Іўдаізм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Іудаізм)
Атрыбуты іўдаізму

Іўдаі́зм[1][2], або Юдаі́зм — найбольш ранняя агульнавядомая монатэістычная рэлігія[3] і найбольш старажытная з захаваных да цяперашняга часу[4], узнікла ў II тыс. да н.э. у Палесціне. У больш шырокім сэнсе ёсць рэлігійным, нацыянальным і этычным светапоглядам яўрэйскага народа, сярод якога ў асноўным і распаўсюджаны. Колькасць вернікаў складае каля 13,2 млн[5], з іх каля 1/3 — у ЗША.

Вернікі вераць у Яхвэ (адзінага Бога, Творцу і Уладара сусвету), неўміручасць душы, замагільнае жыццё, будучы прыход месіі, богаабранасць яўрэйскага народа (ідэя «запавету» — саюза, дамовы народа з Богам, у якім народ выступае як носьбіт чароўнага адкрыцця). Канон святых кніг уключае Тору («Пяцікніжжа Майсея»), кнігі прарокаў і г.зв. Пісанні. Розныя тлумачэнні і каментарыі канону сабраныя ў Талмудзе. У іўдаізме распаўсюджаныя містычныя вучэнні (кабала, хасідызм).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]


Рэлігія

P religion world.svg

Формы рэлігійнай свядомасці

Монатэізм · Політэізм  · Дэізм · Тэізм  · Ітсізм · Пантэізм

Сусветныя рэлігіі

Будызм · Хрысціянства  · Іслам ·

Аўраамічныя рэлігіі

Іўдаізм · Хрысціянства · Іслам  · Бахаі

Дхармічныя рэлігіі

Індуізм · Джайнізм · Сікхізм · Будызм

Традыцыйныя рэлігіі Далёкага Усходу

Даасізм · Канфуцыянства · Сінтаізм

Асноўныя паняцці

Бог · Душа · Грэх  · Сакральнасць · Дух · Вера  · Догма · Свяшчэнныя пісанні  · Жыццё пасля смерці  · Абрад  · Храм

Спіс рэлігій  · Партал:Рэлігія

г · р

Тэрмін паходзіць ад назвы яўрэйскага племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўрэскіх плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы ХІ ст. да н.э. стала пануючым. Іўдаізм адыграў галоўную ролю ў станаўленні старажытнай дзяржавы — Ізраільска-Іўдзейскага царства (X ст. да н.э.). Цэнтрам іўдаізму ў I тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд Другога Храма найбольш поўным выражэннем іўдаізму стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэлігійнае жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рымскага прыгнёту (І ст. да н.э. — І ст. н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання Другога Храма рэлігійнае жыццё іўдзеяў засяродзілася вакол сінагог, рэлігійнымі кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі.

Да V ст. склалася другая па значэнні крыніца іўдаізму — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэлігійна-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. 3 пашырэннем хрысціянапва (з IV ст. дзяржаўная рэлігія Рымскай імперыі) і ісламу (VII ст.), якія бяруць пачатак у іўдаізме, узнік іх канфлікт: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне іўдаізму; тыя, са свайго боку, ставіліся да іўдаізму як да нейкага гістарычнага рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У ХІХ ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу заходнееўрапейскіх краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці іўдаізму і інтэграцыяй у навакольнае культурнае асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у іўдаізме, адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны іўдаізм; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выстунае кансерватыўны іўдаізм; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) іўдаізм.

У рэлігіязнаўстве прынята адрозніваць у развіцці іўдаізму тры гістарычных перыяды: храмавы (у перыяд існавання Іерусалімскага храма), талмудысцкі і рабінастычны (з VI стагоддзя па цяперашні час)[6]. Сучасны артадаксальны іўдаізм склаўся на аснове руху фарысеяў (прушым), які ўзнік у эпоху росквіту Макавеяў (2 стагоддзе да н.э.). У сучасным іўдаізме няма адзінага і агульнапрызнанага інстытута альбо асобы, якая мае аўтарытэт крыніцы права, настаўніцтва ці ўлады. Крыніцы права (Галах) сучаснага артадаксальнага іўдаізму ёсць Танах (Пісьмовая Тора) і Талмуд (Вусная Тора). Галах рэгулюе, у прыватнасці, тыя сферы жыцця яўрэяў, якія ў іншых прававых сістэмах рэгулююцца крымінальным, грамадзянскім, сямейным, карпаратыўным і звычайным правам.

Сімвалы[правіць | правіць зыходнік]

У істотным сэнсе, сімвалічнае значэнне ў іўдаізме маюць малітва Шма і захаванне шабата і кашрута, нашэнне галаўнога ўбору кіпы[7]. Адзін са знешніх знакаў іўдаізму з XIX стагоддзя — шасціканцовая Зорка Давіда[8]. Больш старажытным сімвалам іўдаізму з’яўляецца сямісвечнік менора, які, згодна з Бібліяй і традыцыяй, стаяў у Скініі і Іерусалімскім храме. Дзве размешчаныя побач прамавугольныя скрыжалі з закругленай верхняй гранню таксама з’яўляюцца сімвалам іўдаізму, часцяком сустракаючыся ў арнаменце і дэкарацыях сінагог. Часам на скрыжалях выгравіраваны дзесяць запаветаў, у поўнай альбо скарочанай форме, альбо 10 першых літар яўрэйскага алфавіта, служачых для сімвалічнай нумарацыі запаветаў.

Біблія таксама апісвае сцягі кожнага з дванаццаці каленаў. Паколькі традыцыйна лічыцца, што сучасныя яўрэі, у асноўным паходзяць з калена Іуды і існавалага на яго тэрыторыі Іўдзейскага царства, леў ёсць сімвал гэтага племені, а таксама з’яўляецца адным з сімвалаў іўдаізму. Часам леў малюецца з царскім скіпэтрам — знакам царскай улады, якой надзяліў гэта калена ў сваім прароцтве прабацька Якаў. Таксама сустракаюцца выявы двух ільвоў, па абодва бакі ад скрыжаляў, як быццам стаючы на варце запаветаў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Баршчэўская, А. Л., Баршчэўскі, Л. П. Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы / Аўт.-склад А. Л. Барчшэўская, Л. П. Баршчэўскі. — 2-е выд. — Мінск.: Радыёла-плюс, 2011. — 560 с.
  2. Слоўнік беларускай мовы / Нац. акадэмія навук Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад. Н. П. Еўсіевіч [і інш.]; навук. рэд. А. А. Лукашанец, В. П. Русак. — Мінск : Беларуская навука, 2012. — 916 с. — ISBN 978-985-08-1365-7
  3. BBC — Religion & Ethics — Judaism (англ.)
  4. The 3 Monotheistic Religions — Essays — Noel12(недаступная спасылка) (англ.)
  5. Паводле ацэнак.
  6. Іўдаізм Архівавана 14 красавіка 2006. на сайце «Мір рэлігій»
  7. Артыкул «Субота» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
  8. Артыкул «Маген Давід» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Іўдаізм // БЭ ў 18 т. Т. 7. Мн., 1998.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]