Ланга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ланга
(Lango)
Агульная колькасць 2715000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Уганда 
Мова ланга
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы ачолі, лува, луа

Ланга (саманазва Lango) — афрыканскі народ. Жывуць пераважна ў паўночнай і цэнтральнай Угандзе. Асобныя групы сустракаюцца ў Паўднёвым Судане. Агульная колькасць (2021 г.) — 2 715 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць 2 асноўныя версіі паходжання ланга. Першая абапіраецца на іх асабістыя паданні, а таксама на тое, што мова гэтага народа блізкая да мовы ачолі. Ланга сцвярджаюць, што іх радзімай з'яўляюцца землі на поўначы, дзе яны сфарміраваліся як адзіны народ да перасялення на тэрыторыю сучаснай Уганды. Прыхільнікі гэтай версіі лічаць, што першаснай радзімай ланга быў Паўднёвы Судан, адкуль яны мігрыравалі каля XVI ст. разам з продкамі ачолі і луа. Другая версія заснавана на даследаваннях, што паказваюць падабенства ў назвах родаў ланга, карамаджонг і календжын, а таксама падабенства многіх рытуалаў гэтых народаў. Яе прыхільнікі ўпэўнены, што продкі ланга прыйшлі на тэрыторыю Уганды з Эфіопіі разам з іншымі паўднёвымі нілотамі і ўжо тут перанялі мову заходніх нілотаў.

Да ўсталявання брытанскага каланіяльнага панавання ў канцы XIX ст. ланга не мелі супольнай дзяржавы і падзяляліся на родавыя арганізацыі. Тым не меней, часам яны фарміравалі агульную армію для войн з суседзямі. Найбольш складаныя адносіны ў XIX ст. былі з дзяржавай Буньёра. Характэрна, што першыя еўрапейскія місіянеры і даследчыкі лічылі ланга вельмі ваяўнічым народам. Каланіяльная адміністрацыя захавала пэўную аўтаномію родаў, але спыніла канфлікты. Некаторыя прадстаўнікі ланга навучаліся ў школах еўрапейскага тыпу, супрацоўнічалі з адміністрацыяй і пазней удзельнічалі ў антыкаланіяльным руху. Найбольш вядомым з іх быў Мілтан Аботэ, першы палітычны лідар незалежнай Уганды.

У другой палове 1980-х гг. — першым дзесяцігоддзі XXI ст. выбаршчыкі-ланга традыцыйна падтрымлівалі апазіцыю, а таму атрымлівалі меней клопату ад афіцыйнага ўрада. У нашы дні рэгіён, населены ланга, — адзін з бяднейшых ва Угандзе.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Ланга здаўна займаюцца жывёлагадоўляй, трымаюць кароў, авечак і коз. З культурнага пункту гледжання, жывёлагадоўля застаецца важнай, паколькі колькасць кароў вызначае сацыяльны статус іх уладальніка, выкарыстоўваецца для выкупу нявесты, жывёле прыпісваецца сімвалічны дабрабыт, жыццёвую пэўнасць і нават мужнасць. Аднак жывёлагадоўля амаль не прыносіць прыбыткаў. Распаўсюджаныя пароды даюць мала малака і мяса, патрабуюць шырокіх пашаў для выгану. Наадварот, земляробства забяспечвае ланга ежай, а таксама таварам на продаж. Яны вырошчваюць сорга, кукурузу, бабовыя, з камерцыйнымі мэтамі — кунжут і бавоўнік. На поўдні рэгіёна рассялення каля возера К'ёга вядома рыбалоўства. Традыцыйныя рамёствы: металургія, ганчарства, пляценне, апрацоўка драўніны.

У мінулым, калі ланга часта ваявалі, насельніцтва аддавала перавагу жыццю ў буйных вёсках, абароненых тынам. У XX ст. з'явіліся дробныя паселішчы ў цэнтры сямейных зямельных валоданняў. Яны ўключаюць некалькі хацін, у тым ліку хаціну для сну і гаспадарчыя пабудовы. Бліжэйшыя паселішчы фарміруюць першасную нефармальную тэрытарыяльную абшчыну вангтык, якая кіруецца радай гаспадароў. Афіцыйныя тэрытарыяльныя рады кіруюцца прызначанымі чыноўнікамі.

Традыцыйная вопратка амаль выйшла з ужытку. Раней яе выраблялі са скур і тканіны з лубу накшталт тапы. Мужчыны насілі футравыя капялюшы, упрыгожаныя пер'ем, жанчыны — мноства пацерак.

Асноўны традыцыйны сацыяльны інстытут — буйная родавая арганізацыя джо дагола. Яна ўтвараецца ў выніку рассялення сыноў аднаго бацькі каля яго паселішча і такім чынам з'яўляецца яшчэ і тэрытарыяльным аб'яднаннем. Звычайна джо дагола уключае 4 — 6 пакаленняў, якія ўдзельнічаюць у супольных святах і рытуалах. Калі родавая арганізацыя пашыраецца так, што яе чальцы не выяўляюць цікавасці да супольных мерапрыемстваў, гэта знак таго, што яна павінна падзяліцца. Родавыя арганізацыі маюць свае татэмы — дзікіх жывёл, ужыванне якіх у ежу забаронена. Сваяцтва перадаецца толькі па мужчынскай лініі, шлюбы знутры родаў забаронены. У мінулым улада была засяроджана ў руках ваенных правадыроў джон-джага і рвот. Пасля 1910 г., калі з'явілася афіцыйная дзяржаўная адміністрацыя, яны ператварыліся ў рытуальных лідараў або прадстаўнікоў буйных абшчын.

Сем'і звычайна малыя нуклеарныя, складаюцца з бацькоў і нежанатых дзяцей. Шлюбу папярэднічае выкуп нявесты ў выглядзе свойскай жывёлы і хатніх рэчаў. Забеспячэнне выкупу з'яўляецца істотнай праблемай для сям'і жаніха, асабліва, калі ў ёй шмат сыноў. Часцяком хлопцы чакаюць, калі выйдуць замуж іх сёстры, каб выкарыстаць кароў, перададзеных у якасці выкупу за іх, для асабістай жаніцьбы. З гэтай прычыны дзяўчыны ўступаюць у шлюб значна раней, чым хлопцы.

У ланга існуюць моцныя традыцыі палігініі, калі мужчына абзаводзіцца некалькімі жонкамі. Першая жонка з'яўляецца старэйшай і адказвае за ўсю жаночую частку гаспадаркі, яе сыны могуць разлічваць на першынство пры размеркаванні спадчыны. Кожная жонка жыве са сваімі дзецьмі ў асобнай хаціне. У 1960-я гг. прыкладна 20% дарослых мужчын мелі болей за 1 жонку. Аднак пазней паказчык палігініі пачаў скарачацца галоўным чынам з-за дэмаграфічнага ўціску, што прывёў да недахопу зямель, каб падтрымліваць выжыванне вялікай сям'і. На змяньшэнне колькасці палігінічных шлюбаў таксама паўплывалі барацьба з імі з боку хрысціянскіх арганізацый і асэнсаванне маладымі дзяўчынамі свайго права выбару.

Галоўную адказнасць за выхаванне дзяцей нясе іх маці. Пасля 1 — 2 гадоў братоў і сясцёр выхоўваюць асобна. Характэрна, што дзяўчыны раней пачынаюць выконваць абавязкі па хатняй гаспадарцы. Працоўнае выхаванне хлопчыкаў да падлеткавага ўзросту абмяжоўваецца наглядам за свойскай жывёлай.

Ланга вядомы як выдатныя спевакі і музыканты. Распаўсюджаны жаночыя сольныя, а таксама супольныя харавыя песні. Святы суправаджаюцца танцавальнымі спаборніцтвамі. Народныя музычныя інструменты: барабаны, флейта, ручныя клавішныя прыстасаванні.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Ланга вераць, што самай магутнай істотай у свеце з'яўляецца яго стваральнік джок. Пад уплывам хрысціянскіх місіянераў постаць джок ператварылася ў бога. Але ў найбольш ранніх апісаннях ён маляваўся як вярхоўны дух. Народныя вераванні таксама прызнаюць існаванне шматлікіх іншых духаў, што ўздзейнічаюць на жыццё чалавека. У XX ст. былі пазычаны культы ньёра апантаннасці духамі. Яны асабліва папулярны сярод жанчын. У мінулым ланга практыкавалі шматлікія рытуалы пераходу мужчын з адной узрастовай групы ў іншую. У нашы дні яны сустракаюцца рэдка, як і самі ўзрастовыя групы. Існавала постаць традыцыйнага жраца, які арганізоўваў такія рытуалы, а таксама лекаваў хворых. З распаўсюджаннем культаў апантаннасці духамі лекаванне травамі і магіяй амаль спынілася.

Частка вернікаў спавядае хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]