Флот адкрытага мора
Флот адкрытага мора ням.: Hochseeflotte | |
---|---|
Гады існавання | 1907 — 1918 |
Краіна | Германская імперыя |
Уваходзіць у | Германскі імперскі флот |
Тып | Ваенна-марскія сілы |
Дыслакацыя | |
Удзел у | Першая сусветная вайна |
Вядомыя камандзіры | Гуга фон Поль |
Флот адкры́тага мо́ра (ням. Hochseeflotte) — асноўны ваенны флот германскіх імперскіх ВМС падчас Першай сусветнай вайны. Базіраваўся ў г. Вільгельмсгафен, (Германія).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Флот адкрытага мора ствараў пастаянную пагрозу Брытанскім астравам і вымушаў брытанскі Гранд-Фліт на працягу ўсёй вайны знаходзіцца ў раёне Паўночнага мора, нягледзячы на недахоп караблёў на іншых тэатрах ваенных дзеянняў.
Брытанскі Гранд-Фліт колькасна пераўзыходзіў Флот адкрытага мора ў суадносінах 3/2. У першы год вайны назіралася роўнасць сіл (з прычыны распылення сіл брытанскага флота), у наступныя гады суадносіны змяніліся на карысць Гранд-Фліта. У такой сітуацыі Флот адкрытага мора пазбягаў адкрытых сутыкненняў з Гранд-Флітам і аддаваў перавагу стратэгіі рэйдаў у Паўночнае мора з мэтай выманіць частку Гранд-Фліта, адрэзаць яе ад асноўных сіл і знішчыць. Тым не менш, бітвы ў Гельгаландскай бухце (28 жніўня 1914 года), ля Догер-банкі і нават Ютландская бітва (31 мая 1916 года) не аказалі істотнага ўздзеяння на расстаноўку сіл у Паўночным моры.
Для прарыву блакады Германіі, якую ажыццяўляў брытанскі флот, германскія ВМС сканцэнтравалі свае рэсурсы на вядзенні неабмежаванай падводнай вайны. Не лічачы двух выхадаў у мора (у жніўні 1916 года і ў маі 1918 года), Флот адкрытага мора ўвесь час знаходзіўся на сваёй базе.
У кастрычніку 1918 года, ва ўмовах набліжэння паражэння ў вайне і росту незадаволенасці народных мас, адмірал Шэер вырашыў учыніць адчайную атаку на Гранд-Фліт. Ведаючы, што падобная аперацыя не будзе падтрымана, ён не праінфарміраваў урад аб сваёй задуме. Аднак, калі быў аддадзены загад аб выхадзе ў мора (30 кастрычніка), большасць маракоў адмовілася яго выконваць. План атакі быў адменены, але паўстанне маракоў перарасло ў рэвалюцыю, выклікала падзенне імперскага ўрада (9 лістапада) і сканчэнне вайны (11 лістапада).
Лёс флота пасля Першай сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]Паводле ўмоў мірнага дагавора, Флот адкрытага мора мусіў быць інтэрніраваны на базе брытанскіх ВМС Скапа-Флоў на Аркнейскіх астравах. У ходзе «Аперацыі ZZ» (21 лістапада 1918 года) 60 лінейных караблёў Антанты эскартыравалі 11 лінейных караблёў, 5 лінейных крэйсераў, 9 крэйсераў і 48 эскадраных мінаносцаў Флота адкрытага мора на стаянку ў Скапа-Флоў.
21 чэрвеня 1919 года контр-адмірал Людвіг фон Ройтар загадаў камандам затапіць караблі, каб яны не дасталіся англічанам. Усяго быў затоплены 51 карабель. Дзевяць маракоў, якія загінулі пры затапленні, сталі апошнімі ахвярамі Першай Сусветнай вайны.
Камандуючыя
[правіць | правіць зыходнік]Флотам камандавалі:
- Фрыдрых фон Інгеналь (1913—1915)
- Гуга фон Поль (1915—1916)
- Рэйнхард Шэер (1916—1918)
- Франц фон Хіпер (1918).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Scheer, Reinhard (1920). Germany's High Seas Fleet in the World War. Cassell and Company, ltd. OCLC 2765294.