Уладзіслаў Максімілянавіч Страмінскі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Уладзіслаў Максімілянавіч Страмінскі
Уладзіслаў Страмінскі (1932)
Уладзіслаў Страмінскі (1932)
Імя пры нараджэнні:

Władysław Strzemiński

Дата нараджэння:

21 лістапада 1893(1893-11-21)

Месца нараджэння:

Мінск,
Расійская імперыя

Дата смерці:

25 снежня 1952(1952-12-25) (59 гадоў)

Месца смерці:

Лодзь,
ПНР

Грамадзянства:

Flag of Russia.svg Расійская імперыя
Сцяг Польшчы Польшча

Стыль:

Унізм

Узнагароды:
Ордэн Святога Георгія IV ступені
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Уладзіслаў Страмінскі (Уладзіслаў Максімілянавіч Страмінскі (Стшамінскі, Стрэмінскі); польск.: Władysław Strzemiński; руск.: Владислав Максимилианович Стржеминский; 21 лістапада 1893, Мінск25 снежня 1952, Лодзь) — беларускі і польскі мастак, прадстаўнік авангарднага мастацтва, заснавальнік унізму.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 21 лістапада 1893 года ў Мінску у сям’і вайскоўца і шляхціца. Ён быў старэйшым сынам Максіміляна Бенедыкта Страмінскага (1847-1919) і Эвы Разаліі, у дзявоцтве Аляхновіч, з якой Максімілян ажаніўся ў 1886 годзе. Уладзісдаў быў ахрышчаны ў касцёле на Залатой Горцы. Ва Уладзіслава была сястра Яніна і брат Валяр’ян. Дзяцінства будучага мастака прайшло ў Мінску ў “доме пасярод саду” на вуліцы Гарбарнай, 21. [1].

У 1904 годзе адзінаццацігадовым хлопчыкам Уладзіслаў паступіў у кадэцкае вучылішча імя Аляксандра ІІ ў Маскве, якое скончыў у 1911 годзе. Кадэцкі корпус, які даў яму добрую адукацыю, быў першым этапам у вайсковай кар’еры Страмінскага, аб чым так марылі яго бацькі.

У 1911 годзе паступае ў Ваеннае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу, якое заканчвае ў 1914 годзе з вайсковым званнем інжынернага падпаручніка.

У сярэдзіне ліпеня 1914 года, неўзабаве пасля атымання дыплому, ён быў накіраваны сапёрным афіцэрам у крэпасць Асавец паблізу Беластока. У час Першай сусветнай вайны ён прымаў удзел у ваенных аперацыях на на тэрыторыі сучасных Польшчы і Беларусі.

Ноччу з 6 на 7 мая 1916 года ў баі паблізу мястэчка Пяршаі на тэрыторыі сённяшняга Валожынскага раёна, ён быў цяжка паранены ў акопах выбухам гранаты. Страмінскаму ампутавалі праваю нагу і левае перадплечча. Выбух таксама пашкодзіў вока. Гэта разбурыла яго надзеі на працяг вайсковай кар’еры.

Шлях да мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

У Прохараўскім шпіталі ў Маскве Уладзіслаў пазнаёміўся з Кацярынай Кобрай (1898-1951), будучым скульптарам і жонкай. Яна была сястрой міласэрнасці, якая клапацілася аб параненых афіцэрах. У той час яна ўжо практыкавалася ў лепцы гліны, збіраючыся вывучаць скульптуру.

У 1916-1917 гадах Страмінскі, верагодна, правёў шмат часу ў бальніцы, адзначае даследчыца яго творчасці Зянобія Карніцка[1]. Ён не мог карыстацца пратэзамі з-за жахлівага болю. Хадзіць ён змог толькі на мыліцах, якія не кінуў да канца жыцця. У Маскве яго зачаравала прыватная калекцыя мастацтва фабрыканта Шчукіна, у якую ўвайшлі самыя разнастайныя прыклады французскага жывапісу ад імпрэсіянізму да кубізму. Магчыма ад таго часу Страмінскі пачаў вывучаць гісторыю і тэорыю мастацтва. Яго мастацкая адукацыя дапаўнялася самым сапраўдным вывяржэннем мастацкіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рэвалюцыйнай Маскве.

У 1918—1919 працаваў у Мінску, з 1920 у Смаленску, з 1922 у Вільні.

Зазнаў уплывы Малевіча і супрэматызму.

Па некаторых звестках[2] Страмінскі працаваў выкладчыкам рысавання ў гімназіі Вілейкі ў 1923 — 1924 гадах. Затым на тэрыторыі сучаснай Польшчы, пераважна ў Лодзі (1931-1939).

Ад верасня 1939 года да мая 1940 года, хаваючыся ад вайны, жыў разам з сям'ёй у Вілейцы, прыехаўшы да малодшага брата Валяр'яна. Тут з’яўляецца першы з ваенных цыклаў малюнкаў мастака пад назвай «Заходняя Беларусь».

Дачка Страмінскага Ніка так згадвае ў сваіх успамінах умовы, у якіх у Вілейцы нараджаўся цыкл "Заходняя Беларусь":

Мы жылі ў прымітыўных умовах. Каб справіць фізіялагічныя патрэбы ці прынесці вады, трэба было хадзіць на двор. У пакоі бліжэй да кухоннай пліты, адным бокам амаль дакранаючыся да уваходу, стаяў мой дзіцячы ложачак. Далей пасцель маёй мамы, а пры сцяне, насупраць дзвярэй, што вядуць у сені, ложак бацькі. Прыткнуты да яго кульгавы стол даўжэйшым бокам кранаўся акна. Менавіта тут, адвярнуўшыся ад пакою, сядзеў бацька, пакрываючы аркушы паперы нейкімі незразумелымі мне рысункамі. Такім чынам і паўстаў цыкл “Заходняя Беларусь”. Напэўна за гэтым самым сталом бацька таксама займаўся праектаваннем дэкарацый, пра якія пазней напісаў Юл’ян Пшыбась: “...ён адзін у тым найгоршым для мастацтва часе мог даць прыклад жывапісу, які патрэбны быў прапагандзе. Путрамант згадвае ў сваім “Паўстагоддзі” як Страмінскі перамяніў на свята 1 мая 1940 года беднае шэрае мястэчка Вілейку ў каляровую феерыю, у тэатр прасторавых жывапісных кампазіцый. Бо тады ўлады развязалі яму рукі ў аздабленні горада. ... [3].

У час Другой сусветнай вайны з'яўляюцца і іншыя ваенныя экспрэсіўныя цыклы, такія як «Дэпартацыі», «Грамадзянская вайна», «Твары», «Пейзажы і мёртвыя натуры», «Таннае, як бруд», «Рукі, якія не з намі», «Маім сябрам яўрэям»[4].

У маі 1940 вяртаецца ў Лодзь. Выкладаў (1945 — 1950) у Вышэйшай мастацкай школе (цяпер Акадэмія выяўленчага мастацтва) ў Лодзі. Прапагандаваў рэвалюцыйны авангард, стварыў смаленскі філіял аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», суполкі «Blok» (1925), «Praesens» (1926), «a.r.» («awangarda rheczywista» або «сапраўдны авангард») 1929. Апошняе скарачэнне перадаецца часам як «artyści rewolucyjni» ці «рэвалюцыыйныя мастакі». Дачка Страмінскага Ніка Страмінская сцвярджае аб памылковасці такой расшыфроўкі[3].

Заснавальнік тэорыі унізму (маніфест «Унізм у жывапісе», 1928), у якой сцвярджаў, што адзіная значнасць карціны — яна сама, а жывапіс, матэрыял, колер, форма, фактура і інш. павінны ўяўляць адзінае цэлае. Сярод твораў: «Архітэктанічная кампазіцыя 9с» (1929), «Пейзаж Лодзі» (1931), «Мора. Марскі пейзаж» (1933), «Уністычная кампазіцыя 14» (1934) і інш.

Унізм у творчасці мастака[правіць | правіць зыходнік]

У 1924 упершыню сфармуляваў прынцыпы «унізму» – канструктывісцкай канцэпцыі, якая сцвярджала адзінства колеру, лініі і рытму ў жывапісе. Гэтую канцэпцыю увасабляў у аднародных па колеры і фактуры абстрактных карцінах. У 1926 – 1929 стварыў цыкл жывапісных «Архітэктурных кампазіцый». У 1930-я пісаў нацюрморты, гарадскія пейзажы, кубістычныя кампазіцыі, стварыў серыю марскіх пейзажаў (1933-1934), у працы над якімі абапіраўся на навуковы аналіз фізіялагічных і псіхалагічных працэсаў глядацкага ўспрымання. Выканаў цыкл літаграфій «Лодзь без функцыяналізму» (1936 ). Надаваў вялікую ўвагу функцыянальнай графіцы і друкарскаму мастацтву, распрацаваў для сваіх вучняў спецыяльны курс функцыянальнай друку. Напісаў кнігі «Унізм у жывапісе» (1928) і «Кампазіцыя прасторы: Разлік прасторава-часавага рытму» (1931).

Сляды выяў[правіць | правіць зыходнік]

У 1948-1949 гадах Страмінскі стварыў серыю так званых салярыстычных карцін. Страмінскі убачыў на іх так званыя «сляды выяў» ці «сляды малюнкаў» (па-польску «powidoki»), якія ўзнікаюць ў выніку погляду на сонца. У той самы перыяд Страмінскі імкнуўся прымірыць авангард з дактрынай сацрэалізму шляхам стварэння новых прынцыпаў для рэалістычнага прадстаўлення. Малюнкі і карціны, якія з’яўляюцца ў выніку гэтых пошукаў, ствараюць сваю форму для гэтых слядоў светлавых выяў.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Магіла Уладзіслава Страмінскага ў Лодзі.
  • Акадэмія выяўленчага мастацтва ў Лодзі носіць імя Уладзіслава Страмінскага.
  • Мастак Эдуард Мацюшонак прысвяціў Страмінскаму некалькі сваіх работ [5].
  • Творчасць Страмінскага даследавала яго дачка Ніка Страмінская (пам. у 2001).
  • У 2009 годзе польскі Нацыянальны банк выпусціў памятную манету, 2 злотыя (4 снежня, сплаў «Паўночнае золата») і 20 злотых (7 снежня, серабро) з выявай Страмінскага[6].
  • У маі 2013 года ў Вілейцы ля кінатэатра «Мір» устаноўленая скульптурная кампазіцыя, прысвечаная памяці Страмінскага. Кампазіцыю з элементамі ўнізму, якая сімвалізуе творчасць Страмінскага, выканалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Фёдар Саратцаў і Станіслаў Шашкоў. Ініцыятар пленэра, у межах якога стваралася кампазіцыя, загадчык кафедры скульптуры мастацкага факультэта гэтай ВНУ Уладзіміра Слабодчыкава[7].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Zenobia Karnicka. The Life and Work — Chronology (англ.) . Wladyslaw Strzeminski 1893 — 1952. Museum of Art in Lodz (1993).
  2. Стржеминский Владислав Максимилианович // Искусство и архитектура русского зарубежья
  3. 3,0 3,1 Strzemińska N. Miłość, sztuka i nienawiść. О Katarzynie Kobro i Władysławie Strzemińskim. Res Publica, Warszawa, (1986) (польск.)  ISBN 83-7046-017-8
  4. Irena Kossowska. Władysław Strzemiński (польск.) . Instytut Sztuki Polskiej Akademii Nauk (2001).
  5. Вілейскі мастак Эдуард Мацюшонак паказаў чытачам “РГ” сваю выстаўку // «Рэгіянальная газета»
  6. „Polscy malarze XIX/XX wieku” // Narodowy Bank Polski
  7. Мастак Уладзіслаў Страмінскі: лёс, творчасць і Вілейка // «Рэгіянальная газета»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]