Канстанцін Радзівіл (1793—1869)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
князь Канстанцін Радзівіл
польск.: Konstanty Radziwiłł
Герб «Трубы»
Герб «Трубы»
Навагрудскі павятовы маршалак
1832 — 1834
Папярэднік (?) Юзаф Антонавіч Верашчака
Пераемнік Мікалай Антонавіч Вольскі

Нараджэнне 5 красавіка 1793(1793-04-05)
Смерць 6 красавіка 1869(1869-04-06) (76 гадоў)
вёска Паланечка, Навагрудскі павет, Мінская губерня, Расійская Імперыя
Род Радзівілы
Бацька князь Мацей Радзівіл (1749—1800), віленскі кашталян (1790—1795)
Маці графіня Альжбета Хадкевіч. Шлюб у 1787 г.
Жонка 1) графіня Марыя Грабоўская (?—1826). Шлюб у 1815 г.; 2) Цэлестына-Цэліна Сулістроўская (1805—1836); 3) Адэлія Мікалаеўна Карніцкая (1811—1883). Шлюб у сакавіку 1840 г.
Дзеці (ад Сулістроўскай): 1) Ядвіга Радзівіл (1830—1863); (ад Карніцкай): 2) Мікалай Антоній Радзівіл (1841—1900), 3) Мацей Юзаф Радзівіл (1842—1907), 4) Целестына Радзівіл, 5) Антаніна Радзівіл, 6) Міхаліна Радзівіл, 7) Караль Вільгельм Радзівіл (1848—1904), 8) Канстанцін Вінцэнт Радзівіл, 9) Дамінік Марыян Радзівіл.
Веравызнанне каталік
Дзейнасць філолаг
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера этнаграфія
Месца працы
Узнагароды
ордэн Святога Станіслава 2 ступені ордэн Святога Станіслава 3 ступені

Канстанцін Радзівіл, Канстанцін Мікалай Радзівіл, Канстанцін Мацеевіч Радзівіл (5 красавіка 1793, Рым, Папская вобласць — 6 красавіка 1869, Паланечка, Навагрудскі павет, Мінская губерня, Расійская Імперыя) — навагрудскі павятовы маршалак (1832—1834).

Быў мецэнатам, апекуном народнай асветы, адным з першых беларускіх фалькларыстаў.

Паходжанне і сям'я

Належаў да літоўскага княскага каталіцкага роду Радзівілаў.

Нарадзіўся 4 красавіка 1793 г. у Рыме ў сям'і Мацея Радзівіла (1749—1800) і яго жонкі графіні Альжбеты Хадкевіч — дачкі графа Яна Мікалая Хадкевіча (1738—1781).

2 верасня 1800 г. атрымаў па спадчыне ад бацькі да свайго княскага тытула і тытул «граф на Шыдлоўцу», хоць маёнткам Шыдловец (у аўстрыйскай Новай Галіцыі, а пазней у Радамскай губерні Расійскай Імперыі) не валодаў — Шыдлоўцам з 1800 г. валодала княгіня Ганна Сапега (1772—1859) з роду Замойскіх.

Быў тройчы жанаты: 1) графіня Марыя Грабоўская. Шлюб у 1815 г.; 2) Цэлестына-Цэліна Сулістроўская (1805—1836); 3) Адэлія Мікалаеўна Карніцкая (1811—1883). Шлюб у сакавіку 1840 г.

Меў дзяцей толькі ад Марыі Грабоўскай і Адэліі Карніцкай:

(ад Сулістроўскай):

  • 1) Ядвіга Радзівіл (1830—1863)

(ад Карніцкай):

Маёнтак

Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланэчка (вёскі Паланэчка, Крошын і Гусакі) у Навагрудскім павеце Літоўска-Гродзенскай губерні[1] (Расійская Імперыя), які дзякуючы Канстанціну Радзівілу стаў адным з культурных асяродкаў у краі. Паводле памеру маёнтка князь Канстанцін Радзівіл не адносіўся да латыфундыстаў, а толькі да вельмі заможных маянткоўцаў.

У маёнтку пабудаваў Паланэчкаўскі палац, побач з якім быў разбіты парк у французскім стылі.

Дзяржаўная служба і палітычная дзейнасць

У 1820 г. стаў членам Віленскай адукацыйнай камісіі. У 1820 г. у Вільні таксама ўступіў у тайнае палітычнае таварыства «Нацыянальнае масонства», а ў 1821 г. далучыўся да яго пераемніка — Патрыятычнага таварыства (член Камітэта Літоўскай правінцыі).

Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў (1825) быў арыштаваны расійскай уладай, але пасля адпушчаны.

У 1832 г. атрымаў чын камергера расійскага імператарскага двара. У 1832—1834 гг. займаў выбарную пасаду навагрудскага павятовага маршалка.

Культурная і навуковая дзейнасць

Палац Радзівілаў у маёнтку Паланечка, малюнак Напалеона Орды, 1876 г.

Не імкнуўся зрабіць службовую кар'еру ў сталіцы імперыі (Санкт-Пецярбургу) ці сталіцы літоўска-беларускага края (Вільні), а прысвяціў сябе мецэнацкай, культурнай і асветніцкай дзейнасці ў родным краі. Быў куратарам і апякуном (у тым ліку фінансава) народнай асветы ў Мінскай і Гродзенскай губернях. Сабраў у Паланечцы значную бібліятэку (4 тыс. тамоў), архіў, калекцыю твораў мастацтва, у якой былі партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў, карціны Юзафа Пешкі, Яна Рустэма, гравюры, габелены, медалі. У палацы Канстанціна Радзівіла ў Паланечцы бывалі многія знакамітыя ў мясцовым краі дзеячы культуры, у тым ліку паэт Уладзіслаў Сыракомля.

У 1845 г. пад апякунствам Канстанціна Радзівіла ў Паланечцы знаходзілася рэдакцыя мясцовага польскамоўнага часопісу «Народ і час».

У 1850-х гг. даслаў у Рускае геаграфічнае таварыства «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета» і «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета» (зберагаюцца ў архіве таварыства). Ахарактарызаваў беларускую мову («кривицкое наречие»), склаў слоўнічак мясцовых слоў, апісаў адзенне сялян Навагрудскага павета, мясцовыя сялянскія абрады на Купалле, Дзяды, куццю, вяселле навагрудскіх сялян; запісаў 84 прыказкі, калядную, 2 купальскія і 27 вясельных песень.

У снежні 1863 г. Канстанцін Радзівіл прасіў у віленскага генерал-губернатара (1863—1865) Міхаіла Мураўёва аб замене смяротнага прысуду Зыгмунту Чаховічу, аднаму з лідараў Студзенскага паўстання (1863—1864), што Мураўёў і змяніў на ссылку Чаховіча ў Сібір. Пазней бібліятэкай Чаховіча, вернутага з сібірскай ссылкі ў Віленскую губерню, будзе карыстацца малады Янка Купала.

Смерць і пахаванне

Памёр 6 красавіка 1869 г. у родавым маёнтку Паланечка (Навагрудскі павет, Мінская губерня).

Зноскі

  1. У 1843 г. Навагрудскі павет будзе перададзены ў склад Мінскай губерні.

Літаратура

  • Воронков, И. А. Польские тайные общества в Литве и Белоруссии в конце XVIII и первом тридцатилетии XIX в. / И. А. Воронков // Исторические записки. — 1957. — Т. 60.
  • Зеленин, Д. К. Описание рукописей ученого архива императорского Русского географического общества / Д. К. Зеленин. — Прага, 1915. — Вып. 2.
  • Радзівіл Канстанцін // Маракоў, Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991: Энц. даведнік: у 10 т. / Л. У. Маракоў. — Мінск, 2003. — Т. 2. ISBN 985-6374-04-9.
  • Цішчанка, І. К. Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне беларускага фальклору ў 50—60-я гады ХІХ ст. / І. К. Цішчанка. — Мінск, 1986.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
  • Шышыгіна-Патоцкая, К. Я. Нясвіж і Радзівілы / К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. — Мінск : Беларусь, 2007. — 240 с. ІSBN 978-985-01-0740-4
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
  • Puzynina, G. W Wilnie i w dworkach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843 / G. Puzynina. — Fotooffsetowe wyd. — Kraków : Krajowa Agencja Wydawnicza, 1990. — 400 s.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13), С. 210.