Марс, міфалогія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Статуя бога вайны Марса з Форума Нервы, 1 ст. н.э. (Капіталійскія музеі, Рым)

Марс (лац.: Mārs < стар.-лац. Māvors, стары вакатыў Mārmār; таксама лац.: Mārspiter ці асобна Mārs pater «Марс-бацька»; на мове сабінаў Mamers). У рымскай рэлігіі Марс — адзін з найстаражытных богаў Італіі і Рыма, уваходзіў у трыяду богаў, якія першапачаткова ўзначальвалі рымскі пантэон (Юпітэр, Марс і Квірын).

Першапачаткова лічыўся родапачынальнікам і захавальнікам Рыма. У Старажытнай Італіі Марс быў богам урадлівасці; лічылася, што ён можа або наслаць гібель ураджая ці здыхату жывёлы, або адхіліць іх. У яго гонар першы месяц рымскага года, у які здзяйсняўся абрад выгнання зімы, быў названы Martius (сакавік). Пазней Марс быў атаясамлены з грэчаскім Арэсам і стаў богам вайны. Храм Марса ўжо як бога вайны быў збудаваны на Марсавым поле па-за гарадскімі сценамі, паколькі ўзброенае войска не павінна было ўваходзіць на тэрыторыю горада.

Ваўчыца, якая выкормлівае малаком дваіх немаўлят - Ромула і Рэма - сыноў Марса

Ад Марса вясталка Рэя Сільвія нарадзіла блізнят Ромула і Рэма. Як бацька Ромула, Марс быў родапачынальнікам і захавальнікам Рыма.

Сімвалам Марса была дзіда, якая захоўвалася ў жытле рымскага цара — рэгіі. Там жа знаходзіліся дванаццаць шчытоў, адзін з якіх, паводле падання, зваліўся з неба ў часы цара Нумы Пампілія, а таму лічыўся закладам непераможнасці рымлян. Астатнія адзінаццаць шчытоў былі выраблены па загадзе цара як дакладныя копіі таго, што зваліўся з неба, каб ворагі не маглі распазнаць і выкрасці сапраўдны. Адпраўляючыся на вайну, вайскавод рухаў дзіду і шчыты, прасіўшы дапамогі ў Марса; самаадвольны рух лічыўся прадвесцем страшных бед.

Жонкай Марса была малазначная багіня Нерыа (Нерыенэ), якую атаясамлялі з Венерай і Мінервай. Распавядаюць, што аднойчы Марс закахаўся ў Мінерву і звярнуўся да састарэлай багіні Ганне Перэны з просьбай выступіць у ролі свацці. Праз некаторы час Ганна Перэна паведаміла яму, што Мінерва згодна стаць яго жонкай. Калі ж Марс адправіўся за нявестай і падняў вэлюм прадстаўленай яму багіні, то зразумеў, што перад ім не Мінерва, а старая Ганна Перэна. Астатнія багі доўга пацяшаліся над гэтым жартам.

Свяшчэннымі жывёламі Марса лічыліся воўк, дзяцел, конь, бык.

Па імі бога названа чацвёртая па аддаленасці ад Сонца планета Сонечнай сістэмы Марс.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]