнюю мантыі. Мяжой паміж гэтымі геасферамі служыць пласт Галіцына, які размяшчаецца на глыбіні каля 670 км.

У пачатку XX стагоддзя актыўна абмяркоўвалася прырода мяжы Махаровіча. Некаторыя даследчыкі меркавалі, што там адбываецца метамарфічная рэакцыя, у выніку якой ствараюцца пароды з высокай шчыльнасцю. У якасці такой рэакцыі прапаноўвалася рэакцыя эклагітызацыі, у выніку якой пароды базальтавага складу ператвараюцца ў эклагіт, і іх шчыльнасць павялічваецца на 30 %. Іншыя навукоўцы тлумачылі рэзкае павелічэнне хуткасцей сейсмічных хваль зменай складу парод — ад адносна лёгкіх кіслых парод кары і асноўных да шчыльных мантыйных ультраасноўных парод. Гэта пункт гледжання цяпер з’яўляецца агульнапрызнаным.

Адрозненне складу зямной кары і мантыі — следства іх паходжання: зыходна аднастайная Зямля ў выніку частковага плаўлення падзялілася на лёгкаплаўкую і лёгкую частку — кару і шчыльную тугаплаўкую мантыю.

Крыніцы інфармацыі аб мантыі[правіць | правіць зыходнік]

Мантыя Зямлі недаступная непасрэднаму даследаванню: яна не выходзіць на зямную паверхню і не дасягнутая глыбінным свідраваннем. Таму вялікая частка інфармацыі аб мантыі атрыманая геахімічнымі і геафізічнымі метадамі. Звесткі ж аб яе геалагічнай структуры вельмі абмежаваныя.

Мантыю вывучаюць па наступных звестках:

  • Геафізічныя звесткі. У першую чаргу інфармацыя аб хуткасцях сейсмічных хваль, электраправоднасці і сіле цяжару.
  • Мантыйныя расплавы — базальты, каматыіты, кімберліты, лампраіты, карбанатыты і некаторыя іншыя магматычныя горныя пароды ўтвараюцца ў выніку частковага плаўлення мантыі. Склад расплаву з’яўляецца следствам складу плаўленых парод, механізму плаўлення і фізіка-хімічных параметраў працэсу плаўлення. У цэлым, рэканструкцыя крыніцы па расплаве — складаная задача.
  • Фрагменты мантыйных парод, якія выносяцца на паверхню мантыйнымі ж расплавамі — кімберлітамі, шчолачнымі базальтамі і інш. Гэта ксеналіты, ксенакрысты і алмазы. Алмазы займаюць сярод крыніц інфармацыі аб мантыі асобнае месца. Менавіта ў алмазах усталяваныя самыя глыбінныя мінералы, якія, магчыма, утвараюцца ў ніжняй мантыі. У такім разе гэтыя алмазы ўяўляюць сабой найглыбейшыя фрагменты Зямлі, даступныя непасрэднаму вывучэнню.
  • Мантыйныя пароды ў складзе зямной кары. Такія комплексы ў найбольшай ступені адпавядаюць мантыі, але і адрозніваюцца ад яе. Самае галоўнае адрозненне — у самім факце іх знаходжання ў складзе зямной кары, з чаго вынікае, што яны ўтварыліся ў выніку не зусім звычайных працэсаў і, магчыма, не адлюстроўваюць тыповую мантыю. Яны сустракаюцца ў наступных геадынамічных становішчах:
  1. Альпінатыпныя гіпербазіты — часткі мантыі, укаранёныя ў зямную кару ў выніку гораўтварэння. Найбольш распаўсюджаныя ў Альпах, ад якіх і пайшла назва.
  2. Афіялітавыя гіпербазіты — перыдатыты ў складзе афіялітавых комлексаў — частак старажытнай акіянічнай кары.
  3. Абісальныя перыдатыты — выступы мантыйных парод на дне акіянаў або рыфтаў.

Гэтыя комплексы маюць ту перавагу, што ў іх можна назіраць геалагічныя суадносіны паміж рознымі пародамі.

Нядаўна было абвешчана, што японскія даследчыкі плануюць распачаць спробу прасвідраваць акіянічную кару да мантыі. Пачатак свідравання плануецца на 2007 год.

Асноўны недахоп атрыманай з гэтых фрагментаў інфармацыі — немагчымасць усталявання геалагічных суадносін паміж рознымі тыпамі парод. Гэта кавалачкі пазла. Як сказаў класік, «вызначэнне саставу мантыі па ксеналітам нагадвае спробы вызначэння геалагічнай будовы гор па гальках, якія з іх вынесла рэчка».

Састаў мантыі[правіць | правіць зыходнік]

Мантыя складзеная галоўнай вобразам ультраасноўнымі пародамі: перыдатытамі, (лерцалітамі, гарцбургітамі, верлітамі, піраксенітамі), дунітамі і ў меншай ступені асноўнымі пародамі — эклагітамі.

Таксама сярод мантыйных парод усталяваныя рэдкія разнавіднасці парод, не сустракаемыя ў зямной кары. Гэта розныя флагапітавыя перыдатыты, граспідыты, карбанатыты.

Утрыманне асноўных элементаў у мантыі Зямлі ў масавых працэнтах
Элемент Канцэнтрацыя   Аксід Канцэнтрацыя
O 44,8    
Si 21,5 SiO2 46
Mg 22,8 MgO 37,8
Fe 5,8 FeO 7,5
Al 2,2 Al2O3 4,2
Ca 2,3 CaO 3,2
Na 0,3 Na2O 0,4
K 0,03 K2O 0,04
Сума 99,7 Сума 99,1

Будова мантыі[правіць | правіць зыходнік]

Працэсы, якія ідуць у мантыі, аказваюць самы непасрэдны ўплыў на зямную кару і паверхню Зямлі, з’яўляюцца прычынай руху кантынентаў, вулканізму, землетрусаў, гораўтварэння і фармавання рудных радовішчаў. Усё больш сведчанняў таго, што на саму мантыю актыўна ўплывае металічнае ядро планеты.

Спіс літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]