Перайсці да зместу

Менская школа КПЗБ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Менская школа КПЗБ
Сядзіба ў Лошыцы
Сядзіба ў Лошыцы
Заснавана 17 ліпеня 1924
Закрыта 1937
Тып школа

Ме́нская шко́ла КПЗБ, альбо Падпо́льная шко́ла КПЗБ у Ме́нску — навучальная ўстанова, якая дзейнічала ў 1924—1937 гадах у Беларускай ССР, дзе праходзілі тэарэтычную і практычную падрыхтоўку падпольшчыкі Заходняй Беларусі.

У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі. Бальшавіцкія ўлады падтрымлівалі і арганізоўвалі на тэрыторыі Польшчы прасавецкую дзейнасць, накіраваную на адарванне гэтых тэрыторый і далейшае далучэнне да СССР. У 1923 годзе была створана аўтаномная Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). 17 ліпеня 1924 года паводле пастановы ЦК КПЗБ была створана Падпольная школа КПЗБ. Арганізацыю па стварэнні школы правялі Адам Славінскі і Станіслаў Мертэнс. Школа пачала дзейнічаць у пачатку 1925 года ў вёсцы Лошыца пад Менскам, у пачатку 1930-х гадоў яна месцілася ў будынку Лошыцкай сядзібы[1].

Штогод у школе навучалася 25—30 падпольшчыкаў партыйнага і камсамольскага профілю. Навучэнцам забаранялася карыстацца сапраўднымі прозвішчамі і расказваць пра ранейшыя месцы жыцця і працы. Усе слухачы і выкладчыкі, звязаныя з падполлем, карысталіся псеўданімамі. На працягу 9—10 месяцаў паводле адмысловай праграмы курсанты вывучалі марксізм-ленінізм, дыялектычны і гістарычны матэрыялізм, палітычную эканомію, гісторыю ВКП(б), Камінтэрна, КПП і КПЗБ, беларускую мову. Для набліжэння працэсу навучання да рэчаіснасці слухачы праходзілі практыку падпольнай работы: абмяркоўвалі і давалі ацэнку палітычным падзеям, вучыліся пісаць лістоўкі і карэспандэнцыі ў газеты, справаздачы, выступаць з прамовамі на мітынгах, праводзіць канспіратыўныя пасяджэнні камітэтаў і ячэек і інш[2].

Заняткі праводзілі выкладчыкі з БДУ і іншых вышэйшых навучальных устаноў Менска (акадэмік Сямён Вальфсон, прафесар Абрам Лур’е, Драгілеў), беларускі пісьменнік Міхась Лынькоў, дзеячы рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі: Мікалай Арэхва, І. Боген, Станіслаў Будзінскі, Стэфан Гельман, Станіслаў Мертэнс, Панкова, Вера Харужая і іншыя. З дакладамі аб бягучых пытаннях дзейнасці партыі выступалі кіруючыя работнікі КПП і КПЗБ: Моцель Блінчыкаў, Павел Корчык (Язэп Лагіновіч), Ю. Ленскі, Саламон Мілер, Юльян Брун, сакратары ЦК КП(б)Б і старшыні СНК БССР. Сярод выпускнікоў школы дзеячы рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі: Сяргей Анісаў, Аляксандра Бергман, Сяргей Прытыцкі і інш[2].

Школа перастала існаваць у 1937 годзе праз савецкія рэпрэсіі супраць удзельнікаў падпольнага руху ў Заходняй Беларусі[2].

  1. ЭГБ 1999, с. 180.
  2. а б в ЭГБ 1999, с. 181.