Атон Ігнатавіч Горват
Атон Ігнатавіч Горват | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Леў Францавіч Оштарп | ||||||
Пераемнік | Людвік Антонавіч Слатвінскі | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
17 сакавіка 1809 маёнтак Карані, Рэчыцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя |
||||||
Смерць |
7 сакавіка 1894 (84 гады) Мінск, Мінская губерня, Расійская імперыя |
||||||
Месца пахавання | маёнтак Ліпаў, Рэчыцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя | ||||||
Род | Горваты | ||||||
Бацька | Ігнат Тадэвушавіч Горват (1764—каля 1826), дэпутат дваранства (вывадовы дэпутат) Рэчыцкага павета (1795—1801), старшыня рэчыцкага павятовага суда (1814—1817) | ||||||
Маці | Юзэфа Феліцыянаўна Рудніцкая | ||||||
Жонка | 1) Людвіка Львоўна Оштарп (8 чэрвеня 1807—?), 2) Міхаліна Адамаўна Вайніловіч (1848—1941) | ||||||
Дзеці | дзяцей не меў | ||||||
Веравызнанне | каталік | ||||||
Адукацыя | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Атон Ігнатавіч Горват (польск.: Otton Horwatt, руск.: Оттон Игнатьевич Горватт) (17 сакавіка 1809, маёнтак Карані, Рэчыцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 7 сакавіка 1894, Мінск, Мінская губерня, Расійская імперыя) — грамадскі дзеяч, буйны землеўласнік Расійскай імперыі і Беларусі, мінскі губернскі маршалак (1847—1853). Калежскі асэсар (1850).
Паходжанне і сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Належаў да каталіцкага маянтковага шляхецкага роду Горватаў герба «Побаг».
Нарадзіўся 17 сакавіка 1809 г. у родавым маёнтку Карані[1][2] Рэчыцкага павета ў каталіцкай шляхецкай сям’і Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764 — каля 1826), мазырскага гродскага суддзі (1782—1795), уладальніка маёнтка Ліпаў (Ліпаў, Карані і інш. — налічваў 1070 душ прыгонных мужчынскага полу ў 1811 г.[3]) і яго жонкі Юзэфы Феліцыянаўны Рудніцкай (пам. пасля 04.05.1812), дачкі Феліцыяна Бенедыктавіча Рудніцкага (каля 1747 — пасля 13.03.1816), мінскага падстолія[4], кавалера Ордэна Св. Станіслава, уладальніка маёнтка Паставічы Бабруйскага павета[3] і Францішкі Багушэвіч[4].
Поўнае імя, якое ён атрымаў пры хросце 24 сакавіка 1809 г. у мазырскім каталіцкім касцёле, было «Юзаф-Ізідор-Атон», з якіх ён звычайна карыстаўся па-польску і па-руску толькі імем «Атон» (альбо «Ота»)[2].
Атон Ігнатавіч Горват быў двойчы жанаты — з Людвікай Львоўнай Оштарп (8 чэрвеня 1807—?), дачкой мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Францавіча Оштарпа (1785—1851) ад яго жонкі Гелены Кунцэвіч; і з Міхалінай Адамаўнай Вайніловіч (1848—1941)[5]. Ад абодвух шлюбаў дзяцей не меў.
Асаблівасці знешнасці
[правіць | правіць зыходнік]Многія прадстаўнікі роду Горватаў вызначаліся мангалоіднымі рысамі, бо мелі, напэўна, і «татарскія» гены[2]. Верагодна, Юзэфа Рудніцкая (жонка Ігната Горвата) была прадстаўніцай беларускай шляхты татарскага паходжання. Мемуарыстка Яніна Жалтоўская на свой густ так апісала знешні выгляд нашчадкаў Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764—к.1826): «Не мелі ні расы, ні прыгажосці, акрамя пана харунжага (Аляксандра Ігнатавіча Горвата, — заўв.), а мелі мангольскі тып: выступаючыя скулы, плоскія насы, жоўты колер скуры, шырокія тоўстыя вусны і млявыя сілуэты»[6].
Выхаванне і адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Атон разам з братам Даніэлем (1810—1868) быў выхаваны ў Жалібору (паўночна-заходнім раёне Варшавы) у школе піяраў «Collegium Nobilium», дзе пазнаёміўся з многімі прадстаўнікамі мясцовай арыстакратыі і вядомымі людзьмі эпохі[1][2].
Напрыклад, князь Адам Ежы Чартарыйскі (1770—1861) асабіста ведаў Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868)[2].
Скончыў мінскую гімназію.
Асоба першай жонкі
[правіць | правіць зыходнік]Хутка пасля навучання ў мінскай гімназіі, 28 жніўня 1829 г. у капліцы мінскай дыяцэзіяльнай семінарыі пабраўся шлюбам з Людвікай Оштарп[5][7], дачкой мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Францавіча Оштарпа, і вырашыў пайсці служыць у дваранскіх установах Мінскай губерні[7].
Да шлюбу першая жонка Атона — Людвіка Оштарп (па-руску пісалася як «Луіза») — жыла ў бацькоўскім маёнтку ў Дукоры Ігуменскага павета Мінскай губерні. Разам з сёстрамі Ганнай і Леакадзіяй яна наўчылася музыцы і перыядычна прыймала ўдзел у дабрачынных канцэртах у Мінску, граючы на фартэп’яна. Была фаварыткай даволі вядомай у тыя часы піяністкі Цэліны Шыманоўскай (1812—1855), якая часта давала канцэрты ў доме Оштарпаў у Дукоры і, як вядома, стала, жонкай паэта Адама Міцкевіча (1798—1855). Менавіта праз Шыманоўскую Людвіка Оштарп пазнаёмілася з Адамам. Суполенне з паэтам не перапынілася для Людвікі і тады, калі Людвіка пабралася шлюбам з Атонам Горватам, — яна мела перапіску з Міцкевічам. Выскародная пара прышлася Міцкевічу да спадобы. У іх коле паэт правёў не адну гадзіну, калі Горваты сустрэліся з ім за мяжой і перадавалі яму павевы той атмасферы, якую маладыя прывезлі з сабой з яго любімай «Літвы». Вядома таксама, што ў Людвікі і Адама быў агульны пратэжэ, імя якога ў іх перапісцы, на жаль, не ўпамінаецца.
У 1840 г. Атон і Людвіка былі ў Рыме, дзе сустрэліся і з графам Зыгмунтам Красінскім (які лічыцца адным з трох вялікіх польскамоўных паэтаў-рамантыкаў — разам з Адамам Міцкевічам і Юліушам Славацкім), пасля чаго апошні напісаў паперу Адаму Станіслававічу Солтану (1792—1863): «Сёння аддаў пачку дакументаў ад Тарланога пану Горвату, які праз месяц будзе ў Вене і ўзяўся перадаць яе для цябе з найлепшым сэрцам, з той сапраўднай шляхецкай польскай пачцівасцю. Жонка яго, Аштарпоўна, сказала мне, што добра цябе ведае. Калі яны прыедуць у Вену, прымі іх з адкрытай душой і правядзі па славутым мясцінам горада»[8]. Акрамя таго вядома, што ў 1840 г. Міхал Чайкоўскі (агент князя Адама-Ежы Чартарыйскага, які пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання (1830—1831) узначальваў «арыстакратычную» партыю палітычнай эміграцыі з зямель былой Рэчы Паспалітай у Францыі, т.зв. «гатэль Ламбер») прызначыў знаходзіўшагася ў Рыме Атона Горвата упаўнаважаным князя Чартарыйскага і паўнамоцным куратарам «Манархічнага таварыства Трэцяга Мая» на тэрыторыі Мінскай губерні. Але да гэтага не аднёсся сур’ёзна ні Атон Горват, ні «гатэль Ламбер» у Парыжы[7].
Дваранская служба ў Мінскай губерні
[правіць | правіць зыходнік]У Рэчыцкім і Мазырскім паветах
[правіць | правіць зыходнік]У Рэчыцы з 17 чэрвеня 1830 да 18 ліпеня 1838 г. Атон Горват служыў у канцылярыі рэчыцкага павятовага маршалка (1820—1853) графа Міхала Рафалавіча Ракіцкага, які быў уласнікам маёнтка Брагін і пляменнікам мінскага губернскага маршалка (1811—1814) графа Людвіка Міхалавіча Ракіцкага. Людвік Ракіцкі таксама быў хросным бацькам дачкі мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Францавіча Оштарпа – Ганны[7].
У верасні 1835 г. у Мінску на дваранскіх выбарах Казімір Юзафавіч Яленскі (1778/1780–1860) быў выбраны на пасаду мазырскага павятовага маршалка завочна, а першай заменай на пасаду — Атон Горват, які ў той час служыў у канцылярыі рэчыцкага павятовага маршалка. Калі Яленскі адмовіўся па прычыне слабага здароўя, то Оштарп прапанаваў мінскаму губернатару прызначыць мазырскім павятовым маршалкам Горвата. Аднак Горват не быў зацверджаны, бо праслужыў менш, чым належныя 10 год на дзяржаўнай (ваеннай ці грамадзянскай) службе ў Расійскай імперыі. Ён толькі 8 лістапада 1835 г. атрымаў чын калежскага рэгістратара[7].
Пасля пэўнага перапынку, з 17 кастрычніка 1838 г. Атон Горват зноў служыў у канцылярыі рэчыцкага павятовага маршалка і звольніўся 7 верасня 1841 г. па ўласным прашэнні, атрымаўшы 24 снежня 1840 г. чын губернскага сакратара[7].
Калі зноў вырашыў зноў пайсці на дваранскую службу, то ў Мінску на дваранскіх выбарах 21 верасня 1844 г. быў выбраны членам Мінскага губернскага камітэта для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх маёнткаў, а 7 сакавіка 1846 г. выбраны ганаровым наглядчыкам вучылішчаў Мазырскага павета. 20 верасня 1846 г. атрымаў чын калежскага сакратара[7].
Мінскі губернскі маршалак (1847—1853)
[правіць | правіць зыходнік]23 верасня 1847 г. у Мінску Атон Горват (1809—1894) быў выбраны дваранамі Мазырскага павета на пасаду мазырскага павятовага маршалка на 3 гады і зацвержданы на гэтай пасадзе мінскім губернатарам. Атон Горват нават паспеў падпісацца ў дакументах як «мазырскі павятовы маршалак»[9], аднак на тых жа выбарах 27 верасня ён быў выбраны на пасаду мінскага губернскага маршалка, 19 снежня 1850 г. пераабраны дваранамі яшчэ на 3 гады, займаўшы тую пасаду да 2 кастрычніка 1853 г. Вялікую ролю ў выбранні Атона Горвата на пасаду мінскага губернскага маршалка мелі яго сваяцкія сувязі — у першую чаргу яго шлюб з Людвікай, дачкой папярэдняга ўплывовага мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Оштарпа (1786—1851)[10].
Як паказаў беларускі гісторык А.Р. Раюк, губернскія маршалкі беларуска-літоўскіх губерняў у канцы XVIII — першай палове ХІХ ст. знаходзіліся ў блізкім сваяцтве паміж сабой і з многімі павятовымі маршалкамі губерні, былі згуртавальнымі асобамі губернскага дваранства, мелі аўтарытэт і з’яўляліся нефармальнай рэгіянальнай элітай, якая складалася звычайна з 7-8 самых уплывовых дваранскіх сямей губерні[11][12]: «у 1795—1863 гг. для мясцовай алігархічнай эліты Мінскай губерні характэрна дамінаванне 7-8 сямей сярэднезаможнага каталіцкага маянтковага дваранства (Валадковічы, Ваньковічы, Горваты, Гечэвічы, Зяновічы, Оштарпы, Прушынскія, Ракіцкія), а таксама ўстойлівасць складу, параднёнасць, салідарнасць і канцэнтрацыя ў сваіх руках зямельнай ўласнасці і мясцовай нефармальнай ўлады, якія стваралі тым самым рэгіянальную нефармальную эліту, што пераважала на пасадах губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства губерні)»[13]. Калі Леў Оштарп кіраваў губернскім дваранствам, Атон Горват заўсёды трымаўся побач са сваім цесцем[10].
13 кастрычніка 1847 г. у Мінску ў кафедральным саборы Найсвяцейшай Дзевы Марыі адбыўся хрост Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928). Хростнымі сталі былы мінскі губернскі маршалак (1823—1847) Леў Францавіч Оштарп (1785—1851) і Міхаліна Ваньковіч (з роду Манюшкаў) — Эдварда Станіслававіча Ваньковіча; а сведкамі пры хросце былі мінскі губернскі маршалак (1847—1853) Атон Ігнатавіч Горват з жонкай Людвікай, жонка Льва Оштарпа Ганна і старшыня Крымінальнай палаты Мінскага галоўнага суду Ігнат Тадэвушавіч Багдановіч[14]
6 снежня 1850 г. атрымаў чын калежскага асэсара, а 22 лістапада 1852 г. быў зацверджаны ў званні старшыні Мінскага дабрачыннага таварыства[10].
Зносіны з дваранамі
[правіць | правіць зыходнік]Па справах службы губернскім маршалкам Атон Горват пераехаў з жонкай Людвікай на сталае жыхарства ў Мінск, дзе пачаў жыць на вуглу вуліцы Койданаўскай і Саборнай плошчы («Высокага рынка»), у флігелі дома купца Леапольда Далпацага, званага мясцовымі жыхарамі па-простаму Леапольдам Дэлпешам. У суседнім будынку на Высокім рынку — у доме Гейдукевіча (у зале і верхнім паверху), арандаваным купцом Дэлпешам, — за часы кіраўніцтва Горватам губернскім дваранствам адбываліся дваранскія сходы і выбары (з-за адсутнасці тады ў Мінску дваранскага дому для сходаў), балы і ўрачыстыя сустрэчы, за што арандатару дома Дэлпешу ад дваранства плаціліся грошы[8][15].
Загараднай рэзідэнцыяй маршалкоўства Горватаў сталі Прылукі, якім валодала Людвіка Горват па спадчыне ад свайго бацькі Льва Оштарпа. Маршалкоўства Горватаў было гасціннымі гаспадарамі і, як патрабавала традыцыя і губернскае дваранства ад сваіх высокапастаўленых дваранскіх выбранцаў, трымала свой дом у Мінску і Прылуках адкрытым для дваран[7]. У Мінску Горваты для губернскага дваранства давалі вечарыны кожны аўторак, на якіх заўсёды збіралася шмат гасцей. Вечарыны пачыналіся рана, каля 17.00, і скончваліся позна ноччу. Гаспадары вылучаліся вялікай сціпласцю ўбораў, чаго ўпарта патрабавала гаспадыня Людвіка. Баціставыя плацці павышалі жаданне і вясёласць забаў, не займаючы жаночыя галовы думкамі аб уборах, а галовы мужоў і бацькоў — аб кошце і выдатках. Дарагія ўборы з «аўторкаў» Горватаў былі цалкам выключаны. Калі аднойчы з’явіліся панны Прушынскія ў шаўковых плаццях, то яны выглядалі як аранжарэйныя кветкі сярод палявога букета, выклікаўшы незадаволенне гаспадыні[8][15].
Тыя «аўторкі» Горватаў, а таксама «чацвяргі» у доме мінскага павятовага маршалка Ігната Стэфанавіча Багдашэўскага і яго жонкі ў Мінску, былі мілымі ўспамінамі маладосці выхаванцаў мінскай губернскай гімназіі. Многія з іх прымалі ўдзел у тых забавах. Гімназійнае кіраўніцтва не вельмі было задаволена гэтаму, але адмаўляць дваранству не магло і высылала ў першы (горватаўскі) ці другі дом (багдашэўскаўскі) найлепшых з ліку вучняў танцораў, сярод якіх былі Міхал Корсак, Апалінарый Свентаржэцкі, Вейсенгоф і іншыя[8][15].
Вядома, што мастак Ян Дамель, які маляваў у Мінску партрэты дваран, чыноўнікаў, святарства і ваенных Мінскай губерні, зрабіў і алейныя выявы губернскага маршалка Атона Горвата і яго жонкі Людвікі, а таксама і яго брата Даніэля Горвата (і яго жонкі Яўгеніі (Іфігеніі) Антонаўны Ратынскай)[7][16].
Менавіта ў кадэнцыю мінскага губернскага маршалка (1847—1853) Атона Горвата (1809—1894) у Мінску 9 лютага 1852 г. для мясцовых дваран адбылася такая знакавая ў беларускай гісторыі падзея як прэм’ера «Ідыліі» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Станіслава Манюшкі[10]. А даверанай асобай (пленіпатэнтам) Атона Горвата шмат разоў быў Люцыян Неслухоўскі (1816—1880), які быў вельмі вядомым у Мінску адвакатам, пасрэднікам і бацькам беларускага паэта Яна Неслухоўскага (Янкі Лучыны)[10].
Дзейнасць пасля сканчэння службы губернскім маршалкам
[правіць | правіць зыходнік]З лістапада 1853 г. адышоў ад актыўнай дваранскай службы і пражываў Ліпаве ці Прылуках, трымаў узорную гаспадарку, даваў сваім прыгонным сялянам дома зарабіць грошы і навучыцца яшчэ рамёствам пад кіраўніцтвам умелых майстроў[10].
Аб аўтарытэце Атона Горвата не толькі сярод дваран Мінскай губерні, але і расійскіх улад, сведчыць наступны факт, які адбыўся пасля сканчэння паўнамоцтваў губернскага маршалка. Калі ў 1854 г. у Мінск раптоўна заехаў віленскі ваенны генерал-губернатар (1850—1855) Ілля Гаўрылавіч Бібікаў, то гэта прывяло ў пэўны рух многія губернскія ўстановы. У гімназіі былі перарваны экзамены, і ў парадных мундзірах чакалі візіта. Але Бібікаў, нікуды не наведваючыся, накіраваўся прама ў Прылукі, адкуль, пасля пэўных нарад з Атонам Горватам, вярнуўся ў Вільню[8].
Атон Горват стаў намеснікам, а Людвік Слатвінскі, мінскі губернскі маршалак (1853—1859), — старшынёй у Мінскім губернскім камітэце па сялянскай справе, які быў створаны 30 жніўня 1858 г. для мэт падрыхтоўкі сялянскай рэформы ў Расійскай імперыі[10].
17 верасня 1858 г. у Мінску ў доме Гейдукевіча (у зале, дзе звычайна праходзілі сходы дваранства Мінскай губерні) адбыўся баль прыёму расійскага імператара Аляксандра II, які праязджаў праз Мінск у Вільню. Пры ўваходзе ў залу расійскага імператара сустракала Людвіка з Оштарпаў Горват, якая, падаўшы цару руку, правяла Аляксандра II праз шэраг пакояў да кабінету, дзе віселі два ўбраныя кветкамі партрэты (напэўна, пэндзля Яна Дамеля): адзін прадстаўляў сабой выяву расійскага імператара Паўла І, вызваляючага Тадэуша Касцюшку з вязення, а другі — расійскага імператара Аляксандра І, падпісваючага канстытуцыю Царства Польскага. Так жонка Атона Горвата Людвіка алегарычна выказвалася жэстамі (паказваючы на партрэты Тадэвуша Касцюшкі і Аляксандра І), што мясцовыя дваране чакаюць ад расійскага імператара ўвядзення аўтаноміі для края ў імперыі і ліберальнай канстытуцыі[10]. Карціны былі прывезены Прозарамі са свайго маёнтка Астрагляды Рэчыцкага павета[17]. На балі прысутнічаў са сваёй жонкай і Геранім Антонавіч Кеневіч (1796—1884), уласнік маёнтка Дарашэвічы Мазырскага павета[18].
Асоба другой жонкі
[правіць | правіць зыходнік]Другой жонкай Атона Горвата стала Міхаліна Адамаўна Вайніловіч (1848—1941), дачка двараніна-каталіка Адама Антонавіча Вайніловіча (1806—1874), уласніка маёнтка Савічы ў Слуцкім павеце, і яго Ганны Эдвардаўны Ваньковіч, якая паходзіла са шляхты Мінскага павета. Розніца ва ўзросце паміж мужам і яго маладой жонкай складала 39 год. На думку беларускага гісторыка А.Р. Раюка, такі шлюб больш паспрыяў яе брату — Эдварду Вайніловічу (1847—1928), сярэднезаможнаму маянткоўцу, які хутка набіраў аўтарытэт у Мінскай губерні, быў лідарам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, а ў канцы XIX — пачатку XX ст. увогуле стаў лідарам маянтковых дваран-кансерватараў беларускіх губерняў[10]. Такім чынам Атон Горват паспрыяў сацыяльнаму ўзвышэнню Эдварда Вайніловіча[10].
У адрозненні ад Людвікі, Міхаліна вяла «местачковы» лад жыцця правінцыйнай дваранкі, таму, акрамя звестак аб яе прысутнасці на святах сваякоў, інфармацыі аб яе жыцці захавалася няшмат. Вядома, што яна прымала чынны ўдзел у камерцыйных праектах Горватаў[8].
Маёнткі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці бацькі (Ігната Тадэвушавіча Горвата), у 1826 г. Атон Ігнатавіч Горват стаў уласнікам буйнога маёнтка Ліпаў (Ліпаў, Яўтушкавічы, Карані і інш.) у Рэчыцкім павеце. Браты Атона — Аляксандр, Станіслаў і Даніэль — таксама валодалі паасобку значнымі маёнткамі ў Мазырскім, Рэчыцкім і Радамысльскім паветах, але ўсе Горваты мелі прыязныя сямейныя адносіны і ў гаспадарчых справах заўсёды дзейнічалі згодна. У 1841 г. за чатырма сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (Аляксандрам, Станіславам, Атонам і Даніэлем) сукупна ўжо налічвалася 4 632 рэвізскія душы ў Рэчыцкім павеце, у 1851 г. — 4 513 рэвізскіх душ, а ў 1862 г. — 4 031 рэвізская душа былых прыгонных сялян і 170 172 дзесяціны зямлі (заселенай і незаселенай)[19].
У 1841 г. маёнтку Ліпаў (Ліпаў, Яўтушкавічы, Карані і інш.) меў 808 рэвізскіх душ (15 820 дзесяцін зямлі, 2 конныя млыны, 2 карчмы, вінакурня), у 1853 г. — 924 душы, а ў 1862 г. — 871 рэвізская душа былых прыгонных і 19 632 дзесяціны зямлі[19].
У 1876 г. маёнткі Ліпаў і Яўтушкавічы налічвалі разам 15 820 дзесяцін зямлі, а ў 1888 г. у валоданні Атона Горвата знаходзілася разам 16 018 дзесяцін зямлі (маёнткі Ліпаў, Атолін, Прудзішча, Карані і Яўтушкавічы)[19].
14 жніўня 1844 г. Атон Горват падпісаў вольную свайму прыгоннаму селяніну маёнтка Яўтушкавічы Фаме Ігнатавічу Міцкевічу «за верныя яго паслугі, добрыя якасці, выдатныя і ўзорныя паводзіны». Пазней Фама Міцкевіч купіў нерухомасць у Мазыры і запісаўся ў мяшчанскае саслоўе[7].
У канцы 1848 г. Атон Горват прасіў у мінскага губернскага праўлення дазвол пабудаваць сямейную каталіцкую капліцу ў сваім маёнтку Карані (Рэчыцкі павет), каб пад падлогай капліцы размясціць целы сваіх памерлых бацькоў — для незабыўнай памяці. Дазвол мінскіх улад быў атрыманы[10].
У 1850 г. Атон Горват заклаў у Ліпаве вялікі сад і парк.
За першай жонкай (Людвікай Львоўнай Оштарп) Атон Горват трымаў пажыццёва маёнтак Прылукі і Валчковічы (у Мінскім павеце), дзе ў 1853 г. лічылася 427 рэвізскіх душ[19]. Людвіка ў Прылуках пабудавала двухпавярховы палац у стылі псеўдаготыкі, фланкіраваны чатырма гранёнымі вежачкамі з крэмальерамі, з рызалітамі са стрэльчатымі аркадамі і вонкавымі сходамі; з правага боку вежа з галерэяй і стрэлкавымі праёмамі, пастаўленая на высокую тэрасу. Людвіка з Оштарпаў Горват заўзята ператварала палац у Прылуках у адну з найлепшых рамантычных сядзіб Мінскай губерні. У 1868 г. палац у Прылуках амаль поўнасцю згарэў, але быў адноўлены новым уласнікам — графам Эмерыкам Каралевічам Чапскім (1828—1896), вядомым калекцыянерам і нумізматам, які купіў у 1872 г. Прылукі разам з палацам у Атона Горвата і ў спадчыннікаў з боку яго жонкі Людвікі Оштарп[19][20]. Палац захаваўся да нашых дзён.
Пасля смерці Атона Горвата яго другая жонка Міхаліна здала маёнткі ў арэнду на 12 гадоў пану Гваздзецкаму, а сама пераехала жыць да пляменніка Аляксандра Аляксандравіча Горвата (1831—1879) у яго маёнтак Хабна ў Кіеўскай губерні. Калі скончыўся тэрмін арэнды, Міхаліна (з-за адсутнасці супольных дзяцей) перадала спадчынныя маёнткі мужа ў Рэчыцкім павеце (Ліпаў, Атолін, Прудзішча, Карані і Яўтушкавічы — разам 16 018 дзесяцін зямлі[19]) яго законным спадчыннікам — Горватам. Станіслаў Аляксандравіч Горват (1866—1930) як адзін са спадчыннікаў узяў тыя землі сабе, а астатнім спадчыннікам-Горватам выплаціў грашыма іх долі, бо хацеў, каб Ліпаў пазней стаў спадчынай яго сына — Станіслава Станіслававіча Горвата (1895—1939)[8].
Станіслаў Аляксандравіч Горват (1866—1930) у Ліпаве не стаў жыць, а даручыў кіраванне маёнткам аканому Дабравольскаму, бо займаўся сваімі справамі ў Хабне, Кіеве і Санкт-Пецярбургу[8].
Смерць і пахаванне
[правіць | правіць зыходнік]Памёр у прыхільным узросце 7 сакавіка 1894 г. у Мінску (Мінская губерня)[1], і быў апошнім з пакалення сыноў Ігната Тадэвушавіча Горвата. Быў пахаваны ў Ліпаве (Рэчыцкі павет Мінскай губерні)[1]. У вёсках і мястэчках Горватаў, па якіх праходзіла пахавальная працэсія, дарога перад павозкай засцілалася дыванамі, а мясцовае насельніцтва атрымлівала ад сваякоў памерлага прылічную порцыю гарэлкі[8].
Ацэнка дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]Паводле ацэнкі беларускага гісторыка А. Р. Раюка, Атон Горват больш за ўсё праявіў сябе ў адміністрацыйнай і гаспадарчай дзейнасці і не цікавіўся ваеннымі справамі ці «беларушчынай», бо вялікі запыт і цікавасць да ўздыму і пашырэння культуры на літаратурнай беларускай мове ўзніклі ў беларускім грамадстве ў самым канцы XIX ст. Сваёй дзейнасцю і сваяцкімі сувязямі буйны землеўласнік і мінскі губернскі маршалак Атон Горват замацаваў за Горватамі статус уплывовай сям’і Мінскай губерні і Беларусі, што пратрывала да 1918 г., а таксама паспрыяў сацыяльнаму ўзвышэнню Эдварда Вайніловіча[19].
А.Р. Раюк зрабіў падсумаванне, што Горваты былі перш за ўсё дбайнымі гаспадарамі, якія ўмелі ствараць эфектыўныя буйныя прыватныя гаспадаркі, і пагадзіўся з меркаваннем мемуарысткі Яніны Жалтоўскай аб Горватах XIX ст.: «Горваты не мелі нічога агульнага са шляхецкай традыцыяй XVIII стагоддзя і належалі да тыпу новых і ў тагачасным разуменні „сучасных людзей“. Гандлявалі гарэлкай і валамі, цана гарэлкі цікавіла іх вельмі. Па вопратцы і поглядах яны нагадвалі персанажаў Бальзака і розных „несімпатычных“ герояў з рамана Крашэўскага. „Les Contes Drolatigues“ былі бліжэй да іх розуму і, магчыма, нораваў, чым „Пан Тадэвуш“. Адносілі іх, натуральна, да „рэалістаў“. <…> Талент да бізнэсу яны спалучалі з таварыскай ганарыстасцю і разважлівасцю, пазбаўленай палёту. Яны праіснавалі пяць пакаленняў, тэрмін, прызначаны сацыёлагамі для сямей, якія жывуць у сучасным дастатку, і ў мужчынскай лініі выгаслі даволі хутка пасля знішчэння іх маёнткаў і сядзіб бальшавікамі»[19].
Зноскі
- ↑ а б в г Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства, 1793—1917. — Минск, 2016. — С. 86.
- ↑ а б в г д Раюк 2021, с. 24
- ↑ а б Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства, 1793—1917. — Минск, 2016. — С. 87.
- ↑ а б Анішчанка, Я.К. Збор твораў : у 6 т. — Мінск, 2008. — Т. 4: Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім: спісы на рус. мове. — 532 с.
- ↑ а б Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства, 1793—1917. — Минск, 2016. — С. 89.
- ↑ Раюк 2021, с. 24—25
- ↑ а б в г д е ё ж з і Раюк 2021, с. 25
- ↑ а б в г д е ё ж з Горват, А. Усадьба Горваттов. Имение Липово
- ↑ Раюк 2021, с. 25.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Раюк 2021, с. 26
- ↑ Раюк, А.Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
- ↑ Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
- ↑ Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі... С. 80.
- ↑ Umysł miał jasny i serce miłujące: Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach. — Olsztyn, 2021. — С. 26—27.
- ↑ а б в Kowalewska, Z. Obrazki mińskie… С. 27.
- ↑ Карповіч, Т. А. Культурнае жыццё Мінска… С. 46.
- ↑ Wojniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 54—55.
- ↑ Kieniewicz, S. Dereszewicze… С. 82.
- ↑ а б в г д е ё ж Раюк 2021, с. 27
- ↑ Раюк, А. Р. Роля Оштарпаў і Горватаў у станаўленні прылуцкай сядзібы / А. Р. Раюк // Гістарычна-археалагічны зборнік / Інстытут гісторыі НАН Беларусі; гал. рэд.: А. А. Каваленя. — Вып. 34. — 2019. — С. 101—106.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
- Boniecki, А. Herbarz polski. T.VII. — W-wa. 1905.
- Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
- Kowalewska, Z. Obrazki mińskie. 1850—1963 / Z. Kowalewska. — Wilno : Józef Zawadzki, 1912. — 128 s.
- Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
- Umysł miał jasny i serce miłujące: Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach / wybór, oprac., wstęp i przyp. : Roman Jurkowski. — Olsztyn : Uniwersytet Warmińsko-Mazurski, 2021. — 743 s.
- Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
- Wojniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Wojniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
- Анішчанка, Я.К. Збор твораў : у 6 т. / Я.К. Анішчанка. — Мінск : Выд. В. Хурсік, 2004–2010. — Т. 4: Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім: спісы на рус. мове. — 2008. — 532 с.
- Карповіч, Т. А. Культурнае жыццё Мінска І-й паловы ХІХ стагоддзя / Т. А. Карповіч. — Мінск : Рыфтур, 2007. — 64 с.
- Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства, 1793—1917: биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. — Минск : Беларусь, 2016. — 396 с.
- Раюк, А. Р. Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894): адміністратар і гаспадар / А. Р. Раюк // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Сер. А. Гуманіт. навукі (гісторыя, філасофія, філалогія). — 2021. — Вып. 2. — С. 24—28.
- Раюк, А.Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. / А.Р. Раюк // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : материалы IV Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 22 апр. 2013 г. / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка ; редкол. В.В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. — Минск : БГПУ, 2013. — С. 194—196.
- Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
- Раюк, А. Р. Роля Оштарпаў і Горватаў у станаўленні прылуцкай сядзібы / А. Р. Раюк // Гістарычна-археалагічны зборнік / Інстытут гісторыі НАН Беларусі; гал. рэд.: А. А. Каваленя. — Вып. 34. — 2019. — С. 101—106.
- Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
- Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год / Изд. Минск. губернск. статист. комитета. — Минск: Тип. губ. правления, 1877. — 187 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Горват, А. Усадьба Горваттов. Имение Липово // radzima.org
- Так хочется, чтобы жизненный путь моей малой родины не прекращался! Архівавана 1 лютага 2023. // knews.by
- Нарадзіліся 17 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1809 годзе
- Памерлі 7 сакавіка
- Памерлі ў 1894 годзе
- Выпускнікі Мінскай губернскай гімназіі
- Кавалеры ордэна Святой Ганны
- Асобы
- Губернскія маршалкі мінскія
- Горваты
- Памерлі ў Мінску
- Постаці Дукоры
- Пахаваныя ў Калінкавіцкім раёне
- Нарадзіліся ў Светлагорскім раёне
- Нарадзіліся ў Рэчыцкім павеце (Расійская імперыя)