Нок (культура)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нок
Жалезны век
Скульптура
Геаграфічны рэгіён Заходняя Афрыка
Лакалізацыя Нігерыя
Датаванне 1500 г. да н. э. — 200 г. н. э.
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нок (англ.: Nok) — археалагічная культура эпохі ранняга жалезнага веку на тэрыторыі сучаснай Нігерыі. Ахоплівала перыяд сярэдзіны 2 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 1 тысячагоддзя н. э.

Даследаванне[правіць | правіць зыходнік]

Артэфакты культуры Нок, пераважна кераміку і статуі, знаходзілі з 1928 г. У 1943 г. каля вёскі Нок у цэнтральнай Нігерыі была знойдзена серыя тэракотавых статуэтак, што ў выніку трапіла ў рукі брытанскага даследчыка Бернарда Фэга. Ён вызначыў іх прыналежнасць да старажытнай археалагічнай культуры, якую датаваў 500 г. да н. э. — 200 г. н. э. У 1970-я гг. даследаванні ў Нігерыі працягнула яго дачка Энжэла. З канца 1980-х гг. раскопкі набылі сістэмны характар, што дазволіла паглыбіць старажытнасць культуры, даследаваць тэхналогіі вытворчасці металаў. Вывучэнне культуры Нок працягваецца і ў нашы дні.

Храналогія[правіць | правіць зыходнік]

  • Рянняя Нок (1500900 гг. да н. э.)
  • Сярэдняя Нок (900 — 400 г. да н. э.)
  • Позняя Нок (400 г. н. э. — пачатак н. э.)

Развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Хаця першыя даследчыкі культуры Нок асцярожна высоўвалі версіі аб магчымасці яе фарміравання ў выніку дыфузнага ўплыву з паўднёвага Міжземнамор’я або Нубіі, сучасныя навукоўцы прытрымліваюцца меркавання, што Нок узнікла на мясцовай заходнеафрыканскай глебе і не мела іншых паралеляў. У немалой ступені гэта тлумачыцца адсоўваннем храналогіі існавання культуры ў болей глыбокую старажытнасць, калі такі ўплыў яшчэ быў не магчымым. Акрамя таго, за апошнія дзесяцігоддзі значна змяніліся навуковыя ўяўленні аб мінулым Заходняй Афрыкі. У прыватнасці, перавагу атрымала гіпотэза аб самастойным вынаходніцтве заходнеафрыканцамі тэхналогій апрацоўкі жалеза.

Датаванне рэшткаў драўнянага вугалю з месцаў раскопак Нок і Таруга паказала, што сталыя паселішчы існавалі тут ужо ў 42 тысячагоддзях да н. э. Буйныя ўмацаваныя паселішчы кшталту гарадоў не ўзводзіліся. Населеныя пункты нагадвалі вёскі або вялікія сядзібы, дзе маглі месціцца пашыраныя сям'і, што валодалі супольнымі гаспадаркамі. Ад жытлаў захаваліся толькі круглявыя фундаменты. Мяркуецца, што хаціны ўяўлялі сабою каркасныя пабудовы з драўніны.

Галоўным заняткам мясцовых жыхароў была сельская гаспадарка. Яны мелі досвед вырошчвання проса і трымання кароў. Былі распаўсюджаны керамічныя таркі і іншыя прадметы, што сведчаць пра апрацоўку збожжа. Носьбіты культуры Нок ужывалі ў ежу мёд і садавіну. Не вядома, ці яны вырошчвалі дрэвы спеціяльна, ці падчас расчысткі палеткаў захоўвалі дзікія дрэвы з ядомымі пладамі.

Ужо з пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. або нават раней нокцы валодалі тэхналогіяй апрацоўкі жалеза. Яны таксама асвоілі тэхналогію выплаўкі каляровых металаў. 13 жалезаплавільных печаў былі знойдзены ў месцы Таруга, дзе росквіт вытворчасці адбыўся каля IV ст. да н. э. З жалеза выраблялі матыкі, ручныя сякеры і нажы. Але металічныя прылады працы заставаліся даволі рэдкімі. Таму поруч з імі вырабляліся прылады працы з каменю.

Адна з найбольш выразных рысаў культуры Нок — выраб тэракотавых статуй у выглядзе людзей, жывёл і фантастычных істот. Вядомы як вялікія статуі, звычайна полыя знутры, так і маленькія з цэльных кавалкаў абпаленай алювіяльнай гліны. Большасць статуй датуецца перыядам 900400 гг. да н. э., прычым на яго працягу стылістыка заставалася нязменнай. Іх прызначэнне не вядома. Некаторыя даследчыкі высоўваюць меркаванне, што вялікія статуі мелі рэлігійны характар або былі архітэктурным дапаўненнем да паселішчаў. Старажытныя майстры Нок звычайна выяўлялі людзей у сядзячай позе, з рукамі на каленях. У якасці ўпрыгожванняў выкарыстоўваліся пацеркі і падвескі. Некаторыя людзі выяўлены са зброяй. Мужчынскія постаці звычайна маюць кароткую квадратную бародку і вусікі. Цікава, што гліна для скульптур паходзіла з аднаго радовішча, што вымусіла даследчыкаў абмяркоўваць наяўнасць адзінага вытворчага цэнтру пад кантролем цэнтральнай улады.

Керамічныя пасудзіны Нок уяўляюць сабою неглыбокія келіхі з пляскатым дном, усярэдзіне яны ўпрыгожаны глыбокімі насечкамі.

Дакладны час і прычыны знікнення культуры Нок не вядомы. Большасць характэрных артэфактаў знікае пасля II ст. н. э. Сучасныя метады датавання паказваюць, што рэдкія экземпляры ствараліся і пазней — амаль да канца 1 тысячагоддзя н. э.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]