Востраў Раратонга

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Раратонга
Rarotonga
Rarotonga english version.png
Каардынаты: Каардынаты: 21°14′00″ пд. ш. 159°47′00″ з. д. / 21.233333° пд. ш. 159.783333° з. д. (G) (O) (Я)21°14′00″ пд. ш. 159°47′00″ з. д. / 21.233333° пд. ш. 159.783333° з. д. (G) (O) (Я)
Архіпелаг Астравы Кука
Акваторыя Ціхі акіян
Краіна Flag of the Cook Islands.svg Астравы Кука
Раратонга (Астравы Кука)
Раратонга
Раратонга
Плошча 67,39 км²
Найвышэйшы пункт 652 м
Насельніцтва (2006) 14 153 чал.
Шчыльнасць насельніцтва 210,016 чал./км²
Выгляд з космасу
Commons-logo.svgРаратонга на Вікісховішчы 


Раратонга (па-маарыйску: Rarotonga) — востраў у Ціхім акіяне. Уваходзіць у склад Астравоў Кука. Плошча сушы - 67,39 км². Насельніцтва - 14 153 чал. (2006 г.). На востраве Раратонга знаходзіцца адміністрацыйны цэнтр Астравоў Кука - горад Аваруа.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вусныя генеалагічныя паданні маары астравоў Кука адносяць першаснае засяленне вострава Раратонга да VI ст. н. э. Лічыцца, што першыя насельнікі прыбылі з астравоў Таварыства. У XI ст. мясцовы правадыр То'і пабудаваў апа метуа, дарогу, якая цягнулася вакол ўсяго Раратонга.

У XIII ст. востраў быў заваяваны правадырамі Тангі'я з Таіці і Карыка з Самоа. Яны падзялілі Раратонга паміж 6 тэрытарыяльнымі аб'яднаннямі таперэ. Улада знаходзілася ў руках правадыроў арыкі і матаіапо, а таксама святароў таўнга.

У 1773 г. Раратонга быў адкрыты Джэймсам Кукам. У першай трэці XIX ст. сюды пачалі прыбываць хрысціянскія місіянеры еўрапейскага і палінезійскага паходжання. У 1830 г. на востраве ўспыхнула эпідэмія, у выніку якой загінула каля траціны астравіцян, так што насельніцтва ўзнавілася толькі к канцу XIX ст.

У 1888 г. па просьбе арыкі Макея Такау Раратонга быў абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі. Аднак рэчаісная каланіяльная ўлада была ўсталявана толькі ў 1901 г., калі Вялікабрытанія перадала свае правы Новай Зеландыі.

У 1965 г. Астравы Кука атрымалі ўнутранае самакіраванне. Горад Аваруа стаў галоўным адміністрацыйным цэнтрам усёй краіны.

Геаграфія і прырода[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Раратонга належыць да паўднёвай групы астравоў Кука. Мае вулканічнае паходжанне. Унутраная частка вострава гарыстая. Вядомыя мясцовыя доўгія вострыя скалы. Найвышэйшы пункт - гара Тэ Мангі (658 м). Шмат невялікіх рэк і ручаёў. Узбярэжжа атачае кола каралавага рыфу.

Клімат трапічны пасатны. Сезонныя змены тэмператур нязначныя. Узімку сярэдняя тэмпература вагаецца ад 18° C да 28° C, улетку ад 21° C да 29° C. Вільготны сезон цягнецца са снежня па сакавік. Востраў падвержаны ўздзеянню разбуральных трапічных цыклонаў.

Раратонга - адзін з самых населеных астравоў Кука, таму мясцовая прырода адчувае значнае ўздзеянне чалавека, асабліва на ўзбярэжжы. У цэнтральнай частцы, слаба населенай, захаваліся трапічныя лясы. На паўднёвым ўсходзе вострава арганізаваны запаведнік Такітуму, дзе ахоўваюцца рэдкія віды раслін і птушак.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Галоўная галіна эканомікі — сфера абслугоўвання, у якой дамінуе турызм. Раратонга дзякуючы белым пясчаным пляжам і дзівосным гарыстым пейзажам па прыгажосці часта параўноўваюць з Таіці. Ва ўнутраных раёнах вырошчваюць гародніну і цытрусавыя.

На паўночным захадзе вострава працуе аэрапорт. Акрамя таго, існуе марская сувязь з іншымі астравамі Кука і Акіяніі.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]