Рака Бярэзіна

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Бярэзіна
Berezina.JPG
Выток каля г. Докшыцы
Вусце Дняпро
Даўжыня 613 км
Расход вады 142 м³/с
Вадазбор 24,5 км²
Краіна Беларусь
Месцазнаходжанне
Месцазнаходжанне
Commons
У ВікіСховішчы ёсць выявы з тэмай:
Бярэзіна

Бярэ́зіна — рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўжыня 613 км. Вадазбор 24,5 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Агульнае падзенне 69 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,11 .

Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач, Каменка, Асовіна, Бабруйка. Злева: Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала.

На рацэ[правіць | правіць зыходнік]

Гарады: Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск. Зоны адпачынку: рэспубліканскага значэння — Беразіно і Асіповічы; мясцовага значэння — Дроздзіна, Прырэчча і інш.; Курорты: Бабруйск і Горваль. Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра; каштоўныясудак, мінога, галавень, падуст, сом, мянтуз.

Агульнае[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаецца на паўднёвым захадзе ад г. Докшыцы, вусце ў 2 км на паўночны ўсход ад в. Берагавая Слабада Рэчыцкага раёну. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі. Пад′ём узроўню (працягласць 20 — 30 сутак) пачынаецца з сярэдзіны сакавіка; сярэдняя вышыня 2,3 — 3,4 м над межанным узроўнем, найбольшая 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сутак. Спад узроўню ў вярхоўі 30 — 40 сутак, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал. снежня, крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 30 — 60 см (канец лютага — пачатак сакавіка). Веснавы ледаход 4 — 7 сутак. Сярэдняя тэмпература вады летам 18 — 20 °С. Гадавы сцёк завіслых наносаў каля Барысава 7,2 тыс. т.

Агульная даўжыня рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км, густата рачной сеткі 0,35 км/км². Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіна падзяляецца на 3 участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця 240 км).

У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, купістая, шырынёй 2 — 3 км, у асобных месцах звужаецца да 0,5 або пашыраецца да 6 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,3 — 1,8 м, часам да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі і невялікімі пясчанымі астравамі. Шырыня ракі 15 — 20 м, найбольшая 60 м. Берагі нізкія (да 0,5 м), на асобных участках стромкія (вышыня да 1,5 м), пясчаныя, забалочаныя.

У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шырыня яе 2 — 3 км, месцамі — да 1 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя (вышыня 10 — 35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грувтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шырынёй 1,5 — 2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,5 — 3 м, тэрмінам ад 10 — 20 сутак да 1,5 — 2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шырыня ракі 60 — 80 м, найбольшая 100 — 300 м. Берагі стромкія, вышынёй 1 — 2 м.

Разліў Бярэзіны

У ніжнім цячэнні да вусця даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 2 — 8 км, месцамі звужаецца да 0,3 — 0,5 км. Схілы стромкія, вышынёй 6 — 15 м, месцамі 20 — 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, купістая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая; шырыня яе 1,5 — 5 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,2 — 3,5 м тэрмінам да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, адмелін, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шырыня ракі 80 — 130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, вышынёй ад 1 — 2 м да 15 м.

Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. –Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]