Луа (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Луа
(Joluo)
Агульная колькасць 5530800 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання  Танзанія — 232 000
 Кенія — 5 297 000
Мова луа
Рэлігія культ продкаў, політэізм, хрысціянства, мумбаізм
Блізкія этнічныя групы ачолі, лува, ануак, шылук, ланга

Луа (саманазва Joluo) — афрыканскі народ, жывуць пераважна ў Кеніі і Танзаніі. Агульная колькасць (2020 г.) — 5 530 800 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Большасць даследчыкаў мяркуе, што продкі луа, падобна да іншых нілотаў, мігрыравалі ў раён Вялікіх азёр з тэрыторыі сучаснага Паўднёвага Судана, дзе да нашых дзён існуюць вельмі блізкія па мове і культуры народы. Час гэтай міграцыі дакладна не вызначаны і не мае фактычных пацверджанняў. Звычайна вылучаецца перыяд ад 500 да 150 гадоў таму. Цікава, што сярод нілотаў Паўднёвага Судана, блізкіх да лува, існуе адваротная традыцыя лічыць месцам свайго паходжання поўдзень. Частка луа Кеніі сцвярджае, што іх продкі з’явіліся з тэрыторыі суседняй Уганды. Генетычнае даследаванне 2009 г.[2] паказала, што луа шчыльна звязаны з навакольным насельніцтвам банту.

Пасля меркаванай міграцыі на тэрыторыю Кеніі луа аселі каля ўсходняга ўзбярэжжа возера Вікторыя. Іх асноўнымі заняткамі сталі жывёлагадоўля, земляробства і рыбалоўства. Каля 1800 г. некаторыя роды луа перасяліліся на тэрыторыю Танзаніі. З прыходам луа звязваюць узвядзенне каменных і земляных абарончых будынкаў.

У XIX ст. пачаліся кантакты луа з еўрапейцамі. Будаўніцтва брытанскімі ўладамі чыгункі праз землі луа выклікала ў апошніх незадаволенасць і прывяла да ваенных сутычак. Брытанская каланіяльная адміністрацыя ў Кеніі і нямецкая ў Танзаніі імкнуліся падпарадкаваць родавых правадыроў. З 1906 г. пачалася хрысціянізацыя луа. У міжваенны перыяд вылучыліся 2 асноўныя плыні адносінаў з каланіяльнымі ўладамі. Частка правадыроў на чале з Адэра Аканга садзейнічалі зменам гаспадаркі, укараненню сучасных школьнай адукацыі, гігіены, медыцыны. У той жа час развіваўся рух супраціўлення, у тым ліку ў межах рэлігійнага культу мумба.

У пасляваенны перыяд многія прадстаўнікі луа самі працавалі ў каланіяльных органах, пры гэтым выступалі за незалежнасць Кеніі і Танзаніі. Сярод выдатных усходнеафрыканскіх палітыкаў вылучыліся луа Томас Мбоя, дзеяч прафсаюзнага руху, і Адынга Адынга, антыкаланіяліст і першы віцэ-прэзідэнт незалежнай Кеніі.

У нашы дні луа з’яўляюцца адным з найбуйнейшых народаў Кеніі, яго прадстаўнікі аказваюць моцны ўплыў на палітыку, навуку і культуру гэтай краіны. У Танзаніі яны складаюць нацыянальную меншасць, аднак таксама адыгрываюць важную ролю ў рэгіянальнай палітыцы.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Рыбакі на возеры Вікторыя, сярэдзіна XX ст.

Асноўнымі заняткамі луа здаўна з’яўляюцца сельская гаспадарка і рыбалоўства. У адрозненне ад суседзяў, якія аддзяляюць адгонную жывёлагадоўлю ад земляробства, луа практыкуюць абодва заняткі, хаця земляробствам часцей займаюцца жанчыны, а жывёлагадоўляй — мужчыны. Галоўныя сельскагаспадарчыя культуры — сорга і проса, якія складаюць асноўную ежу. Адгонная жывёлагадоўля не такая важная з пункту гледжання харчавання, паколькі ялавічыну і малако кароў ужываюць рэдка. Аднак каровы разглядаюцца як сімвал багацця і абмену, наяўнасцю і колькасцю кароў вызначаецца ўплыў той ці іншай сям’і. Рыбу ловяць з берага або з плытоў з дапамогай пастак і сетак. Рыбалоўства асабліва развіта ў раёне возера Вікторыя, дзе ім займаюцца дарослыя мужчыны, жанчыны і нават дзеці. З XX ст. назіраецца перамяшчэнне луа ў гарады, прамысловыя прадпрыемствы і месцы здабычы карысных выкапняў.

Рэканструкцыя дала

Традыцыйныя жытлы ўяўлялі сабою сямейную сядзібу дала, якая будавалася на схілах пагоркаў і ўяўляла сабою некалькі круглявых каркасных хацін з дахамі, крытымі саломай, якія складалі кола вакол супольнага двара. У двары трымалі кароў і дробную свойскую жывёлу. Вакол дала садзілі калючыя хмызнякі для абароны ад ворагаў і злодзеяў. Часам дала групаваліся разам і стваралі паселішча гвенг накшталт вёскі з раскіданай планіроўкай. Захаваліся старажытныя земляныя і каменныя абарончыя збудаванні. Рэшткі каменнага абарончага комплексу Тхімліч Ахінга былі ўнесены ў 2018 г. у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Традыцыйная народная вопратка складалася са скураных фартухоў, паясоў на геніталіі, нарукаўнікаў. Мужчыны і жанчыны апраналі ўпрыгожванні з ракавін малюскаў, костак і зубоў жывёл. Ужо ў міжваенны перыяд XX ст. шырока ўжывалася вопратка еўрапейскага паходжання. У канцы XX ст. папулярызацыя традыцыйнай культуры прывяла да вяртання некаторых элементаў народнай вопраткі ў святочных уборах. У мінулым луа практыкавалі выдаленне ў юнакоў пярэдніх ніжніх зубоў, нанясенне шрамаў на скуру.

Асновай традыцыйнага грамадства была пашыраная сям’я на чале са старэйшым мужчынам, які валодаў буйной рагатай жывёлай і адказваў за сядзібу. Важная роля належала старэйшай жанчыне мікаі. Яна не абавязкова была жонкай главы сям’і, часта — маці або незамужняй сястрой. Яна ўзначальвала жаночую частку сям’і, арганізоўвала працу на палетках, хатнюю гаспадарку, размеркаванне харчовых прыпасаў. Жыццё ў паселішчах гвенг рэгулявалася правадыром. Ім быў найбольш заможны глава сям’і. Улада правадыра абмяжоўвалася радай старэйшын. Некалькі гвенг маглі складаць асобную палітычную адзінку, у якой таксама абіраўся правадыр. Акрамя таго, усе сем’і належаць да буйной родавай арганізацыі з адзіным продкам. Шлюбы знутры роду забаронены. Да распаўсюджання хрысціянства практыкавалася палігінія. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны вяліся па лініі бацькі.

Луа знакаміты музычным і танцавальным мастацтвам. Характэрны сольныя музычныя выступленні, што суправаджаліся спевамі. Распаўсюджаныя народныя музычныя інструменты: розныя барабаны, скрыпка аруту, флейта. У сярэдзіне XX ст. пад уплывам джазу сфарміраваўся жанр луа бенга, які сумяшчаў традыцыйныя матывы і гітарную музыку. У мінулым танцы мелі цырыманіяльны сэнс, аднак таксама падкрэслівалі індывідуальны характар танцора. Танец ахангла ўключае сексуальныя рухі і эратычныя эмоцыі.

Луа захавалі генеалогію асобных родавых аб’яднанняў, шматлікія казачныя гісторыі. Вельмі папулярнымі з’яўляюцца дзіцячыя скорагаворкі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова луа адносіцца да паўднёвай нілоцкай галіны моў. Шырока выкарыстоўваецца на захадзе Кеніі і поўдні Танзаніі не толькі самімі луа, але і суседнімі народамі. Пісьмовасць на аснове лацінкі была створана еўрапейскімі місіянерамі паміж 1913 г. і 1921 г.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У традыцыйных вераваннях луа асаблівую ролю адыгрывае постаць антрапаморфнага бажаства Н’ясае або Джока, якое мае выключна духоўную форму і ўмешваецца ў чалавечыя адносіны выключна праз сілы прыроды. Чалавечае жыццё лічылася вечным. Пасля смерці фізічныя рэшткі ператвараліся ў прах, а душа далучалася да Джока. Аднак, калі сваякі памерлага не шануюць яго, ён можа ператварыцца ў злога духа. Таму луа ахвяравалі продкам асвечаных жывёлін, імкнуліся кантактаваць з імі праз сны. Яны таксама верылі ў іншых духаў і магічнае ўздзеянне лекараў, вешчуноў і чараўнікоў. Апошнія разглядаліся як магутныя асобы, што маглі супернічаць з духамі і таму выклікалі страх у простых людзей.

У нашы дні большасць вернікаў адносяцца да розных плыняў хрысціянства, аднак элементы традыцыйных вераванняў таксама аказваюць уплыў на рэлігійнае жыццё.

Выбітныя прадстаўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]