Перайсці да зместу

Цімох Якімавіч Вострыкаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цімох Вострыкаў
Нараджэнне 28 жніўня 1922(1922-08-28)
Смерць 13 лістапада 2007(2007-11-13) (85 гадоў)
Бацька Якім Вострыкаў
Дзеці сын Ілля

Цімо́х Во́стрыкаў (28 жніўня 1922 — 13 лістапада 2007) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, беларускі ваенна-палітычны дзеяч, выдавец, прадстаўнік Рады БНР у складзе аперацыі амерыканскай разведкі па скідванню разведчыкаў на тэрыторыю БССР у жніўні 1952. Псеўданім «Карл».

Нарадзіўся 17 жніўня 1922 г. у вёсцы в. Баршчоўка, Церахоўскага павету (цяпер у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці). Працаваў у Гомелі электразваршчыкам. У 1939 г. бацька Якім Вострыкаў за адмову ўступаць у калгас быў асуджаны на 3 гады турмы, што дадаткова ўплынула на антыкамуністычныя погляды 17-гадовага Цімоха.

У 1940 г. скончыў двухмесячныя настаўніція курсы і працаваў як настаўнік у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці да пачатку нямецкай акупацыі. Пасля мабілізацыі у 1941 у Чырвоную армію патрапіў у нямецкае акружэнне і пазней апынуўся ў лагеры для ваннапалонных, аднак адтуль уцёк у Гомель (па іншай інфармацыі — капаў акопы на Смаленшчыне і дэзерціраваў)[1]. У 1942 г. тры месяцы адпрацаваў у якасці «остарбайтэра» электразваршчыкам ў Германіі, аднак яму ўдалося сімуляваць псіхічную хваробу, атрымаўшы адпаведныя дакументы праз біржу працы і перакладчыкаў, і ён вярнуўся назад у Гомель. Па вяртанні працаваў у бацькавай гаспадарцы і атрымаў даведку, яка сведчыла пра тое, што ён дабраахвотна паехаў на працы ў Германію і вярнуўся назад як хворы, праз што не мог служыць. Нават з дакументамі хворага Вострыкава прабавалі забраць у карны атрад, адкуль ён уцёк на другі дзень у камендатуру, дзе яго адпусцілі дадому. Праз некаторы час яго забіраюць ужо ў паліцыю, але і адтуль ён уцякае з аднавяскоўцам.

У 1943 перад наступаючымі вайскамі СССР Вострыкаў з’ехаў у Германію. У 1944 г. патрапіў у амерыканскую акупацыйную зону, а ў 1945 годзе, каб унікнуць прымусовай рэпатрыяцыі грамадзян і ўраджэнцаў СССР, змяніў у дакументах месца нараджэння на Заходнюю Беларусь і імя на Міхась, бо заходняя частка БССР раней належала да Польшчы і яе ўраджэнцы лічыліся тамтэйшымі грамадзянамі. У 1946 г. бацька Вострыкава зноў асуджаны — на гэты раз па фальшывым даносе аб супрацоўніцтве з нямецкімі ўладамі, і пазней загінуў у ГУЛАГу. У гэты час, з 1946 па 1948 гг. Цімох вычуўся ў Міхельсдорфскай беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. У гімназіі ён пазнаёміўся з многімі будучымі вядомымі беларускімі дзеячамі эміграцыі і пазней прызнаваўся, што менавіта там ён ператварыўся ў свядомага беларуса са звыклага антыкамуніста. Разам з аднакласнікамі выдаў і распаўсюдзіў 12 нумароў часопіса «Наперад».

У канцы 1948 г. разам с сябрамі-выдаўцамі паехаў у Англію працаваць на вугальных шахтах. Працаваў там два гады і ў 1950 г. з імі спаткаўся Барыс Рагуля, які запрапанаваў ім навучанне у Лёвенскім універсітеце ў Бельгіі, дзе Цімох правучыўся паўтары гады на фізкультурным факультэце. Але Цімох Вострыкаў не мог болей вытрымаць на чужыне: праз Барыса Рагулю і сяброў яму ўдалося наладзіць кантакт з амерыканскай разведкай, каб быць патрапіць у склад разведнага дэсанта на тэрыторыю БССР. У 1951 прайшоў спецпадрыхтоўку на амерыканскай вайсковай базе ў Бадверысхофене пад Мюнхенам і ўжо ў ноч з 26 на 27 жніўня 1952 г. дэсантаваўся на тэрыторыю БССР як прадстаўнік Рады БНР. Група была выкрытая за адзін тыдзень, па меркаванні Вострыкава ў выніку здрады. Ён лічыў, што аперацыя была спланаваная на правал, каб прыкрыць іншага агента, а таксама абвінавачваў у здрадзе на карысць Міністэрства дзяржаўнай бяспекі БССР іншага ўдзельніка групы — Міхала Арцюшэўскага, які пазней быў памілаваны ўказам Прэзідыума ВС СССР у канцы студзеня 1956 года.

Вострыкаў быў засуджаны на тэрмін у 23 гады лагероў агульнага рэжыму, які ён поўнасцю адбыў у чатырох розных лагерах у Мардовіі. У кожным лагеры яму ўдавалася стварыць беларускае асяродзе колькасцю ў прынамсі паўсотні чалавек, накіраванае на культурна-асветніцкую дзейнасць і змаганне за правы зняволеных. У лагерах пачаў пісаць гістарычную працу па гісторыі ВКЛ. Вызваліўся ў 1975 г. і да пачатку 1980-х гадоў працаваў будаўніком, пакуль не выйшаў на пенсію. Дасылаў свае працы ў Інстытут Гісторыі АН БССР, а з пачатку 1990-х гадоў аўдавеў і зноў актыўна пачаў займацца грамадска-культурным жыццём на Гомельшчыне, выступаў у грамадскіх і дзіцячых установах з публічнымі лекцыямі на гістарычныя тэмы. Упершыню даў інтэрв’ю 4 чэрвеня 1998 года карэспандэнту «Нашай Нівы» для Архіва Найноўшай Гісторыі.

Памёр 13 лістапада 2007 года ў Гомелі. Пахаваны на наступны дзень у в. Раманавічы. Апошнія гады яго даглядала сядзелка, якой ён перадаў большую частку сваёй маёмасці. Да самай смерці не быў рэабілітаваны.

Зноскі

  1. http://bchdgomel.com/?p=104(недаступная спасылка) біяграфія Вострыкава на сайце БХД у Гомелі
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік. — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3
  • Рудак А. Кім Філбі: беларускі след // Наша гісторыя, № 2, 2018, с. 36-40. ISBN 2617—2305


Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Цімох Якімавіч Вострыкаў