Ігнат Сцябельскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ігнат Сцябельскі
Герб
Герб «Астоя»
Вікарый Полацкага базыльянскага манастыра
Царква Грэка-Каталіцкая Царква

Дзейнасць гісторык
Нараджэнне каля 1748
Смерць не раней за 1805
Прыняцце манаства каля 1765

Ігнат Сцябельскі (польск.: Ignacy Stebelski, руск.: Игнатий Стебельский; каля 1748, Валынскае ваяводства — пасля 1805, магчыма ва Уладзіміры-Валынскім)[1] — царкоўны гісторык, базыльянін.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў са шляхецкага роду гербу «Астоя».[2] Каля 1765 г. прыняў манаства ў ордэне базыльян. Пасвечаны на святара. У 1770-я гады займаў пасаду вікарыя (намеснік ігумена) Полацкага базыльянскага манастыра.[1] 17 мая 1778 г. выступіў з урачыстым казаннем у Полацкім Сафійскім саборы з нагоды ўтварэння Полацкага намесніцтва ў прысутнасці генерал-губернатара Захара Чарнышова і уніяцкага полацкага архіепіскапа Ясона Смагаржэўскага. Каля 1780 г. пакінуў Полацк і пераехаў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У 1783 г. жыў у Жыровіцкім манастыры. З 1785 г. выконваў абавязкі намесніка ігумена гэтага манастыра, ад якіх быў вызвалены ў гэтым жа годзе з-за хваробы. Апошнія гады жыцця правёў верагодна ў базыльянскім манастыры ва Уладзіміры-Валынскім.[3][4]

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Даследаваў гісторыю праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў, ордэна базыльян на тэрыторыі ВКЛ. Пісаў на польскай мове. Аўтар трылогіі: «Два вялікія светачы на полацкім гарызонце…» (Вільня, 1781), «Храналогія, або Дакладна па гадах сабраныя значнейшыя ў Кароне Польскай і Вялікім княстве Літоўскім, а менавіта на Белай Русі ў Полацку падзеі і перавароты…» (Вільня, 1782), «Дадатак да храналогіі» (Вільня, 1783).

Пры падрыхтоўцы працы карыстаўся разнастайнымі крыніцамі і літаратурай, як апублікаванымі, так і рукапісамі з архіваў базыльянскіх манастыроў. Склаў гістарыяграфічны агляд прац па царкоўнай гісторыі Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага, у які ўвайшлі творы 76 аўтараў. У першай частцы трылогіі змясціў пераказы жыццяпісаў Святых Ефрасінні Полацкай і Параскевы Полацкай з вялікімі каментарыямі з палітычнай і царкоўнай гісторыі Полацкага княства ХІ-XIII ст. Апісаў Крыж Ефрасінні Полацкай, Барысавы камяні. Даў звесткі пра абраз Маці Божай Эфескай у Полацкім Спаскім манастыры. Другая частка трылогіі прысвечана хроніцы жыцця Полацкага Спаскага манастыра з сярэдзіны XIII ст. да 1780 г. у шырокім кантэксце гісторыі праваслаўнай і уніяцкай цэркваў ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. У трэцяй частцы у храналагічным парадку прыведзены кароткія біяграфіі праваслаўных і ўніяцкіх мітрапалітаў, епіскапаў, архіепіскапаў Кіеўскай мітраполіі; даецца пералік базыльянскіх кангрэгацый, протаархімандрытаў, генеалогія князёў Астрожскіх, а таксама тэкст камісарскага прысуду ад 23 студзеня 1624 года ў справе пакарання забойцаў архібіскупа Іасафата Кунцэвіча і прамова Ігната Сцябельскага ў Полацку ў 1778 на ўтварэнне Полацкага намесніцтва.

З-за уніяцкай пазіцыі аўтара трылогія была непрыхільна сустрэта ў дзяржаўных колах Расійскай імперыі і праваслаўным духавенствам.[5]

Ігнат Сцябельскі да канца жыцця працаваў над дапаўненнем і ўдакладненнем свайго галоўнага твора. Рукапіс, які застаўся пасля яго смерці, быў апублікаваны ў 1875 г. ў Кракаве польскім гісторыкам і педагогам Уладзіславам Серадзінскім пад тытулам «Астанія працы Сцябельскага». У яго ўвайшлі біяграфіі праваслаўных і ўніяцкіх мітрапалітаў, епіскапаў, архіепіскапаў, даведзеныя 1805 г., спіс базыльянскіх кангрэгацый 1617—1780 і іх пастановы, пералік протаархімандрытаў (1612—1802) і архімандрытаў базыльянскіх манастыроў з пазначэннем гадоў кіравання, радавод Солтанаў — фундатараў Жыровіцкага манастыра.

Працы Ігната Сцябельскага маюць вялікае значэнне для вывучэння гісторыі праваслаўнай і уніяцкай цэркваў на тэрыторыі Беларусі.

Працы[правіць | правіць зыходнік]

  • Dwa Wielkie Swiatła Na Horyzoncie Połockim Z Cieniow Zakonnych Powstające, Czyli Zywoty SS. Panien Y Matek Ewfrozyny Y Parascewii, Zakonnic y Hegumeniy, Pod Ustawą S. O. Bazylego W. w Monastyrze S. Spasa za Połockiem żyjących, z Chronologią y Przydatkiem Niektórych Służących do tego Pożytecznych Krajowych Wiadomości, z Rozmaitych Dziejopisow y Pism zebranych, Przez X. W. Ignacego Stebelskiego Zakonu S. Bazylego W. Prowincyi Litew: Okazane, Y za Pozwoleniem Zwierzchności do Druku Podane Roku Pańskiego 1781. Tomik I. W Wilnie w Drukarni Bazylianskiey. {1781}. (2-е выд. Lwòw, 1866)
  • Chronologia, albo porządne według lat zebranie znacznieyszych w Koronie Polskiey y w Wiel. Xięstwie Litew. a mianowicie na Białey Rusi w Połocku dziejow y rewolucyi, zwłaszcza tych, które się tyczą tak starodawnego Monastyru S. Spasa za Połockiem, niegdyś przez SS. Panny y Matki Ewfrozynę i Parascewię Hegumenie rządzonego, iako też teraznieyszego Klasztoru na Zamku Połockim założonego. Przez W. X. Ignacego Stebelskiego… Tomik II. W Wilnie w Drukarni Bazylianskiey. 1782. (2-е выд. Lwòw, 1867)
  • Przydatek do Chronologii to iest, rzeczy te, które w poprzedzaiących dwóch tomikach częstokroc się namieniały, a przez obszerność swoią umieścić się wygodnie tamże nie mogły. Tu zręcznie przez samego Autora W. X. Ignacego Stebelskiego Zakonu św. Bazylego Wielkiego prowincyi Litewskiey położone i za pozwoleniem Zwierzchności do druku podane.. W Wilnie w Drukarni Bazylianskiey Roku Pańskiego 1783.(2-е выд. Lwòw, 1867)
  • Ostatnie Stebelskiego prace, Wyd. W. Seredyński. // Scriptores Rerum Polonicarum. — T. IV. — Cracoviae, 1878. — S. 263—368.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Dorta Wereda. Stebelski Ignacy.// Polski Słownik Biograficzny. — T. XLIII. — Krakòw, 2004—2005. — S.36.
  2. http://gajl.wielcy.pl/ Tadeusz Gajl. Herbarz Polski
  3. Dorta Wereda. Stebelski Ignacy. // Polski Słownik Biograficzny. — T. XLIII. — Krakòw, 2004—2005. — S.36.
  4. Ostatnie Stebelskiego prace, Wyd. W. Seredyński. // Scriptores. Rerum Polonicarum. — T. IV.- Cracoviae, 1878 — S. 265
  5. Zelman Igel.Przedmowa do wydania drugiego // Stebielski Ignacy. Dwa Wielkie Swiatła Na Horyzoncie Połockim.- Lwòw, 1866. — S.3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пазднякоў В. Сцябельскі Ігнат // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя.- Т. 2. — Мінск, 2005. — С. 648.
  • Krawczyk A. Polskie tłumaczenie Żywotu świętej Efrozyny wraz z krytycznym komentarzem // Матэрыялы Трэціх Міжнародных Кнігазнаўчых чытанняў «Кніга Беларусі: Повязь часоў». (Мінск, 16—17 верасня 2003 г.). Мн., 2005.
  • Wojnar M. M. Basilian scholars and publishing houses (XVII—XVIII) // Записки Чина Св. Василія Великого. — Том. 9 — Вип. 1 — 4. — Рим. 1974. — Стар. 82 — 83.
  • J. M. G. Stebelski Ignacy // Podręczna encyklopedya kościelna. — T. ХXXVII—ХXXVIII. — Warszawa, 1913. — S. 116.