Род Радзівілаў

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Радзівілы — вялікалітоўскі арыстакратычны род, які ўзнік у XV ст. як галіна роду Осцікавічаў. Род Радзівілаў не меў сабе роўных па колькасці асоб, што займалі найвышэйшыя дзяржаўныя ўрады. На працягу гісторыі Вялікага княства Літоўскага, а затым і Расійскай імперыі, нязменна заставаліся сярод найбагацейшых магнатаў.

Этымалогія прозвішча[правіць | правіць зыходнік]

Паводле лінгвістычных рэканструкцый, уласнае імя Радзівіл з'яўляецца адаптацыяй літоўскага складанага (двухасноўнага) імя Rаdіvіlаs — Rаdvіlаs. Мусіць, слушным з'яўляецца меркаванне, што першая частка імя Рад звязана са словамі літоўскай мовы rаstі, rаdо, што азначае «знаходзіць, знайшоў». У пацвярджэнне гэтаму прыводзяцца літоўскія словы rаdvіlа, rаdvіlаs — «той, каго знайшлі — падкідыш». На карысць балцкага паходжання першай часткі прозвішча сведчыць гняздо роднасных прозвішчаў і тапонімаў, якія сустракаюцца ў літоўскай мове: Радвіла, Радвілавічус, Радвілішкіс і інш.

Другі кампанент імя — «віл», на думку вучоных-лінгвістаў, па сваім паходжанні звязаны з генетычна роднаснымі словамі: літоўскім vаlіа «воля», vіtіs «надзея», старажытнаіндыйскім vіrаs «жаданне, выбар», верхненямецкім wаlа «выбар». У пацвярджэнне гэтаму прыводзяць факт, што ў складзе старажытных і сучасных літоўскіх імён даволі часта сустракаецца кампанент віл: Vіlgаrdаs, Vіlmаntаs. Такім чынам, дапускаецца, што першапачаткова імя Радзівіл літаральна змяшчала пажаданне або загад: няхай ён знойдзе, здабудзе волю.

Таксама, існуе версія, што імя Радзівіл — славянскае. У славянскіх мовах даволі часта сустракаюцца складаныя імёны з кампанентам Рад, які літаральна абазначае старажытнае слова радети «клапаціцца аб нечым». Вядомы такія старажытныя славянскія імёны, як Радамір (той, хто клапоціцца аб міры), Радаслаў (той, хто дбае аб славе) і да т.п. Знаходзяць падставы і для таго, каб і другі кампанент імя «віл» лічыць славянскім, непасрэдна звязаным са словам воля. Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца ўкраінскае слова вільный (вольны). Такім чынам, у славянскай версіі паходжання, імя Радзівіл азначае «той, хто клапоціцца пра волю».[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Генеалогія роду Радзівілаў, 1742

Заснавальнік роду — Осцік-Крысцін, які пры Гарадзельскай уніі (1413) прыняў ад палякаў герб «Трубы» («Тромбы»). Паходзіў Осцік, верагодна, з літоўскіх баяраў Кернаўскай зямлі, хоць познія легенды і звязвалі родапачынальніка Осцікаў Сірпуція з родам літоўскіх князёў, але большасць сучасных даследчыкаў скептычна ставіцца да княжацкага паходжанця Осцікаў і Радзівілаў. Больш верагодна, што Осцік быў намеснікам (старостай) кернаўскім, вакол Кернава размяшчаліся і яго вотчынныя маёнткі: Шырвінты, Упнікі і Муснікі. З чатырох сыноў Осціка найбольш значным быў старэйшы — Радзівіл Осцікавіч, які даў пачатак роду Радзівілаў. Нашчадкі аднаго з малодшых сыноў Осціка — Станіслава Осцікавіча пакінулі за сабой прозвішча Осцікавічаў.

XV-XVI ст.[правіць | правіць зыходнік]

Герб «Тромбы» прыняты Осцікам-Крысцінам ад палякаў паводле Гарадзельскай уніі (1413)

Сын Радзівіла Осцікавіча — Мікалай Радзівілавіч атрымаў пасля смерці Алехны Судзімонтавіча пасады ваяводы віленскага і канцлера, якія затым перайшлі да яго старэйшага сына, таксама Мікалая Мікалаевіч Радзівілавіч (Радзівіл). Удвух яны трымалі гэтыя важнейшыя пасады трэць стагоддзя — з 1491 па 1522. Увесь гэты час няўхільна павялічвалася колькасць радзівілаўскіх маёнткаў. Яшчэ Радзівіл Осцікавіч да бацькоўскіх Шырвінтаў, Муснікаў і Упнікаў далучыў Біржы і Кейданы ў Жамойці, Нягневічы на Новагародчыне, Бастынь на Піншчыне і інш. Мікалай Радзівілавіч выслужыў Дубінкі і яшчэ некалькі маёнткаў у Літве, Ліпскую воласць на Палессі. Шлюб з Соф'яй Манівідаўнай прынёс яму спадчыну рода Манівідаў: Геранёны, Жупраны, Солы, Хаценчыцы, вялікую Харэцкую воласць, з Докшыцамі, Тумілавічамі, Даўгінавам, Мілчай, Зембінам і іншымі сёламі ў вярхоўях Бярэзіны і Віліі. У канцы жыцця Мікалай Радзівілавіч атрымаў Райгрод і Ганядзь на Падляшшы (цяпер у Польшчы), якія раней нелажалі з'ехаўшаму ў Маскву князю М. Глінскаму.

У 1509 г. уладанні Мікалая Радзівілавіча былі падзелены паміж трыма яго сынамі. Старэйшы, Мікалай, атрымаў, апрача Шырвінтаў і іншых літоўскіх маёнткаў, Райгрод, Ганядзь, Солы, Хаценчыцы і частку Харэцкай воласці. З 1518, атрымаўшы ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі княжацкі тытул, пачаў звацца князем на Мядзеле і Ганядзі. Другі брат, Ян-Мікалай, атрымаў Старыя Муснікі ў Літве, Геранёны і частку Харэцкай воласці, таксама яго ўладанні значна павялічыліся пасля шлюбу з Ганнай, дачкой Станіслава Кішкі, які прынес у пасаг частку мантыгірдаўскай спадчыны: Алыку, Дуброву, Лахву, Нядрэску, Нясвіж, Узду, Шацк. Трэці брат Юрый (Ежы), уладальнік Біржаў, Дубінкаў, Жупранаў і інш., таксама ажаніўся з прадстаўніцай роду Кішкаў — Барбарай, дачкой Станіслава ад другога шлюбу. Маці Барбары паходзіла з паноў Кучукаў, і гэты шлюб прынёс Юрыю Радзівілу кучукаўскую спадчыну: Салешнікі і Жырмуны на Віленшчыне, Шчучын і Дакудаў у Панямонні, Палонна на Валыні, Вязынь на Меншчыне і інш. Яшчэ адзін сын Мікалая Радзівілавіча, Войцех, стаў віленскім біскупам — вышэйшай духоўнай асобай у дзяржаве.

Уяўленне пра памеры ўладанняў Радзівілаў дае Попіс войска ВКЛ 1528 году. У гэты час уладанні Мікалая, князя на Мядзеле і Ганядзі, былі падзелены на 4 часткі паміж яго сынамі і ўдавой, Альжбетай Багданаўнай з Саковічаў. Сыны ставілі ў войска 179 коннікаў, а маці — 260. Такім чынам, да падзелу гэта латыфундыя давала 439 коннікаў (прыкладна столькі ж, як і ўладанні Альбрэхта Гаштоўта, — наступіка М. М. Радзівіла на пасадах ваяводы віленскага і канцлера). Удава Яна, Ганна Кішчанка, якая ў 1528 была жонкай Станіслава Кезгайлы, з маёнткаў свайго сына М. Я. Радзівіла ставіла 246 коннікаў, а Юрый (Ежы) Радзівіл — 261.

Старэйшая галіна Радзівілаў, князёў на Мядзеле і Ганядзі, скончылася ў 1542 годзе. Пасля гэтага галоўныя іх маёнткі Райгрод, Ганядзь і Мядзел перайшлі да вялікага князя, а астатнія былі падзелены паміж трыма дачкамі Яна Мікалая — апошняга прадстаўніка гэтай галіны. Дзве з іх не пакінулі нашчадкаў, а трэцяя, Ганна, унесла радзівілаўскія маёнткі ў род свайго мужа Станіслава Кішкі.

Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымлівае тытул князя ад імператара Карла V

Сын Яна — Мікалай Чорны і сын Юрыя — Мікалай Руды сталі пачынальнікамі дзвюх далейшых галін Радзівілаў: князёў на Нясвіжы і Алыцы і князёў на Біржах і Дубінках. Іх узвышэнню спрыяў раман сястры Мікалая Рудога Барбары з Жыгімонтам Аўгустам, які тайна абвянчаўся з ёю. Праз некалькі год Барбара пры загадкавых абставінах памерла, але Радзівілы былі ўжо на вяршыні магутнасці. Мікалай Чорны ў 1551 заняў дзве найвышэйшыя пасады (ваяводы віленскага і канцлера), і віленскае ваяводства на гэты раз апынулася ў руках Радзівілаў больш чым на паўстагоддзя: ад Мікалая Чорнага яно перайшло да Мікалая Рудога, потым да сына Рудога Крыштафа Перуна і, нарэшце, да сына Чорнага Крыштафа Сіроткі.

Уладанні Радзівілаў (сінім) у Рэчы Паспалітай ў 16—17 ст.

У 2-й пал. 16 ст. Радзівілы засталіся адзіным з магнацкіх родаў літоўскага паходжання. Вялікія змены адбыліся ў рэлігійным жыцці: пашыралася Рэфармацыя, у сувязі з чым Мікалай Чорны і Мікалай Руды, як і вялікая колькасць іншых паноў, перайшлі з каталіцызму ў кальвінізм. Магнацтва пачало адчуваць моцны націск з боку больш дробнай шляхты, якая дамагалася павялічэння сваёй ролі ў палітычным жыцці. Пры гэтым шляхта імкнулася да больш цеснага саюзу з Польшчай — як з прычын знешнепалітычных (ВКЛ цярпела паражэнні ад Маскоўскай дзяржавы), так і ўнутрыпалітычных (шляхта ВКЛ хацела мець такія ж палітычныя правы, якімі карысталася шляхта польская). Магнаты таксама хацелі збліжэння з Польшчай, але на ўмовах дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ, імкнуліся захаваць пры гэтым свае прывілеі.

У 1569 г., нягледзячы на супраціўленне магнатаў (у т.л. Радзівілаў), была заключана Люблінская унія. Крыху раней, у 1564, паны-рада «добраахвотна» адмовіліся ад статуса прывілеяванага саслоўя, фармальна атрымаўшы такія ж правы, як і простая шляхта. Але фактычная вага палітычных дзеячаў залежала ад памераў іх маёнткаў, і магнаты працягвалі ставіць амаль выключна сваіх прадстаўнікоў на найвышэйшыя дзяржаўныя пасады.

Вялізныя ўладанні Радзівілаў тым часам усё пашыраліся. Мікалай Чорны набыў у 1555 годзе Налібакі, Солы і Свядасць, у 1558 — Клецк і Давыд-Гарадок, таксама Высокае пад Бярэсцем, а праз шлюб з дачкой польскага магната Шыдлоўскага — Шыдловец у Польшчы. Яго сын у 1567 ставіў у войска ўжо 539 коннікаў (пры тым, што ў гэтым годзе адзін коннік ставіўся не з 8, а з 10 сялянскіх службаў), Мікалай Руды ставіў 400 коннікаў. Яго ўладанні павялічыліся за кошт Валожына, Рубяжэвічаў на Ашмяншчыне, Смалявічаў, Плісы, Гарадзішча, Станькава і Жыціна на Меншчыне, Уселюба пад Новагародкам.

У канцы XVI ст., ў ВКЛ пачалася каталіцкая Контррэфармацыя. Тады сыны Мікалая Чорнага вярнуліся ў каталіцтва, а адзін з іх, Ежы, нават стаў спачатку біскупам віленскім, а потым кракаўскім. Каб пазбегнуць драбнення і страты радавых маёнткаў, сыны Мікалая Чорнага ў 1579 у ўтварылі пагадненне аб стварэнні неадчужальных вотчын — ардынацый. Такія ўладанні павінны былі пераходзіць без падзелу ва ўладанне старэйшага сына, а пры адсутнасці такога — да прадстаўніка старэйшай на той момант галіны Радзівілаў. Так узніклі тры ардынацыі: Нясвіжская (уладанне Мікалая Крыштафа Сіроткі і яго нашчадкаў), Клецкая (уласнасць яго брата Альбрэхта) і Алыцкая (уладанне малодшага з братоў Станіслава Мікалая).

Сыны Мікалая Рудога засталіся пратэстантамі. Старэйшы, Мікалай, пры падзеле бацькаўскіх маёнткаў атрымаў Дубінкі, Жырмуны, Мядзел, Жупраны, Салешнікі, Дакудаў, Беліцу і шмат іншых маёнткаў. Яго брату Крыштафу Пяруну дасталіся Біржы, Валожын, Віжуны, Вязынь, Жыцін, Койданаў, Рубяжэвічы, Смалявічы, Станькаў, Уселюб і інш. Пазней Крыштаф набыў Астрашыцкі Гарадок на Меншчыне, шлюб з князёўнай Кацярынай з Астрожскіх прынёс яму Глуск і Копысь, а паўторны шлюб з яе малодшай сястрой Альжбетай, удавой Януша Кішкі, — Асташын у Новагародскім павеце і Венграў на Падляшшы. Крыштаф Пярун быў таксама старостам барысаўскім, гаенскім, жыжморскім, мейшагольскім. У 1600 ён дамогся шлюбу свайго сына Януша з апошняй прадстаўніцай князёў Алелькавічаў-Слуцкіх, Соф'яй, такім чынам Слуцкае княства перайшло ў рукі Радзівілаў. Да гэтага часу Радзівілы ўспрынялі польскую (і ўвогуле заходнееўрапейскую) культуру, але засталіся гарачымі патрыётамі Вялікага княства Літоўскага, праціўнікамі палітычнага паглынання яго Польшчай. На іх грошы ствараліся першыя друкарні ў Берасці, Нясвіжы. Этнічная свядомасць іх мела падначаленае становішча адносна палітычнай.

XVII-XVIII ст.[правіць | правіць зыходнік]

У наступных пакаленнях колькасць адначасова дзеючых Радзівілаў часам перасягала дзесятак. Аўтарытэт слуцка-біржанскай галіны, найбольш уплывовай у 1-й пал. 17 ст., быў моцна падарваны пераходам Януша і Багуслава Радзівілаў на бок шведаў у час «Патопу». Гэтая галіна скончылася ў 1669, а яе вялізныя ўладанні перайшлі да адзінай дачкі Багуслава — Людвікі Караліны. Першым мужам яе быў электар брандэнбургскі, другім — князь нейбургскі. Дочкі Людвікі Караліны, княжны нейбургскія, валодалі радзівілаўскай спадчынай да 1744, пасля чаго яна была далучаная да ўладанняў нясвіжскай галіны Радзівілаў. Сярод гэтых маёнткаў найбольшымі тэрытарыяльна былі Слуцкае княства (цягнулася больш чым на 100 км, да самай Прыпяці), Гарадзішча са Смалявічамі (тэрыторыя гэтых уладанняў пачыналася ад усходняй ускраіны Менска, ад вёсак Сляпянка і Уручча, і цягнулася ажно за Жодзіна) і інш.

Род алыцкіх ардынатаў праіснаваў усяго 2 пакаленні. У 1667 г. яго ўладанні зліліся з нясвіжскай ардынацыяй, якой валодаў Міхал Казімір — унук Мікалая Крыштафа Сіроткі. Міхал Казімір далучыў да сваіх уладанняў і спадчыну згаслага роду Зяновічаў, у т.л. вялікія маёнткі Смаргонь, Глыбокае. У кан. 17 ст. згасла і клецкая галіна Радзівілаў, яе ўладанні дасталіся брату Міхала Казіміра — Дамініку. Яго нашчадкі ўтварылі другую галіну ардынатаў клецкіх.

У 2-й пал. XVII — пач. XVIII ст. Радзівілы, застаючыся багацейшымі землеўладальнікамі на ВКЛ, у палітычным сэнсе трымаліся ўпоравень з іншымі магнацкімі родамі (Сапегамі, Пацамі, Агінскімі). Новы перыяд іх гегемоніі прыпадае на апошняе паўстагоддзе існавання Рэчы Паспалітай, калі дзейнічалі Міхал Казімір Рыбанька з братам Еранімам, а затым сын Рыбанькі Караль Станіслаў па мянушцы Пане Каханку.

Злучыўшы нясвіжскую і алыцкую ардынацыі з былымі ўладаннямі княжан нейбургскіх, яны дасягнулі фантастычнага багацця. Колькасць іх падданых лічылася сотнямі тысяч. Шмат паданняў засталося пра самадурства Ераніма і пра дзівосы Пане Каханку, які сапернічаў раскошай з імператрыцай Кацярынай II, улетку ездзіў на санях па дарозе пасыпай соллю і г.д. Радзівілы былі буйнейшымі палітычнымі фігурамі свайго часу, вядомымі мецэнатамі. Нясвіжская бібліятэка была адной з лепшых у Еўропе.

Род Радзівілаў працягваецца і далей, у XIX, XX і XXI стст.

Пералік асоб[правіць | правіць зыходнік]

1 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

2 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1. Мікалай (пам. 1509), кашталян троцкі, ваявода віленскі, канцлер літоўскі; ∞1) Соф'я з Манівідаў, ∞2) Соф'я з Заслаўскіх, ∞2) Соф'я з Багатынскіх.
  • 1.2. Ганна; ∞ Петка Ягойлавіч

3 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1.1. Мікалай (1470—1521), ваявода віленскі, канцлер літоўскі; ∞ Эльжбета з Саковічаў
  • 1.1.2. Ганна; ∞ Конрад III Мазавецкі
  • 1.1.3. Ян-Мікалай (1474—1522), маршалак земскі літоўскі, кашталян троцкі; ∞1) Эльжбета з Гаштольдаў, ∞2) Багдана з Лукомскіх, ∞2) Ганна з Кішак
  • 1.1.4. Войцех (1476—1519), біскуп луцкі, біскуп віленскі
  • 1.1.5. Юрый (Ежы) (1480—1541), кашталян віленскі, велікі гетман літоўскі; ∞1) Барбара з Кішак, ∞2) Барбара з Колаў

4 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1.1.1. Ян (пам. 1542), падчашы літоўскі, староста жамойцкі; ∞ Ганна з Касцевічаў
  • 1.1.1.2. Мікалай (пам. 1529), біскуп жамойцкі
  • 1.1.1.3. Станіслаў (пам. 1531), староста ушпольскі; ∞ Магдалена з Бонераў (шлюб бяздетны)
  • 1.1.1.4. Соф'я; ∞ Ян Забярэзінскі
  • 1.1.1.5. Алена; ∞ Юрый Алелькавіч
  • 1.1.1.6. Эльжбета; ∞ Януш Гальшанскі
  • 1.1.3.1. Ганна; (пам. 1554) ∞ Мікалай Кезгайла
  • 1.1.3.2. Соф'я; ∞ Шчасны Іллініч
  • 1.1.3.3. Мікалай «Чорны» (1515—1565), маршалак земскі літоўскі, канцлер літоўскі, ваявода віленскі; ∞ Эльжбета з Шыдлоўскіх
  • 1.1.3.4. Ян (1516—1561), краўчы літоўскі; ∞1) Эльжбета з Фрэдраў, ∞2) Эльжбета з Гербутаў
  • 1.1.5.1. Мікалай «Руды» (1512—1584), ваявода троцкі, вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі, канцлер літоўскі; ∞ Катажына з Івінскіх
  • 1.1.5.2. Ганна; (1516—1556); ∞1) Пётр Кішка, ∞2) Сямён Гальшанскі

5 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1.3.3.1. Мікалай-Крыштаф «Сіротка» (1549—1616), I ардынат нясвіжскі; маршалак надворны вялікі літоўскі, ваявода троцкі, ваявода віленскі; ∞ Эльжбета-Еўфімія з Вішнявецкіх
  • 1.1.3.3.2. Эльжбета (1550—1591); ∞ Мікалай Мялецкі
  • 1.1.3.3.3. Соф'я (1552—1599); ∞ Акацый Чэма (Achacy Czema)
  • 1.1.3.3.4. Ганна (1553—1590); ∞ Мікалай Твароўскі
  • 1.1.3.3.5. Ежы (1556—1600), біскуп віленскі, губернатар інфлянцкі, кардынал, біскуп кракаўскі
  • 1.1.3.3.6. Альбрэхт (1558—1592), I ардынат клецкі; маршалак надворны вялікі літоўскі; ∞ Анна з Кетлераў
  • 1.1.3.3.7. Станіслаў (1559—1599), I ардынат алыцкі; маршалак вялікі літоўскі, староста жамойцкі; ∞ Марына з Мышкаў
  • 1.1.3.3.8. Крысціна (1560—1580); ∞ Ян Замойскі
  • 1.1.5.1.1. Мікалай (1543—1589), лоўчы літоўскі, ваявода новагародскі; ∞1) Аляксандра з Вішнявецкіх, ∞2) Алена з Глябовічаў
  • 1.1.5.1.2. Барбара (пам. немаўлацем)
  • 1.1.5.1.3. Крыштаф «Пярун» (1547—1603), гетман польны літоўскі, кашталян троцкі, падканцлер літоўскі, ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі; ∞1) Анна з Собкаў, ∞2) Кацярына з Астрожскіх, ∞3) Кацярына з Цяшынскіх, ∞4) Эльжбета з Астрожскіх

6 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1.3.3.1.1. Ян Ежы (1588—1625), II ардынат нясвіжскі; кашталян троцкі; ∞ Элеанора з Астрожскіх (шлюб бяздетны)
  • 1.1.3.3.1.2. Эльжбета (1589—1618); ∞1) Габрыель Цяшынскі, ∞2) Крыштаф Кішка
  • 1.1.3.3.1.3. Альбрэхт Уладзіслаў (1589—1636), III ардынат нясвіжскі; кашталян троцкі; ∞1) Ганна з Сапегаў, ∞2) Ганна з Зяновічаў
  • 1.1.3.3.1.4. Мікалай (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.1.5. Крыштаф Мікалай (1590—1607, у Балоньі падчас вучобы)
  • 1.1.3.3.1.6. Жыгімонт Караль (1591—1642), IV ардынат нясвіжскі; кавалер мальтыйскі, ваявода новагародскі; (бяздетны)
  • 1.1.3.3.1.7. Катажына (1593—1600)
  • 1.1.3.3.1.8. Крысціна (1593—1599)
  • 1.1.3.3.1.9. Аляксандр Людвік (1594—1654), V ардынат нясвіжскі; ваявода берасцейскі, маршалак надворны вялікі літоўскі, ваявода полацкі; ∞1) Тэкля з Валовічаў, ∞2) Яўгенія-Катажына з Тышкевічаў (разведзеныя), ∞3) Лукрэцыя-Марыя з Строзіч
  • 1.1.3.3.6.1. Ганна (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.6.2. Катажына (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.6.3. Барбара; ∞ Мікалай Кішка
  • 1.1.3.3.6.4. Ян Альбрэхт (1591—1626), II ардынат клецкі; староста ўпіцкі; ∞ Лавінія з Карэцкіх
  • 1.1.3.3.7.1. Станіслаў (пам. 1590)
  • 1.1.3.3.7.2. Ежы (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.7.3. Эльжбета (1582—1627); ∞1) Андрэй Сапега, ∞2) Мікалай Завіша
  • 1.1.3.3.7.4. Мікалай Крыштаф (1589—1614), II ардынат алыцкі; (бяздетны)
  • 1.1.3.3.7.5. Альбрэхт-Станіслаў (1593—1656), III ардынат алыцкі; ∞1) Рэгіна фон Айзенрайх, ∞2) Крысціна з Любамірскіх (шлюбы бяздетныя)
  • 1.1.3.3.7.6. Крысціна (1598—1657, Нясвіжскі кляштар бенедыктынак)
  • 1.1.5.1.1.1. Ежы (1578—1613), кашталян троцкі; ∞1) Соф'я з Збароўскіх (дзеці пам. немаўл.)
  • 1.1.5.1.1.2. Соф'я; ∞1) Ежы Хадкевіч, ∞2) Крыштаф Дарагастайскі
  • 1.1.5.1.1.3. Ян (пам. дзіцём)
  • 1.1.5.1.1.4. Катажына; ∞1) Мікалай Нарушэвіч, ∞2) Пётр Гарайскі
  • 1.1.5.1.1.5. Вацлаў (пам. дзіцём)
  • 1.1.5.1.3.1. Барбара (пам. дзіцём)
  • 1.1.5.1.3.2. Мікалай (пам. дзіцём)

7 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1.3.3.7.5.1. Мікалай Францішак (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.7.5.2. Катажына (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.7.5.3. Ян (1619—1628)
  • 1.1.3.3.7.5.4. Эльжбэта Анастасія (1624—1688, у кляштары)
  • 1.1.3.3.7.5.5. Канстанцыя Соф'я (Каломба; 1635—1687, у кляштары)
  • 1.1.3.3.1.9.1. Мікалай Крыштаф (пам. немаўлацем)
  • 1.1.3.3.1.9.2. Ганна Еўфімія (1628—1663); ∞ Станіслаў Дэнгаф
  • 1.1.3.3.1.9.3. Альбрэхт (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.1.9.4. Ежы (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.1.9.5. Эльжбета (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.1.9.6. Міхал Казімір (1635—1680), VI ардынат нясвіжскі, IV ардынат алыцкі; ваявода валынскі, падканцлер літоўскі, польны гетман літоўскі; ∞ Катажына з Сабескіх
  • 1.1.3.3.1.9.7. Іаана Катажына (1637—1664); ∞1) Якуб Вельнер, ∞2) Багуслаў Ляшчынскі
  • 1.1.3.3.1.9.8. Ян (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.1.9.9. Францішак (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.1.9.10. Людвік (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.1.9.11. Элеанора (пам. дзіцём)
  • 1.1.3.3.1.9.12. Цэцылія Марыя (1645—1682); ∞ Мікалай Геранім Сяняўскі
  • 1.1.3.3.1.9.13. Дамінік Мікалай (1653—1697), V ардынат клецкі; падскарбі надворны літоўскі, канцлер літоўскі; ∞1) Ганна з Палубінскіх, ∞2) Ганна з Любамірскіх
  • 1.1.3.3.6.4.1. Ян Уладзіслаў (1620—1662), староста ўпіцкі; (бяздетны)
  • 1.1.3.3.6.4.2. Міхал Караль (пам. 1656), III ардынат клецкі; падчашы літоўскі; ∞ Ізабела з Сапегаў
  • 1.1.3.3.6.4.3. Ганна (пам. 1659); ∞ Ян Уладзіслаў Сангушка
  • 1.1.5.1.3.3.1. Эльжбета Элеанора (1615—1633)
  • 1.1.5.1.3.3.2. Соф'я Агнешка
  • 1.1.5.1.3.3.3. Ян Ежы (пам. немаўлацем)
  • 1.1.5.1.3.3.4. Багуслаў (1620—1669), канюшы літоўскі, генеральны губернатар Прускага герцагства; Ганна-Марыя з Радзівілаў (дачка Януша Радзівіла, вял. гетм. літ.)
  • 1.1.5.1.3.5.1. Мікалай (пам. дзіцём)
  • 1.1.5.1.3.5.2. Ежы (пам. дзіцём)
  • 1.1.5.1.3.5.3. Эльжбета (пам. дзіцём)
  • 1.1.5.1.3.5.4. Стэфан (пам. дзіцём)
  • 1.1.5.1.3.5.5. Януш (1612—1655), ваявода віленскі, вялікі гетман літоўскі; ∞1) Катажына з Патоцкіх, ∞2) Марыя з Лупаў
  • 1.1.5.1.3.5.6. Катажына (1613—1632); ∞ Ежы Караль Глябовіч

8 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1.3.3.1.9.6.1. Караль Станіслаў (1669—1719), вялікі канцлер літоўскі, падканцлер літоўскі, вялікі канюшы літоўскі, вялікі стольнік літоўскі, віленскі цівун.
  • 1.1.3.3.1.9.13.1. Ян Мікалай Аляксандр (1681—1729) крайчы ВКЛ, кашталян віленскі, ваявода навагрудскі ∞ Генрыка Дарота Пшэбендоўская
  • 1.1.3.3.1.9.13.2. Мікалай Фаўстын Радзівіл (1688—1746) чашнік вялікі літоўскі, мечнік вялікі літоўскі, ваявода наваградускі ∞ Барбара Францішка з роду Завішаў

9 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

10 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1.3.3.1.9.6.1.1.1. Караль Станіслаў «Пане Каханку» (1734—1790), ваявода віленскі, стараста львоўскі, мечнік вялікалітоўскі, X ардынат на Нясвіжы, VIII ардынат на Алыцы.
  • 1.1.3.3.1.9.6.1.1.2. Геранім Вiнцэнт (1759—1786), стараста менскi.
  • 1.1.3.3.1.9.13.2.1.1. Міхал Геранім (1744—1831), кашталян віленскі, апошні віленскі ваявода ∞ Алена Пшаздзецкая
  • 1.1.3.3.1.9.13.2.1.2. Юзаф Мікалай (1736—1813), ваявода троцкi, кашталян троцкі, вялікі пісар літоўскі і ваявода менскі.
  • 1.1.3.3.1.9.13.2.1.3. Антоній Мікалай (1741—1778).

11 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

  • 1.1.3.3.1.9.6.1.1.2. Дамiнiк Геранім (1786—1813)
  • 1.1.3.3.1.9.13.2.1.1.1. Антоні Генрых (1775—1833)
  • 1.1.3.3.1.9.13.2.1.1.2. Міхаіл Гедыон (1778—1850)

12 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

13 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

14 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

15 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

16 пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Bajer Peter Paul. Een korte geschiedenis van de familie-Radziwill: Rijkdom, invloed en prestige // «Oost-Europa Verkeningen», Amsterdam, Holland: Instituut voor Publiek en Politiek. December, 2000, P. 39-53. (англ. перакл. аўт: Bajer P.P. Short history of the Radziwill Family);
  • Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachta polska w Horodle roku 1413 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. Poznan, 1989. Z. 3;
  • Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
  • Radzivił family // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.

Зноскі

  1. http://www.zvyazda.minsk.by/ru/archive/article.php?id=94456&idate=2012-03-13 І. Капылоў // Звязда. 13 сакавiка 2012

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]