Раўнінныя апачы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Раўнінныя апачы
(Naʼishandine)
Вярхоўны правадыр, фота XIX ст.
Агульная колькасць 1429 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання Аклахома
Мова раўнінная апачы
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя апачы, наваха, цуутына

Раўнінныя апачы, часам апачы-каёва (саманазва: Naʼishandine) — народ, карэнныя жыхары ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штаце Аклахома. На федэральным узроўні афіцыйна вызнаюцца як племя апачы з Аклахомы (англ.: Apache Tribe of Oklahoma).

Агульная колькасць у Аклахоме (2014 г.) - 1 429 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на шырока распаўсюджаныя назвы раўнінныя апачы і апачы-каёва, народ Naʼishandine не мае агульнага паходжання з іншымі апачы на поўдні ЗША. Гэтыя назвы маюць позняе паходжанне. Яны ўзніклі з-за недарэчнасці. Першыя даследчыкі меркавалі, што раўнінныя апачы вылучыліся з ліку астатніх апачы і наваха пасля ўварвання каманчаў. Аднак міфы саміх раўнінных апачы кажуць, што яны насялялі Вялікія раўніны на поўнач ад астатніх паўднёвых атабаскаў, недзе ў раёне Скалістых гор, і падзяляліся на 2 галіны. У легендах каёва кажацца, што раўнінныя апачы пайшлі ад сувязяў саміх каёва з сарсі.

Галоўнымі заняткамі здаўна былі вандроўнае паляванне і збіральніцтва. У 1681 г. раўнінныя апачы ўпершыню былі ўзгаданы ў французскіх пісьмовых крыніцах на тэрыторыі Ілінойс пад назвай Gattacka. У 1719 г. яны былі зафіксаваны на поўдні Аклахомы.

У XVIII ст. асвоілі конегадоўлю і мігрыравалі на поўдзень, дзе ўступілі ў абарончы саюз з каёва. Гэта аказала моцны ўплыў на раўнінных апачы, якія перанялі многія рысы культуры саюзнікаў, але захоўвалі сваю тоеснасць. У 1820 г., калі былі ўсталяваны першыя кантакты з амерыканцамі, раўнінныя апачы жылі ў Тэхасе. У 1837 г. заключылі мірнае пагадненне з ЗША. У далейшым удзельнічалі ў ваенных дзеяннях супраць амерыканскіх пасяленцаў і арміі ЗША на баку каёва і каманчаў. Аднак зацягнутыя ваенныя дзеянні і паражэнні прывялі да разрыву з каёва і перасялення да шаенаў і арапаха. У 1867 г. зноў далучыліся да каёва.

У 1872 г. дэлегацыя правадыроў раўнінных апачы наведала Вашынгтон, дзе дамовілася пра вылучэнне зямель для земляробства. Канчаткова межы рассялення раўнінных апачы ў Аклахоме былі замацваны толькі ў 1901 г. У 1892 г. яны моцна пацярпелі ад эпідэміі адзёру, так што ў 1905 г. у жывых засталося толькі 155 чалавек.

У нашы дні прызнаны на федэральным узроўні як нацыя і маюць самакіраванне. У 1972 г. была прынята племянная Канстытуцыя. Галоўныя заняткі — жывёлагадоўля і атрыманне даходаў ад здачы племянных зямель у арэнду.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці раўнінныя апачы займаліся пешым вандраваннем і існавалі дзякуючы паляванню і збіральніцтву. Асваенне конегадоўлі і перасяленне на поўдзень прывялі да фарміравання культуры конных паляўнічых на бізонаў, якая развівалася ў залежнасці ад саюзнікаў-каёва. Напрыклад, яны карысталіся аднолькавай мовай жэстаў. Уплыў каёва тлумачыўся малалікасцю раўнінных апачы. Іх колькасць ніколі не перавышала 350 чалавек.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай качэўнікаў-конегадоўцаў стала пашыраная сям'я. Многія мужчыны аддавалі перавагу шлюбу з некалькімі жанчынамі, звычайна сёстрамі, і жылі ў іх сем'ях. Кожная сям'я мела асабісты рытуальны вігвам. Адна ці некалькі сем'яў складалі тэрытарыяльную паляўнічую групу. Падчас вайны фарміраваліся большыя па ліку групы, прычым раўнінныя апачы фарміравалі іх разам з каёва. На чале тэрытарыяльнай і ваеннай груп стаялі правадыры. Ваенны правадыр заўсёды абіраўся мужчынамі. Улада тэрытарыяльнага правадыра часам перадавалася па спадчыне, але не была безумоўнай і магла аспрэчвацца іншымі кандыдатамі.

Захаванню мовы і тоеснасці садзейнічалі штогадовыя танцавальныя рэлігійныя абрады. Вылучаліся 4 танцавальныя таварыствы: дзіцячае Kasowe, мужчынскае Manatidie, Klintidie для паважаных старых і патаемнае Izuwe.

Фальклор і традыцыйныя рэлігійныя вераванні падобныя на каёва. Разам з гэтым, у казках і легендах прысутнічаюць агульныя для ўсіх паўднёвых атабаскаў трыкстэр Каёт і пачварны гігант Пугач.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова раўнінных апачы адносіцца да паўднёвай групы атабаскіх моў. У нашы дні не выкарыстоўваецца ў паўседзённасці. Апошні яе носьбіт памёр у 2008 г.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні раўнінных апачы былі заснаваны на анімістычных уяўленнях. Найбольш вядомым рытуальным святам з'яўляўся штогадовы танец сонца, які наведвалі ўсе вандроўныя групы. З 1872 г. сярод раўнінных апачы пачала дзейнічаць пратэстанцкая місія. У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]