Францішак Папроцкі
Францішак Папроцкі | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 чэрвеня 1723[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 ліпеня 1805 (82 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык, выдавец |
Месца працы | |
Альма-матар |
Францішак Папроцкі (польск.: Franciszek Paprocki; 10 чэрвеня 1723[1], Беларусь — 2 ліпеня 1805, Варшава) — выдавец, аўтар навуковых прац па геаграфіі, усеагульнай і айчыннай гісторыі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся на Беларусі. Адукацыю атрымаў у Полацкім езуіцкім калегіуме[2], па заканчэнні курсу рыторыкі 2 верасня 1740 года ўступіў у ордэн езуітаў. У 1740—1742 гадах адбываў навіцыят у Вільні, у 1742—1743 гадах вывучаў пад кіраўніцтвам Станіслава Растоўскага ў багаслоўскай семінарыі ў Слуцку гуманітарныя навукі[3]. У 1743—1744 гадах праходзіў настаўніцкую практыку ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, выкладаў філасофію ў ім жа ў 1744—1745 гадах і ў Горадні ў 1745—1747 гадах. У 1747—1748 гадах быў прафесарам паэтыкі ў Крожскім калегіуме, затым на чатыры гады адправіўся ў Варшаўскі ўніверсітэт, дзе вывучаў багаслоўе. 29 красавіка 1749 года (паводле іншых крыніц, у 1751) быў пасвечаны на святара. Завяршыўшы навучанне ў 1752 годзе, год (да 1753 года) выкладаў у Нясвіжы, затым у 1753—1756 гадах выкладаў у Collegium Nobilium філасофію, гісторыю, геаграфію і французская мова, усталяваўшы ў той жа перыяд свайго жыцця сувязі з многімі польскімі інтэлектуаламі і часта бываючы ў Бібліятэцы Залускіх.
У 1756—1757 гадах быў прапаведнікам у Пултуску. У 1757—1760 гадах выкладаў у Віленскай акадэміі ў званні прафесара філасофію, у 1759—1760 гадах таксама філалогію. У 1760 годзе яго высілкамі пачала выдавацца газета «Літоўскі кур’ер», якая выходзіла да канца 1763 года. У 1763—1765 гадах быў рэктарам Collegium Nobilium у Вільні і тады ж выдаваў календары. У 1765—1768 гадах быў рэктарам Ковенскага езуіцкага калегіуме. 27 верасня 1768 года быў прызначаны пракурорам Літоўскай правінцыі, працягваючы выпускаць календары сумесна з Віленскай акадэміяй. У 1770 годзе атрымаў званне доктара багаслоўя[4]. Кіраваў шляхецкімі канвіктамі ў Вільні і Камянцы, а пасля скасавання ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай стаў канонікам ловіцкім.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаючы з 1759 года, Папроцкі выдаваў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі», з 1768 — «Віленскія календары». Гэтыя календары выгадна адрозніваліся ад большасці падобных выданняў сярэдзіны 18 ст., у якіх побач з рэлігійнай праблематыкай змяшчаліся звесткі па астралогіі, знахарстве, тлумачэнні сноў. Сваім добра аформленым «Палітычным каляндарыкам» Папроцкі надаў свецкі характар, змяшчаў у іх багатую інфармацыю пра бягучыя падзеі ў краіне і за мяжой, звесткі па фізіцы, механіцы, медыцыне і геаграфіі. У іх, напрыклад, змяшчаліся артыкулы аб выніках астранамічных назіранняў М. Пачобут-Адляніцкага, у якіх рашуча адхіляліся астралагічныя прароцтвы і інш. забабоны, «замоўчваліся» і біблейскія легенды[5].
У «Палітычным каляндарыку на 1760 г.» Папроцкі змясціў кароткае апісанне найбуйнейшых тагачасных краін Еўропы. Характарызуючы Расію, ён адзначыў, што жыхары гэтай краіны «цярплівыя ў невыгодах і нястомныя ў працы, асабліва ваеннай»; пачынаючы з царавання Пятра I, яны дасягнулі вялікіх поспехаў у навуках і змен у звычаях, разам з тым многія з іх вызначаюцца «схільнасцю да бунту, суровасцю, празмерным п’янствам» і інш. заганамі[5].
У «Палітычным каляндарыку на 1764 г.» змясціў храналогію польскіх каралёў і князёў вялікіх літоўскіх, апісваў падзеі «бескаралеўя», што настала пасля смерці Жыгімонта Аўгуста III, паведамляў імёны імператараў, цароў і каралёў еўрапейскіх краін, тагачасных епіскапаў, сенатараў, міністраў і інш. службовых асоб Рэчы Паспалітай. У адным з артыкулаў расказвалася пра вынікі Сямігадовай вайны 1756—1763 гадоў, названы найважнейшыя палітычных падзеі 1763 года; прыведзена табліца ўсходу і захаду Сонца. У «Палітычным каляндарыку на 1765 г.» надрукаваны пастановы соймаў за 1764[5].
«Каляндарык на 1766 г.» паведамляў пра землетрасенне ў Амерыцы і Сібіры, пра адкрыццё Расійскай купецкай кампаніяй Алеуцкіх астравоў, называліся новыя лекі. Цікавая была інфармацыя пра бунт 50 тысяч лонданскіх ткачоў з прычыны завозу ў Англію шаўковых тканін, з-за чаго «ткачы-шаўкапрады засталіся без сродкаў да жыцця і асуджаліся на галодную смерць». Гэтыя выданні П. мелі шмат агульнага з «Варшаўскімі календарамі», што выпускаў вядомы польскі вучоны і філосаф А. Вішнеўскі[5].
Папулярныя былі і творы Папроцкі па геаграфіі і гісторыі, у тым ліку падручнік геаграфіі «Еўропа — найлепшая частка свету» (1754, 1765), у якім даваўся аналіз геаграфічнага становішча, прыродных умоў, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага ладу, складу насельніцтва, духоўнай культуры еўрапейскіх краін[5].
З прац Папроцкага, прысвечаных праблемам усеагульнай гісторыі, вылучаецца кніга «Найбольш значныя войны…» (1763), напісаная на аснове твораў антычных і заходнееўрапейскіх гісторыкаў. У прадмове да яе аўтар адзначаў: «Няма нічога больш непрыемнага для народаў, чым войны, і ў той жа час веданне гісторыі войнаў дазваляе высветліць прычыны ўзвышэння і падзення дзяржаў і, што асабліва важна, шляхі ўмацавання свабоды і незалежнасці Айчыны». У такой форме Папроцкі знайшоў спосаб выказаць сур’ёзную занепакоенасць патрыятычных сіл лесам Рэчы Паспалітай, якая набліжалася да свайго падзення. Трывогай за будучыню Рэчы Паспалітай прасякнута і праца Папроцкага «Аб рыцарскім пытанні ў Польшчы» (1776)[5].
На аснове аналізу прычын перамог і паражэнняў Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ў мінулых войнах аўтар спрабаваў выказаць рэкамендацыі па ўмацаванні абароны дзяржавы і павышэнні баяздольнасці яе арміі[5].
Дзве невялікія кнігі Папроцкага «Дамашнія весці аб Вялікім княстве Літоўскім» (1763) і «Дамашнія весці аб Польскім Каралеўстве» (1771) уяўляюць кароткія энцыклапедычныя даведнікі аб геаграфічным становішчы, прыродных умовах, гісторыі, дзяржаўным ладзе, судах, арміі і інш. атрыбутах названых краін[5].
У першай з іх Папроцкі ўзнаўляе паданне пра перасяленне рымлян у басейн Нёмана, якое пакладзена ў аснову распрацаванай М. Длугашам, М. Літвінам і інш. гісторыкамі тэорыі пра лацінскае паходжанне літоўскага народа, што нібыта нейкі Палямон, сваяк Нерона, разам з 500 знатнымі рымлянамі ўцёк ад самавольства імператара ў чужыя краі і пасяліўся ў басейне Нёмана, і ад нашчадкаў гэтых рымлян пайшлі літоўская шляхта і літоўскі народ[5].
Аналіз гістарычных твораў Папроцкага сведчыць, што іх аўтар зыходзіў з рацыяналістычнага разумення гістарычнага працэсу і сваёй дзейнасцю падрыхтаваў глебу для ўспрыняцця ідэі пра заканамернае развіццё гісторыі прадстаўнікамі грамадскай думкі Беларусі і Літвы апошняй трэці XVIII ст.[5]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/franciszek-paprocki-h-jastrzebiec
- ↑ Polski słownik biograficzny, T. 25. 1980. Str. 181. . Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2015. Праверана 17 сакавіка 2015.
- ↑ Polski słownik biograficzny. . Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2015. Праверана 17 сакавіка 2015.
- ↑ Kalendarz Polityczny Wileński księdza Franciszka Paprockiego(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2015. Праверана 17 сакавіка 2015.
- ↑ а б в г д е ё ж з і Папроцкі Францішак // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Папроцкі Францішак // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
- Бирало А. А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1871;
- Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
- Идеи гуманизма в общественнополитической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977.
- Нарадзіліся 10 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1723 годзе
- Нарадзіліся ў Беларусі
- Памерлі 2 ліпеня
- Памерлі ў 1805 годзе
- Памерлі ў Варшаве
- Выкладчыкі Нясвіжскага езуіцкага калегіума
- Выкладчыкі Гродзенскага езуіцкага калегіума
- Выкладчыкі Крожскага езуіцкага калегіума
- Выпускнікі Варшаўскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Полацкага езуіцкага калегіума
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Гісторыкі Вялікага Княства Літоўскага
- Географы XVIII стагоддзя
- Географы Беларусі
- Гісторыкі XVIII стагоддзя
- Езуіты Вялікага Княства Літоўскага