Эстонская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
Гістарычная дзяржава | |||||
Эстонская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка | |||||
---|---|---|---|---|---|
Eesti Nõukogude Sotsialistlik Vabariik | |||||
|
|||||
Дэвіз: ««Kõigi maade proletaarlased, ühinege!» (Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!)» |
|||||
Гімн: «Jää kestma, Kalevite kange rahvas» (Трывай, гераічны народ Калева) |
|||||
1940 — 1991
|
|||||
Сталіца | Талін | ||||
Мова(ы) | Эстонская | ||||
Грашовая адзінка | Савецкі рубель | ||||
Плошча | 45.227 км² | ||||
Насельніцтва | 1.565.662 чал. (1989) | ||||
Форма кіравання | Савецкая сацыялістычная рэспубліка | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Эстонская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЭССР; эст.: Eesti Nõukogude Sotsialistlik Vabariik) — саюзная рэспубліка СССР, створаная 21 ліпеня 1940 года рашэннем Рыйгікогу (парламента) Эстонскай Рэспублікі. 6 жніўня 1940 года прынятая ў якасці саюзнай рэспублікі ў склад Савецкага Саюза. У Эстоніі гэты перыяд гісторыі лічыцца савецкай акупацыяй.
8 мая 1990 года рашэннем Вярхоўнага Савета Эстонскай ССР ЭССР была перайменавана ў Эстонскую Рэспубліку. Эстонская ССР ліквідавана 20 жніўня 1991 года рашэннем Вярхоўнага Савета Эстонскай ССР. Праз два тыдні, 6 верасня 1991 года, Дзяржаўны Савет СССР афіцыйна прызнаў незалежнасць Эстоніі.
Гісторыя
21 чэрвеня 1940 года ў Эстоніі адбыўся дзяржаўны пераварот прасавецкімі сіламі, у выніку якога ўрад Юры Улуатса страціў уладу. Наступствам стала прызначэнне новага ўрада на чале з Іаганесам Варэс-Барбарусам, правядзенне пазачарговых парламенцкіх выбараў і, у далейшым, абвяшчэнне Эстонскай ССР 21 ліпеня 1940 года.
У парламенцкіх выбарах, якія прайшлі 14-15 ліпеня 1940 года, узялі ўдзел звыш 80 % ад тых, хто мае права голасу (591 030 чалавек). Да іх былі дапушчаныя толькі кандыдаты-камуністы і пэўная частка насельніцтва. Выбары суправаджаліся запалохваннем выбаршчыкаў, а таксама фальсіфікацыяй вынікаў.
21 ліпеня эстонскі парламент прыняў рашэнне аб устанаўленні ў краіне Савецкай улады і ўтварэнні Эстонскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 22 ліпеня была прынята дэкларацыя аб уступленні Эстоніі ў склад СССР. Рыйгікогу звярнулася з адпаведнай просьбай да Вярхоўнага Савета СССР. У той жа дзень прэзідэнт Канстанцін Пятс падаў прашэнне аб вызваленні яго ад паўнамоцтваў прэзідэнта, якое было задаволена. Паўнамоцтвы прэзідэнта, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, перайшлі да прэм’ер-міністра. 30 ліпеня Пятс быў дэпартаваны ў Башкірыю. 6 жніўня 1940 года VII сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла пастанову аб прыняцці ў склад СССР Эстонскай ССР.
Пасля гэтага парламент 25 жніўня прыняў новую Канстытуцыю, якая за тры дні да гэтага была ўзгоднена ў Маскве ў Палітбюро ЦК ВКП(б). Галоўным органам улады стаў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Эстоніі на чале з Карлам Сярэ. З моманту змены рэжыму і да нападу Германіі на СССР у Эстоніі было арыштавана, выслана або забіта 26400 чалавек.
Гэтыя дзеянні падвяргаліся крытыцы з боку краін Захаду. Так, 23 ліпеня 1940 г. намеснік дзяржсакратара ЗША Самнер Уэллес заявіў, што ЗША не прызнаюць такія сілавыя змены і свядомае знішчэнне свабоды. Анексію Эстоніі не прызналі, акрамя ЗША, таксама Ватыкан і Ірландыя, не прызналі дэ-юрэ, але прызнавалі дэ-факта мноства краін, у першую чаргу краіны Захаду, а таксама Кітай і шэраг краін Лацінскай Амерыкі. Па Хельсінкскім пагадненні 1975 года краіны АБСЕ афіцыйна прызналі СССР у межах 1945 года, у склад якога ўваходзіла Эстонія як складовая частка.
Адміністрацыйны падзел
З моманту ўтварэння ЭССР і да 1945 года ў рэспубліцы захоўваўся ранейшы адміністрацыйны падзел на паветы і воласці, які захаваўся яшчэ з 1918 года.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 жніўня 1944 года горад Пячоры, Пячорскі павет, Слабадская, Панікаўская і Ізбарская воласці Эстонскай ССР былі перададзеныя з Эстонскай ССР у склад РСФСР. На падставе Указа ад 24 лістапада 1944 г. «Аб уключэнні ў склад Ленінградскай вобласці населеных пунктаў, размешчаных на ўсходнім беразе ракі Нарва» у склад Ленінградскай вобласці былі перададзены тэрыторыі за ракой Нарвай, уключаючы горад Івангорад.
У верасні 1950 года, у мэтах уніфікацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ва ўсім СССР, дзяленне на паветы і воласці было скасавана. Замест іх створана 39 раёнаў.
У 1952 годзе была зроблена спроба стварыць на тэрыторыі ЭССР абласны падзел. 8 красавіка 1952 года былі створаны дзве вобласці — Талінская і Тартуская, 10 мая з частак раней утвораных абласцей была створана трэцяя — Пярнуская. У выніку Пярнускую вобласць утварылі 14 паўднёва-заходніх раёнаў, Тартускую — 13 усходніх, а Талінскую — 12 паўночных. Праіснавала такое дзяленне зусім нядоўга, да вясны 1953 года.
З 1955 года і на працягу дзесяцігоддзя ішоў практычна бесперапынны працэс карэкціроўкі раённага дзялення. Так, на канец 1961 года ў рэспубліцы існавала ўжо 6 гарадоў рэспубліканскага падпарадкавання і 21 раён.
Да 1965 канчаткова сфармавалася адміністрацыйнае дзяленне Эстонскай ССР на 15 раёнаў. Яно практычна ў тым жа выглядзе выкарыстоўваецца і ў сучаснай Эстоніі, за выключэннем таго, што раёны сталі звацца паветамі.
Тэрытарыяльныя змены на расійска-эстонскай адміністрацыйнай мяжы ў 1944-1945 гадах | Вобласці Прыбалтыкі ў 1952-1953 гг. | Адміністрацыйны падзел Эстонскай ССР у 1957 годзе |
Рэспубліка ў філатэліі
-
Сталінградская плошча
-
Дом урада
-
Тэатр оперы і балета
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Эстонская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка