Рыгор Юр’евіч Осцік
Рыгор Юр’евіч Осцік | |
---|---|
Нараджэнне | XVI стагоддзе |
Смерць |
18 чэрвеня 1580 |
Род | Осцікі |
Бацька | Юрый Рыгоравіч Осцік[1] |
Маці | Марына Міхайлаўна Мсціслаўская[d][2] |
Дзеці | Ян Осцік[d] |
Рыгор Юр’евіч Осцік (Остык, Осцікавіч) (? — 18 чэрвеня 1580, Вільня) — вялікалітоўскі магнат. Дваранін каралеўскі (з 1569).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]З магнацкага роду Осцікаў. Пасля ад’езду Генрыха Валуа і новага безкаралаўя ў Рэчы Паспалітай Рыгор Осцік далучыўся да прамаскоўскай партыі, у лютым 1576 года напісаў ліст да цара Івана Васілевіча, у якім абяцаў дапамогу ад сябе і вялікалітоўскай шляхты ў атрыманні стальца. У выпадку поспеху Рыгор Осцік спадзяваўся атрымаць Ковель і Бельск, а таксама гетманскі ўрад. Аднак у 1575 годзе каралём быў абраны (каранаваны ў 1576) Стэфан Баторый.
У 1579 годзе не пакінуўшы нашчадкаў памёр брат Рыгора Осціка — Юрый, усю маёмасць ён запісаў сваёй другой жонцы Магдалене з Брамоўскіх. Рыгор Осцік пачаў судовы працэс з Магдаленай пра ануляванне тастамента, але прайграў. Пасля гэтага ён абвінаваціў братаву ўдаву ў атручэнні мужа, а таксама сфабрыкаваў фальшывы дакумент, паводле якога брат быццам пазычыў у яго 20 тысяч коп грошаў. У выніку Магдалена з Брамоўскіх саступіла маёмасць мужа, у тым ліку Варняны і Гіртушкі, на карысць Рыгора Осціка.
У чэрвені 1580 года да караля ў Вільню прыбыў маскоўскі пасол Р. А. Нашчокін, меў ён і царскі ліст да Рыгора Осціка, які пад прычынаю пакупкі футра і іншых маскоўскіх тавараў атрымаў дазвол на сустрэчы з Р. А. Нашчокіным. Частыя сустрэчы і багаты падарунак Нашчокіна — дарагі конь, выклікалі падазрэнні, таксама на Рыгора Осціка данёс яго слуга. Пасля гэтага Рыгор Осцік быў арыштаваны, вобыск ў яго доме знайшоў падробленыя пячаткі многіх сенатараў, а ў маёнтку Каварск пад Вільняй абсталяванне для фальшавання манет. Арыштаваны давераны слуга Рыгора Осціка Барталамей пад катаваннямі паказаў, што яго пан меў зносіны з Масквою яшчэ да безкаралеўя і атрымліваў адтуль лісты.
На судзе Рыгор Осцік спачатку адмаўляў здраду, казаў, што з Масквою і Р. А. Нашчокіным яго звязвала толькі камерцыя, а падробленымі пячаткамі карыстаўся адно ў сваіх маёмасных справах, але потым сазнаўся, што нават абяцаў пры магчымасці забіць караля, праўда, рабіў гэта толькі праз беднасць, у спадзяванні выцягнуць з маскавічоў грошы. Рыгор Осцік на каленях прасіў пра памілаванні, але 15.6.1580 года быў прыгавораны судом да смерці, а 18.6.1580 года пакараны на Ратушнай плошчы ў Вільні.
Маёмасць
[правіць | правіць зыходнік]Па смерці бацькі атрымаў у спадчыну частку Аванты і маёнтак Шатэчну, апроч гэтага валодаў Чадосамі, Ганушынкамі і Эмельнікамі (усе — тэрыторыя сучаснай Літвы). Таксама меў дом у Вільні на Вялікай вуліцы (цяпер на месцы Didžioji g. 7) супраць палацу Радзівілаў (цяпер Didžioji g. 10), пасля пакарання Рыгора Осціка дом быў перададзены каралём Стэфанам Баторыем свайму паплечніку Габрыелю Бекешу, які валодаў ім нядоўга[заўв 1]. У 1579 годзе шантажом вымусіў братаву ўдаву адмовіцца на сваю карысць ад мужавай спадчыны, у тым ліку Варнян і Гіртушак. Пасля пакарання смерцю ўладанні Рыгора Осціка перайшлі да вялікага князя, але ў канцы 1580 года большая іх частка вернута яго ўдаве Ядвізе Юр’еўне з Насілоўскіх.
Радавод
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ У 2-й пал. 17 ст. дом выкуплены Мікалаем Казімірам Пацам (1624—1682, кашталян віленскі, вялікі гетман літоўскі), пазней (1673) ім жа быў выкуплены і суседні дом і на іх месцы пабудаваны палац Пацаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 456. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Łowmiańska M. Hrehory Ościk i jego zdrada w roku 1580 // Alma Mater Vilensis Biblioteka. 1933. Zesz. 3;
- Кавалёў С. Паэма Станіслава Лаўрэнція «Лямант няшчаснага Рыгора Осціка» (1580) // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры БДУ. Выпуск 3. — Мн., 2002.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 271.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 270–271.