Лошыца

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сядзіба Любанскіх у Лошыцкім парку
Стары вадзяны млын у Лошыцы

Ло́шыца, Ло́шыцкае прадме́сце — былая вёска, цяпер размешчана ў паўднёвай частцы горада Мінска, у сутоках ракі Лошыца і Свіслач.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пачатак XX ст.

Напэўна, з XXIII стагоддзяў тэрыторыя сядзібы ўваходзіла ў склад пэўнай воласці, якая з часам раздрабнілася на шэраг маёнткаў, у т. л. Лошыцу Вялікую, Лошыцу Малую, Лошыцу Гарнастаеўскую.[1]

Ад вялікага князя Аляксандра аднайменны двор Менскага намесніцтва быў пажалаваны прапраўнуку былога вялікага князя Яўнута Багдану Іванавічу[2], што, паводле тагачаснай адміністрацыйнай палітыкі ВКЛ, вывела двор з дзяржаўнага падпарадкавання і ўключыла яго ў разлеглую латыфундыю роду. Некаторая купляніна «на реце… на Лошици» з часоў вялікага князя Казіміра належала пісару Аляксандра Пятрашку, пра што згадваецца ў 1493 г.[3] Далей у дакументах пазначаецца як некалькі маёнткаў — Лошыцкі Двор князя Талачынскага (Вялікая Лошыца), Сухая Лошыца князя Адзінцова, Лошыца Гарнастаеўская ды іншыя сядзібы. Далейшымі ўладальнікамі былі Тышкевічы, Валадковічы, Друцкія-Горскія.

Двор Лошыцкі вядомы з 1557 г. Ад князёў Талачынскіх маёнтак перайшоў ва ўласнасць роду князёў Друцкіх-Горскіх. Першае вядомае згадванне роду ў Лошыцы датуецца 1582 г. У 1597 г. маёнткам як вотчынай валодаў князь Фёдар Друцкі-Горскі[4]. У 1640 г. адбылося аддзяленне Лошыцы ад суседняга Новага Двара.

Паводле візітаў уніяцкіх цэркваў Менскага і Ашмянскага паветаў, складзеных у 1680—1682 гг., паселішча з назваю Лошыца (польск.: Łoszyca) належала да парафіі сяла Каралішчавічы[5], што сведчыць пра наяўнасць пэўнай колькасці вернікаў уніяцкай царквы ў паселішчы. Як частка парафіі ўваходзіла ў Менскую пратапопію Менскага сабора[6].

У 1703 г. маёнтак перайшоў Ежы-Антонію Прушынскаму, пазней да яго сына ад Тэрэзы Ратомскай — маршалку галоўнага трыбунала Юзафу Прушынскаму (1709—1790), кавалеру ордэнаў Белага Арла і Св. Станіслава. З яго імем звязана фарміраванне барочнай сядзібы другой паловы XVIII ст. У гэты час Лошыца вядомая па інвентарах 1772, 1777, 1785 гг. У 1779 г. уладанні былі падзелены паміж сынамі Юзафа (1709—1790): маёнтак Лошыца разам з фальваркам Весялоўка пад Менскам адышоў малодшаму (шостаму) сыну Казіміру; Новы Двор і Трасцянец дасталіся Антонію; Каралішчавічы — старосце менскаму Станіславу (1753—1800). Лошыцкі маёнтак ад Казіміра атрымаў у спадчыну сын Антонія — Станіслаў-Ксаверый (пам. 1807), пасля смерці якога ўладальніцай стала яго жонка Ганна з роду Сямашкаў. Затым маёнткам валодалі іх сын Ірэні, які памёр маладым, а пасля брат апошняга — Яўстах Прушынскі (1797—1877), мінскі губернскі маршалак (1863—1877)[7]. Часта бываў тут Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які сябраваў з Яўстахам[7].

Лошыца на акварэлі Ю. Пешкі, пачатак XIX ст.

Пасля смерці Яўстаха Прушынскага (1797—1877), у якога мелася сястра Тэкля Прушынская, што пайшла за Яна Любанскага, маёнтак Лошыца перайшоў у валоданне яго пляменніка — Яна Янавіча Любанскага (пам. 1884), сына Яна Любанскага і Тэклі Прушынскай. З Яўстахам Любанскім (1859 — пасля 1913), сынам Яна Янавіча Любанскага (пам. 1884) і Аляксандры Юзэфаўны Сулістроўскай, звязаны найбольш паспяховы перыяд развіцця маёнтка. Маёнтак стаў адной з найлепшых губернскіх гаспадарак, а Лошыца стала вядомым месцам свецкага жыцця[8], тут збіраліся заможныя дваране (Эдвард Вайніловіч, Ежы Чапскі і інш.) і прагрэсіўная інтэлігенцыя Мінскай губерні. Яўстах Любанскі быў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, выбіраўся ў мінскую гарадскую і Дзяржаўную думу першага склікання, быў актыўным членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, старшынёй камітэта Мінскай лясной біржы, а таму добра ведаў стан сельскай гаспадаркі. У развіцці маёнтка вялікую ролю адыграла і яго жонка Ядвіга Геранімаўна Кеневіч (пам. 1905). Пасля яе трагічнай смерці ў 1905 г. праз пэўны час, 1913 г., Яўстах пакінуў сядзібу, выехаў на Каўказ і знік невядома дзе. Апошнім уладальнікам сядзібы быў яго брат Аляксандр Любанскі з Любані[8].

Найбольшага росквіту Лошыца дасягнула пры Прушынскіх у 1819 стагоддзях, калі была фактычна пабудавана нанава сядзіба, створаны шэраг гаспадарчых будынкаў. У 1877 годзе маёнтак перайшоў да Яна Любанскага. А апошнім уладальнікам Лошыцы стаў яго сын — Яўстахій Любанскі, які ператварыў маёнтак у адну з самых перадавых гаспадарак Мінскай губерні. Менавіта пры ім быў канчаткова сфарміраваны сядзібна-паркавы комплекс, які застаецца дагэтуль.

У 1920-я гады чэкісты арганізавалі школу па падрыхтоўцы сваіх дыверсійных брыгад, які закідваліся ў Заходнюю Беларусь.

Лошыцкі яр (Чорны Яр) — тэрыторыя Лошыцы, дзе расстрэльвалі ў першую сусветную вайну, у 1918-м, у перыяд сталінскіх рэпрэсій. Гінулі тут салдаты, якія трымалі абарону Мінска ў 1941-м годзе. На думку З. Пазняка, у гэтым месцы знаходзяцца рэшткі 7—10 тыс. чалавек.

У 1985 годзе вёска Лошыца была ўключана ў межы Мінска.

З 2000 года пачалося будаўніцтва новага мінскага мікрараёна «Лошыца» на мяжы з МКАД, ад якой ён аддзелены вуліцай Прушынскіх. Мікрараён разлічаны на 50 тысяч жыхароў. Акрамя таго захоўваюцца кварталы індывідуальнай забудовы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Рымска-каталіцкі касцёл: з 1997 года дзейнічае Парафія Маці Божай Ружанцовай, пабудавана капліца на вуліцы Гашкевіча 1, збіраюцца сродкі на будаўніцтва касцёла «Маці Божай Ружанцовай». У Лошыцкім парку захаваліся руіны каталіцкай капліцы 1788 г., дзе знаходзіўся фамільны склеп Прушынскіх, узарвана капліца ў 1935 г.

Беларуская праваслаўная царква: дзейнічае Богаяўленскі прыход, будуецца храм у гонар Яўлення Гасподняга.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Филиппович А. Белая лошадь в дремучем парке // Редакция «7 дней», БЕЛТА.
  2. Насевіч В. Заслаўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. С. 650.
  3. Lietuvos Metrika / L. Anužytė L., A. Baliulis — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 1998. — Т. Knyga nr. 3 (1440—1498). Užrašymų knyga 3. — С. 75. — 162 с.
  4. Прыватнае ўладанне паводле: Насевіч В. Менскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  5. Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг.: зб. дакументаў / Д.В. Лісейчыкаў — Мінск: І.П. Логвінаў, 2009. — С. 43. — 268 с.
  6. Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг.: зб. дакументаў / Д.В. Лісейчыкаў — Мінск: І.П. Логвінаў, 2009. — С. 43. — 268 с.
  7. 7,0 7,1 Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс
  8. 8,0 8,1 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]